Каб стаць удзельнікамі польскай праграмы па фінансаванні лячэння бясплоддзя, не абавязкова быць грамадзянамі Польшчы. Дзяржава фінансуе не ўвесь цыкл ЭКА, але пакрывае выдаткі на асноўныя працэдуры. Праграмы адрозніваюцца ў залежнасці ад горада. Аб тым, як атрымаць падтрымку ў лячэнні і хто мае права ей скарыстацца, для Hrodna.life распавяла Вікторыя Заварухіна — каардынатарка замежных пацыентаў у клініцы Bocian.

Кожны горад у Польшчы самастойна вырашае, як і на якую суму будзе фінансаваць праграмы ЭКА. Агульнапольскай праграмы фінансавання на дадзены момант няма.

«Дзесьці гадоў 10 таму была такая агульнапольская праграма. Жыхары Польшчы з любога горада маглі скарыстацца суфінансаваннем праграмы ЭКА, а зараз не. Улады кожнага канкрэтнага горада вырашаюць, ці будуць яны фінансаваць, ці не».

Зараз у праграме ўдзельнічаюць 15 гарадоў Польшчы. Даведацца аб мясцовых праграмах можна на гарадскіх сайтах або на польскай версіі сайта клінікі Bocian ва ўкладцы «Dofinansowanie».

Разгледзім на прыкладзе Варшавы, як рэалізуецца праграма падтрымкі ЭКА ў Польшчы.

Якія ёсць умовы для пацыента

Варшаўская праграма фінансуе тры поўныя спробы ЭКА. Але каб скарыстацца імі, трэба выканаць некалькі ўмоў.

Умова першая — дзяржаўная страхоўка

Першая і самая галоўная ўмова — у пацыентаў павінна быць дзяржаўная страхоўка. Гэта значыць яны (ці іх працадаўца) павінны плаціць у Польшчы ўнёскі ў ZUS (Zakład Ubezpieczeń Społecznych — аналаг беларускага ФСАН). Пры гэтым не важна грамадзянства і форма легалізацыі на тэрыторыі Польшчы.

Умова другая — жыць у Варшаве

Другая ўмова — каб скарыстацца варшаўскай праграмай, пара павінна павінна пражываць толькі ў Варшаве апошнія два гады і мець доказы аб гэтым.

«Мы як клініка гэтага не правяраем. Гэта значыць, нам дастаткова, што пацыенты да нас прыйдуць, падпішуць дакумент аб тым, што яны жывуць у Варшаве два гады. Але калі раптам будзе нейкая праверка з боку горада, калі раптам горад запатрабуе нейкі доказ, то можна падаць, напрыклад, дамову арэнды жылля. Можна паказаць, што вы працавалі ў Варшаве і плацілі тут падаткі. Нават суседзі-сведкі могуць быць: што вы пражывалі ў Варшаве, недзе здымалі кватэру, гэтага таксама будзе дастаткова. Самае галоўнае, каб былі нейкія доказы», — тлумачыць Вікторыя.

лячэнне бясплоддзя ў Польшчы - якія ёсць праграмы дзяржаўнага фінансавання і падтрымкі
Фота ілюстрацыйнае з сайта клінікі Bocian у Варшаве

Умова трэцяя — узрост

Трэцяй важнай умовай для дзяржаўнага фінансавання з’яўляецца ўзрост жанчыны. «Скарыстацца праграмай можна да 40 гадоў, і каб узровень гармону АМГ [Антымюлераў гармон, які паказвае рэзерв яечнікаў] быў вышэйшы за 0,7», — тлумачыць Вікторыя Заварухіна. Рэч у тым, што горад фінансуе працэдуры, у якіх можа быць паспяховы зыход. А большы аварыяльны рэзерв павялічвае шанцы.

Для мужчын узроставых абмежаванняў няма. Ніжні парог вызначаюць у розных клініках па-рознаму: некаторыя праграмы дазваляюць скарыстацца фінансаваннем ад 18 гадоў, некаторыя — ад 20, некаторыя — ад 25 гадоў. Гэта можна ўдакладняць на сайтах клінікі ці горада.

Чытайце таксама: Якія існуюць формы лячэння бясплоддзя?

Ці могуць беларускі і беларусы разлічваць на фінансаванне?

Скарыстацца праграмай могуць не толькі людзі з польскім грамадзянствам. У клініцы Bocian шмат пацыентаў з Украіны, з Беларусі, якія жывуць у Польшчы працяглы час — і таксама карыстаюцца падтрымкай. Самае галоўнае — плаціць падаткі і мець дзяржаўную медыцынскую страхоўку.

Па словах Вікторыі, нават не абавязкова мець карту побыту: такое забеспячэнне можна мець і па працоўнай візе.

Колькі каштуе ЭКА ў Польшчы?

Увесь кошт працэдуры ЭКА складае прыкладна ад 13 да 15 тысяч злотых. Сюды ўваходзіць сама праграма экстракарпаральнага апладнення, прыёмы ўрача, неабходныя аналізы. З боку дзяржавы фінансуюцца менавіта сама працэдура апладнення. Гэта самыя дарагія элементы праграмы ЭКА — усе эмбрыялагічныя працэдуры, культываванне эмбрыёнаў.

«Працэс апладнення, працэс развіцця эмбрыёнаў, працэс падсаджвання — гэта ўсё фінансуецца дзяржавай, а таксама замарозка эмбрыёнаў», — тлумачыць Вікторыя. Сумы могуць не моцна адрознівацца па Польшчы, але ў сярэднім размова ідзе аб 5−6 тысяч злотых дапамогі з боку дзяржавы. Прыём і аналізы пацыенты аплачваюць самастойна.

Чытайце таксама: Чаму важна сачыць за рэпрадуктыўным здароўем

Таксама можна разлічваць на падтрымку ад гарадскіх уладаў на замарозку яйкаклетак. Напрыклад, калі ў жанчыны рак, і яна хоча замарозіць яйкаклеткі перад пачаткам хіміятэрапіі. У Варшаве на такую ​​працэдуру вылучаюць 3600 злотых.

«Жанчына, у якой ёсць праблемы, у якой ёсць рак, і яна хацела б у будучыні мець дзяцей — яна можа таксама скарыстацца фінансаваннем з боку дзяржавы», — тлумачыць Вікторыя.

лечение бесплодия в Польше: здесь процедура ЭКО возможна с государственным финансированием и поддержкой
Фота ілюстрацыйнае з сайта клінікі Bocian у Варшаве

А вось для мужчын асобных праграм падтрымкі па лячэнні няплоднасці няма. Па словах Вікторыі, гэтая працэдура не такая дарагая, і мужчыну неабходна толькі прыйсці ў клініку і здаць матэрыял. Тады як жанчыне стымулююць яечнікі, робяць пункцыю і забіраюць яйкаклеткі пад знячуленнем. За кошт гэтага замарозка яйкаклетак каштуе даражэй.

«У выпадку мужчын усё нашмат лягчэй і нашмат танней, гэта іншыя сумы. У нашай клініцы каля 1000 злотых каштуе замарозка матэрыялу і год захоўвання», — расказвае Вікторыя.

Як скарыстацца дзяржаўнай падтрымкай?

Усе папяровыя пытанні вырашае клініка: там разлічваюць кошт ЭКА для кожнай асобнай пары і з гэтай сумы адымаюць фінансаванне ад дзяржавы. Пацыенты аплачваюць ужо выніковую суму. Так працуе большасць клінік.

«Пацыенты прыходзяць у клініку на першасную кансультацыю. Калі яны пасуюць па ўсіх параметрах, выконваюць усе ўмовы, і ў нас у клініцы яшчэ ёсць месцы на гэтую праграму, тады яны проста ў клініцы падпісваюць дакументы. Мы іх ужо там далей перадаем у патрэбныя інстанцыі, і нікуды пацыентам не трэба хадзіць».

Каму паказана працэдура ЭКА?

У Польшчы, каб пачаць ЭКА, павінны быць канкрэтныя паказанні. Напрыклад, адсутнасць маткавых труб у жанчыны, крытычныя параметры спермы ў мужчыны, няўдалыя папярэднія лячэнні.

«Напрыклад, калі ў пары былі 2−3 спробы інсемінацыі ў мінулым, яны былі няўдалымі, тады гэта ўжо прамое паказанне да працэдуры ЭКА», — тлумачыць Вікторыя. Для маладой і здаровай пары лекары прапануюць іншыя спосабы — таннейшыя, не такія працяглыя і больш бяспечныя для здароўя.

«Заўсёды спрабуюць такія больш простыя метады перад тым, як прыйсці ўжо да самага складанага метаду — да працэдуры ЭКА».