Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года рэпрэсіі закранулі прадстаўнікоў ці не ўсіх частак грамадства. Асобная хваля рэпрэсій прайшла ў рэлігійнай сферы. У праваслаўных цэрквах здымалі з пасадаў святароў, а мітрапаліта каталіцкай царквы ўвогуле не ўпускалі ў Беларусь. Святароў рэпрэсуюць і зараз. Hrodna.life узгадаў, як гэта выглядала на Гродзеншчыне, і спытаў у тэалагіні і паліталагіні Наталлі Васілевіч, колькі ў краіне незадаволеных святараў і што ім рабіць далей.

“Імідж для царквы важны, але яго ствараюць для рэжыму”. Як рэпрэсуюць святароў і што гэта значыць для вернікаў
Рэпрэсіі супраць царквы. Ілюстрацыя: Hrodna.life

Гэты матэрыял падрыхтаваны дзякуючы вашай падтрымцы на Patreon

Hrodna.life працуе для вас. Калі вам падабаецца наша выданне, калі ласка, падтрымайце нас, стаўшы падпісчыкамі на Patreon. Гэта дазволіць нам рыхтаваць яшчэ больш цікавых аўтарскіх матэрыялаў.

Лукашэнка: «Святары, пасталейце»

Пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года ў Гродне адбыўся праўладны мітынг з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. У час выступу ён звярнуўся да святароў: «Мяне здзіўляе пазіцыя нашых канфесій. Дарагія мае святары, пасталейце і займіцеся сваёй справай. У храмы людзі павінны прыходзіць маліцца! Цэрквы, касцёлы — не для палітыкі». Таксама ён папярэдзіў, што «дзяржава з абыякавасцю на гэта глядзець не будзе».

“Імідж для царквы важны, але яго ствараюць для рэжыму”. Як рэпрэсуюць святароў і што гэта значыць для вернікаў
Аляксандр Лукашэнка на мітынгу ў Гродне 22 жніўня 2021 года. Скрыншот: RT

Абвінавацілі каталіцкую царкву ў антыдзяржаўнай прапагандзе

Праз дзевяць дзён пасля выступу Лукашэнкі ў Гродне, 31 жніўня 2020 года, мітрапаліта мінска-магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча не ўпусцілі ў Беларусь пасля паездкі ў Польшчу. Памежнікі аргументавалі гэта тым, што яго беларускі пашпарт нібыта не сапраўдны.

Лукашэнка тады абвінаваціў Кандрусевіча і ўсю каталіцкую царкву ў антыдзяржаўнай прапагандзе. У Беларусь Кандрусевіч вярнуўся толькі 24 снежня 2020 года, але праз 10 дзён сышоў у адстаўку.

“Імідж для царквы важны, але яго ствараюць для рэжыму”. Як рэпрэсуюць святароў і што гэта значыць для вернікаў
Тадэвуш Кандрусевіч. Крыніца: catholic.by

«Рэпрэсіі супраць святароў - справа не новая»

Тэалагіня Наталля Васілевіч у размове з Hrodna.life расказала, што рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў розных канфесій адбываліся ў Беларусі і раней. Але яны не насілі адкрытага, масавага і сістэмнага характара.

«Вядомыя выпадкі ціску на святароў праз кіраўніцтва цэркваў: калі пэўнага святара прымушалі маўчаць ці адпраўлялі ў камандзіроўку. Альбо запужвалі спецслужбы. Асобныя выпадкі затрыманняў і арыштаў таксама былі ў 2006 годзе, падчас Плошчы [намётавы лагер на Кастрычніцкай плошы ў Мінску пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года — Hrodna.life], затрымлівалі грэка-каталіцкага святара Андрэя Сідаровіча з Воршы. Затрымлівалі таксама святароў Беларускай аўтакефальнай царквы Леаніда Акаловіча і Вікенція Кавалькова. Затрымлівалі таксама і айца Аляксандра Шрамко», — расказала Наталля Васілевіч.

Наталля Васілевіч
Фота: belarus2020.churchby.info

Наталля Васілевіч — тэолаг, палітолаг, юрыст, дактарантка Рэйнскага Універсітэта Фрыдрыха Вільгельма (Бонн, Нямеччына), рэдактарка партала «Царква».

Ціск на праваслаўных пачалі з епіскапа

Паслявыбарныя рэпрэсіі супраць святароў праваслаўнай царквы на Гродзеншчыне пачаліся з таго, што архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія ў чэрвені 2021 адправілі на пенcію. Афіцыйная прычына — стан здароўя іерарха, аднак пазней у інтэрв'ю Арцемій патлумачыў, што знялі яго фактычна па палітычных матывах. У жніўні 2020 ён выказаўся супраць жорсткасці сілавікоў і заклікаў настаўнікаў каяцца ў фальсіфікацыях.

“Імідж для царквы важны, але яго ствараюць для рэжыму”. Як рэпрэсуюць святароў і што гэта значыць для вернікаў
Архіепіскам Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій. Крыніца: orthos.org

Неўзабаве пасыпаліся галовы актыўных гродзенскіх святароў. У ліпені 2021 Георгія Роя знялі з пасады настаяцеля Пакроўскага сабора. Яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў Рой адкрыта выступаў супраць падману, пасля выбараў асудзіў гвалт. Тады ж з пасады настаяцеля Нікольскага храма на Архіерэйскім падвор'і знялі Мікалая Гайдука.

У траўні 2022 года Андрэя Наздрына вызвалілі з пасады настаяцеля праваслаўнага прыхода ў Альшанцы, а таксама кіраўніка місіянерскага аддзела і адказнага па пытаннях фізічнай культуры і спорту Гродзенскай епархіі.

Новым месцам служэння Георгія Роя стала вёска Квасоўка пад Гроднам. У вёску Коматава і па сумяшчальніцтве ў Сялюкі адправілі Андрэя Наздрына. Мікалая Гайдука прызначылі клірыкам у тым жа храме, дзе ён быў настаяцелем.

Васілевіч: «Рэжым зрабіў усё магчымае, каб дамагчыся змены кіраўніцтва цэркваў»

Асаблівай розніцы ў рэпрэсіях супраць праваслаўнай і каталіцкай царквы Наталля Васілевіч не бачыць. Беларускі рэжым аднолькава цісне на кіраўніцтва цэркваў, каб яно дысцыплінавала святароў. «Рэжым зрабіў усё магчымае, каб дамагчыся змены кіраўніцтва цэркваў на больш лаяльнае да сябе. Пры патрэбе задзейнічае кантакты праз галовы кіраўнікоў беларускіх цэркваў і звяртаецца наўпрост у Ватыкан ці Маскву. З аднолькавым імпэтам кідае за краты праваслаўных і каталіцкіх святароў», — кажа Васілевіч. Праўда, дадае, што на каталіцкую царкву ёсць дадатковы рычаг ціску — адбіраць у замежных грамадзян дазволы на рэлігійную дзейнасць.

Апошні раз такая сітуацыя здарылася ў снежні 2022 года. Польскаму ксяндзу Юзафу Гэнзу не працягнулі дазвол на служэнне ў Гродне. У касцёле на Дзевятоўцы ён служыў больш за 20 гадоў. Гэнза быў вымушаны пакінуць Беларусь.

“Імідж для царквы важны, але яго ствараюць для рэжыму”. Як рэпрэсуюць святароў і што гэта значыць для вернікаў
Ксёндз Юзаф Гэнза. Крыніца: dialog1994.by

«Святары сталі прыярытэтнай групай па затрыманні»

«Зараз у Беларусі рэпрэсіі пачалі насіць настолькі масавы характар, што пад іх проста ў колькасным і статыстычным сэнсе пачало трапляць больш святароў - як і больш лекараў, настаўнікаў, спартоўцаў, акадэмікаў і г. д.», — лічыць Наталля Васілевіч.

Калі раней нейкія катэгорыі грамадзян кшталту шматдзетных маці ці святароў маглі разлічваць на трошкі іншае стаўленне, то зараз ні ўзрост, ні захворванні, ні сацыяльны статус, ні навуковыя ступені, ні заслугі, ні сямейныя сувязі - не маюць значэння, тлумачыць Васілевіч. Тых, да каго раней ставіліся паблажліва, зараз «прэсуюць» на роўні з усімі.

Святары сталі фактычна прыярытэтнай групай па затрыманні. «За імі больш сочаць, у тым ліку дзякуючы даносам асобаў кшталту Бондаравай. Таксама ім больш помсцяць з-за таго, што для рэжыму ўдзел цэркваў і рэлігійных лідараў у пратэстным і дэмакратычным руху ўспрымаецца як здрада».

Чытайце таксама: І - Іконы Свята-Пакроўскага сабора. 5 фактаў пра сюжэты з новапакутнікамі, што пацярпелі ад бальшавікоў

За малітву можа затрымаць ГУБАЗіК

У кастрычніку 2020 года мітрапаліт Веніямін у час выступу ў Пакроўскім саборы ў Гродне выказаў пажаданне не выконваць спеў «Магутны Божа». У лістападзе 2020 года кіраўніцтва Лідскай епархіі забараніла хору царквы Хрыста Спасіцеля ў Лідзе спяваць гэты ж гімн, хаця раней яго там выконвалі пасля багаслужэнняў на працягу шасці гадоў.

Пасля ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну 24 лютага 2022 года гродзенскі архіепіскап Антоній забараніў малітвы за Украіну. Сакратар епархіі Іаан Данільчык адмаўляў забарону, дадаючы, што для малітвы выкарыстоўваецца рэкамендаваны патрыярхіяй тэкст.

“Імідж для царквы важны, але яго ствараюць для рэжыму”. Як рэпрэсуюць святароў і што гэта значыць для вернікаў
Мітрапаліт Веніямін у Пакроўскім саборы ў Гродне ў 2021 годзе. Фота: Hrodna.life

5 студзеня 2023 года стала вядома, што мітрапаліт Веніямін пакараў мінскага святара Дыянісія Карасцелёва за малітву аб абаронцах Украіны ў навагоднім малебне. За гэта на яго паскардзілася прарасійская актывістка Вольга Бондарава. Яна апублікавала данос на святара, пасля чаго Карасцелёва затрымаў ГУБАЗіК

Ці падае давер да царквы ў вернікаў

У канцы 2020 — пачатку 2021 года суполка «Хрысціянская візія» правяла даследаванне ў межах «Народнага апытання». Высветлілася, што 41% праваслаўных вернікаў не задавальняюць дзеянні лідараў іх царквы, а толькі 2% задавальняюць. У каталіцкіх вернікаў усё наадварот: 42% падтрымліваюць дзеянні сваіх лідараў, 3% - не.

“Імідж для царквы важны, але яго ствараюць для рэжыму”. Як рэпрэсуюць святароў і што гэта значыць для вернікаў
Вынікі даследвання ў межах «Народнага апытання». Крыніца: belarus2020.churchby.info

Але гэтыя лічбы нельга распаўсюджваць на ўсіх вернікаў. У даследаванні прымала ўдзел пратэстная частка грамадства, а большасць апытаных жыла ў Мінску. Гэта значыць, вынікі рэлевантныя для вернікаў з буйных гарадоў, якія або самі ўдзельнічалі ў паслявыбарчых пратэстах або падтрымлівалі іх.

«Вернікі пачалі больш думаць сваёй галавой і менш азірацца на лідараў»

На думку Наталлі Васілевіч недавер вернікаў выкліканы трымя прычынамі. Першая — вернікі пачынаюць разглядаць палітычныя пытанні, як важныя з маральнага пункту гледжання для іх рэлігійнай практыкі і хрысціянскай веры. Сваіх лідараў яны таксама пачынаюць ацэньваць і ўлічваць, якую маральную пазіцыю ў дачыненні да палітычнага крызісу тыя займаюць.

«У вернікаў выявілася свая „чырвоная лінія“ — з чым яны гатовыя мірыцца, ставіцца з разуменнем, а з чым ужо не».

Другая прычына: вернікі пачалі больш думаць сваёй галавой і менш азірацца на лідараў. Пры гэтым сталі больш крытычна іх ацэньваць. Ім не ўсё роўна, што тыя гавораць і робяць, як сведчаць і як сабе паводзяць.

Трэцяя прычына: актыўныя людзі сыходзяць з царквы, а менш актыўныя, у каго рэлігія не грае важнага месца ў жыцці, не настолькі балюча перажываюць з нагоды выказвання царкоўных іерархаў.

«Для іх гэта не болей, чым дыскусія з таксістам-ябацькам ці падслуханая размова дворнікаў з бліжэйшага ЖЭСа, якая мала ўплывае на карыстанне паслугамі таксі ці дворнікаў».

“Імідж для царквы важны, але яго ствараюць для рэжыму”. Як рэпрэсуюць святароў і што гэта значыць для вернікаў
Намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Пранюк вітае новага кіраўніка Гродзенскай праваслаўнай епархіі Антонія ў 2021 годзе. Фота: Hrodna.life

Чаму кіраўніцтва праваслаўнай царквы не заступаецца за падначаленых

«Па-першае, [кіраўніцтва царквы] часам лічыць слушным, што іх [святароў] караюць, і карае яшчэ дадаткова. Па-другое, часам лічыць больш разумным і адпаведным вырашаць пытанні непублічнымі каналамі, каб уступаць з рэжымам у перамовы, а не ў канфрантацыю. Заступіцца — падтрымаць, а рэжыму такога кшталту падтрымка не падабаецца», — тлумачыць Наталля Васілевіч.

«Падобным чынам адбываецца і сярод католікаў. Недзе была больш-менш публічная падтрымка, але ў некаторых выпадках — як у выпадку з ксяндзом Вячаславам Барком, якога біскуп Алег Буткевіч пад пагрозамі прымусіў замаўчаць і пакінуць публічную прастору».

Зараз узровень рэпрэсій дасягнуў беспрэцэдэнтнага маштабу, а праявы пратэстнага руху ў Беларусі зусім згаслі, кажа Васілевіч. З-за гэтага кіраўніцтва царквы спрабуе прыстасаваца да жыцця ва ўмовах, якія ёсць, «каб не абвастраць сітуацыю і максімальна пазбягаць канфліктаў», лічыць экспертка.

Імідж царквы — лаяльнасць і дамоваздольнасць

«Імідж для царквы важны, але на сёння галоўны суб’ект, для каторага ствараецца імідж — гэта рэжым. Таму гэта імідж лаяльнасці і дамоваздольнасці, — лічыць Васілевіч. — Што тычыцца грамадства, то тут ад іміджу залежыць мала што, гэта паказвае практыка. Напрыклад, Свята-Елізавецінскі манастыр ў Мінску. Нягледзячы на падтрымку рэжыму, на падтрымку вайны, многія людзі працягваюць хадзіць туды, ахвяраваць грошы, купляць свечкі і іншую прадукцыю. Безумоўна, частка свядомых людзей сыйшла, але гэта не крытычная маса, якая мала ўплывае на стабільнасць даходу».

На думку тэалагіні, людзі могуць са шматлікім мірыцца, асабліва пры адсутнасці альтэрнатывы. «А калі судатыкненні з царквой у рэальным жыцці адбываюцца эпізадычна, па некалькі разоў на год, то на шматлікае тым больш прасцей заплюшчыць вочы».

Незадаволеных святароў шмат, але не ўсе публічныя

На думку Наталлі Васілевіч, незадаволеных святароў шмат. Але незадаволенасць носіць розныя формы і не ва ўсіх сектарах грамадства яна аднолькава добра бачна.

«Бываюць святары — публічныя асобы, якія не вылазяць з прамых эфіраў незалежных СМІ. Бываюць тыя, якія дзейнічаюць у коле сваіх аднадумцаў, на месцах, у сацыяльных сетках, не прыцягваючы шырокай увагі. І толькі даносы на іх Вользе Бондаравай ці Рыгору Азаронку прыносяць асобы гэтых святароў у публічную прастору. Да іх прыходзяць з ператрусам, а ў іх дома бчб-магніты на лядоўні і татуіроўкі з „Пагоняй“ на плячы», — сказала Васілевіч.

Што рабіць незадаволеным святарам

Паводле словаў тэалагіні, шматлікія святары ўжо зрабілі свой выбар. Нехта з’ехаў з Беларусі, каб працягваць служыць па-за межамі краіны. Напрыклад, Аляксандр Шрамко і Вячаслаў Барок. «Яны нясуць служэнне беларусам у выгнані».

“Імідж для царквы важны, але яго ствараюць для рэжыму”. Як рэпрэсуюць святароў і што гэта значыць для вернікаў
Святар Аляксандр Шрамко. Крыніца: belsat.eu

«Нехта проста з’яжджае, каб жыць у згродзе са сваім сумленнем. Нехта ідзе на пакуты ў турму, як Уладзіслаў Багамольнікаў, які не з’ехаў з Беларусі нягледзячы на тое, што перажыў бесчалавечныя ўмовы і катаванні на Акрэсціна. Нехта проста ціха робіць сваю справу ў Беларусі - маленькімі промнямі надзеі асвятляючы жыццё людзей у цемры прыгнёту. Ціха, часта незаўважна для тых, хто „не ў тэме“, але надзвычай важна для тых, каму яны служаць».