У 1802 годзе Саламея Дэшнер чарговы раз прыехала ў Гродна. На той час актрыса мела багаты тэатральны вопыт. Яна выступала ў тэатрах Варшавы, Львова, Вільні. Але ў Гродне яна вырашыла паспрабаваць сябе ў якасці кіраўніка антрэпрыз, фактычна, арганізатара тэатральнага жыцця. Нягледзячы на ўсе перашкоды яна — Саламея Дэшнер — стварыла адзін з самых знакамітых тэатральных калектываў на беларускіх землях, а таксама першы пастаянны тэатр у Гродне.

З ранніх гадоў цягнула да прыгожага

Нарадзілася будучая актрыса ў Беластоку ў 1759 годзе. Дзяцінства і маладосць прайшлі ў палацы гетмана Браніцага. Яе бацька быў немцам і меў прозвішча Тышар (Тышнер), якое ў польскай версіі стала гучаць як Дэшнер. Ён быў надворным абівальшчыкам, чалавекам, які аздабляў тканінай мэблю, сёдлы, унутраныя паверхні карэт.

Саламея Дэшнер Salomea Deszner

Саламея атрымала добрую хатнюю адукацыю. Валодала некалькімі замежнымі мовамі і мела добры густ. Дзяўчыну з ранніх гадоў цягнула да прыгожага і менавіта гэтае імкненне вызначыла яе жыццё на будучыню.

Трапіла ў тэатр дзякуючы каралю

Аднаго разу зусім яшчэ малодзенькая Саламея займалася любімай справай — вышыўкай недзе пры палацы Браніцкіх у Беластоку. За гэткім заняткам яе застаў… кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які заахвоціў дзяўчыну да рукадзельнай працы, адзначыўшы якасць яе вышыўкі. Саламея так захапілася парадамі караля, што за адну ноч, якая заставалася да ягонага ад’езду з Беластока, паспела зрабіць для манарха вышыўку з каралеўскім вензезем. Вензель быў акружаны ружамі, якія выглядалі лепш за жывыя.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі Stanisław_II_August_Poniatowski_in_coronation_clothes
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі
Расчулены Станіслаў Аўгуст Панятоўскі не толькі аддзячыў паненцы каштоўным падарункам, але і пажадаў прыняць удзел у далейшым жыцці дзяўчыны. Ён і даручыў узяць яе ў Варшаву на навучанне тэатральнаму мастацтву, тым болей, што ягоны камердынер па прозвішчы Рыкс акурат быў антэрпрэнёрам Нацыянальнага тэатра ў Варшаве.

Мы з вамі збольшага прывыклі да тэатраў, дзе ёсць пастаянная трупа. А ў тыя часы найбольш папулярныя былі антрэпрызы — гэта калі для гульні ў тэатры запрашаюцца акцёры з іншых месцаў у залежнасці ад таго наколькі яны падыходзяць на тую ці іншую ролю.

Грала разумных служанак і спявала ў оперы

Стройная талія, прыемны твар, жывыя і спрытныя рухі рабілі Саламею вельмі прывабнай. Менавіта так апісаў яе шматгадовы дырэктар варшаўскага тэатра і яго гісторык Войцех Багуслаўскі, які быў сябрам і калегай Саламеі. Ён таксама адзначаў густ Саламеі ў вопратцы, яна ўмела апрануцца так, каб выглядаць вельмі па-жаноцку і нават крышачку інтрыгоўна.

У 1777 годзе ва ўзросце 18 гадоў Саламея дэбютавала ў варшаўскім тэатры. Большую частку тагачаснага рэпертуара складалі любоўныя камедыі, дзе галоўныя ролі належалі так званым аманткам — каханкам і авантурніцам. Саламея Дэшнер у Варшаве роляў амантак не выконвала. Ёй даставаліся выконвала ролі маладых гераінь і субрэтак — вясёлых, разумных і вострых на язык служанак гэтых амантак.

Палац Браніцкіх у Беластоку
Палац Браніцкіх у Беластоку, від з боку саду. Тут прайшлі дзяцінства і маладосць Саламеі. Гравюра Michael Rentz, 18 ст. З калекцыі Нацыянальнага Музея ў Кракаве, www.zbiory.mnk.pl; MNK XV-R.-10 106; fot. Anna Olchawska Karol Kowalik
Саламея паказала свой талент і як оперная спявачка. У канцы 1770-х гг. у Варашаве адбылася прэм’ера першай польскай оперы, абапёртай на народных матывах «Шчаслівая галеча». Дэшнер выканала ролю сялянкі Касі. Тут яна і заспявала і выканала народны танец, які ў тойчас на тэатральнай сцэне выглядаў незвычайна. З той пары Саламея рэгулярна спявала ў операх, але для першых роляў ейны голас у тыя часы лічыўся занадта рэзкім. Тым не менш сапрана Саламеі Дэшнер дало нагоду некаторым называць яе «першым голасам польскай сцэны».

Атрымала тэатр на 10 гадоў і манаполію на гастролі

Пасля кароткага перыяда працы ў Львове, Дэшнер вярнулася ў Варшаву. У 1784 годзе яна ўпершыню прыехала ў Гродна, дзе выступала ў былым каралеўскім манежы ў складзе трупы артыстаў пад кіраўніцтвам Багуслаўскага. У той час у нашым горадзе адбываўся Сейм і Саламея стала сапраўднай зоркай не толькі сярод гродзенцаў, але і шматлікай шляхты, якая з’ехалася на пасяджэнні сейма.

Тэатр Тызенгаўза к. 18 ст. Галоўны фасад і план
Тэатр Тызенгаўза к. 18 ст. Галоўны фасад і план
У трупе Войцеха Багуслаўскага, а пасля і ў антрэпрызе Дамініка Мараўскага ў Вільні Саламея выступала разам з Мацеем Кажынскім. З ім жа яна і прыехала ў 1802 годзе ў Гродна. Першапачаткова Мацей Кажынскі быў кіраўніком прыватнай антрэпрызы, створанай разам з Дэшнер. Але калі была арганізавана моцная трупа, ён хутка з’ехаў з ёй у Мінск.

Саламеі прыйшлося пачынаць справу стварэння тэатральнага калектыва з самага пачатку. Так як Дэшнер добра ведалі ў Гродне, памяталі пра яе выступленне ў 1784 годзе, то яна атрымала ад гарадскіх уладаў дазвол на дзесяцігадовае ўтрыманне будынка гродзенскага тэатра, будаўніцтва якога пачалі мабыць яшчэ ў часы Антонія Тызенгаўза. Вельмі важна было і тое, што Дэшнер атрымала манапольнае права на гастраляванне са сваім тэатрам па Гродзенскай губерні, гэта гарантавала ёй стабільны даход і дало магчымасць развівацца. Тэатр Дэшнер неаднаразова наведваў знакамітую восеньскую ярмарку ў Зэльве.

Некалькі месяцаў Саламея Дэшнер кіравала тэатрам на парытэтных асновах разам з заезжым акцёрам і антрэпрэнёрам Янам Шыманскім. Іх трупы выступалі па чарзе. Але Шыманскі прэтэндаваў на абсалютнае валоданне будынкам гродзенскага тэатра. Актрысе прыйшлося прыкласці шмат намаганняў, каб паставіць Шыманскага на месца. Ён вымушаны быў разам са сваёй трупай выехаць у гастрольную паездку па гарадам губерні. Аднак пасля вяртання Шыманскага, восенню 1803 года, яго творчы калектыў аб’яднаўся з трупай Саламеі Дэшнер. Такім чынам, была створана адна моцная тэатральная суполка, у якой Шыманскі выступаў ужо толькі ў якасці актора.

Паставіла тэатральную справу на высокі ўзровень

У Дэшнер быў вопыт працы на сталічнай i правінцыяльнай сцэнах, багаты рэпертуар. Выхаванка, партнёрка i добрая сяброўка Багуслаўскага, яна вельмі патрабавальна ставілася да сваёй творчасці i да сябе, вышэй за асабісты поспех у глядзельнай зале цаніла агульныя інтарэсы трупы, тэатра, мастацтва.

Дэшнер паставіла тэатральную справу ў Гродне на высокі ўзровень, значна пашырыла рэпертуар свайго творчага калектыву.

Побач з французскімі камічнымі операмі і італьянскімі операмі-буффа Саламея Дэшнер рабіла пастаноўкі твораў польскіх кампазітараў. У 1804 годзе трупа Дэшнер паказала оперу Эльснера «Сем раз адзін» (лібрэта Дмушэўскага). Верагодна, што гэта была першая пастаноўка твора, так як у Варшаве прэм’ера адбылася пазней, толькі 14 снежня 1804 года.

Заўчасная смерць у сакавіку 1806 года спыніла яе плённую тэатральную дзейнасць. Саламея Дэшнер была дзелавітым антрэпрэнёрам, любіла тэатр i, паводле Багуслаўскага, «высока трымала сцяг мастацтва». Пасля Саламеі тэатр у Гродне больш ніколі не зачыняўся і дзейнічаў заўсёды.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]