У выхадныя дні адна з самых папулярных вуліц горада больш нагадвае рынак якога-небудзь райцэнтра: тратуары займаюць рознакаляровыя палаткі гандляроў і здаецца, што ты вярнуўся на 20 гадоў у мінулае. Гэта не падабаецца многім гродзенцам. Напрыклад, сотням нашых падпісчыкаў у Instagram. Мы даведаліся, хто рэгулюе гандаль у цэнтры Гродна, што трэба, каб пачаць гандляваць на Савецкай, і ці варта чакаць зменаў.

«Дазвол не патрабуецца, але ёсць нюансы». Чаму па выхадных пешаходная Савецкая так падобная да рынкаў 90-х?

Мясцовыя ўлады не раз казалі, што рамеснікам варта вылучыць адмысловую пляцоўку з абсталяванымі гандлёвымі месцамі. Яшчэ ў сакавіку 2018 года планавалася размясціць павільёны на пляцоўцы за помнікам Сакалоўскаму, побач з домам па Савецкай, 8 (Абласны цэнтр народнай творчасці). У выніку на гэтым месцы адкрылі вулічнае кафэ.

Рамеснікі працягваюць гандляваць на Савецкай.

Прайсціся па ходніку немагчыма — там стаяць намёты. Хочаш ці не — застаецца хадзіць па бруку. Частка рамеснікаў гандлюе не толькі па выхадных, але і ў буднія дні. Пік гандлю прыпадае на нядзелю.

«Дазвол не патрабуецца, але ёсць нюансы». Чаму па выхадных пешаходная Савецкая так падобная да рынкаў 90-х?

Хто можа гандляваць на Савецкай і што для гэтага трэба

Па нядзелях выстаўляць на продаж свае вырабы мае права любы рамеснік. Атрымліваць нейкія дазволы або плаціць за арэнду не трэба. Тэарэтычна гэта можа зрабіць любы, месцы ні за кім не замацаваныя. Але ёсць нюансы.

Гандляваць у іншыя дні можна толькі сябрам аб’яднання рамеснікаў «Гарадзенскі каларыт». Пра гандаль на Савецкай мы пагутарылі з яе кіраўніком Святланай Полчанкавай.

Суразмоўніца адразу папярэдзіла, што тыя, хто ўступае ў арганізацыю дзеля гандлю на Савецкай, ім не патрэбныя. Таксама яна расказала пра нюансы гандлю ў нядзелю. Нягледзячы на ​​тое, што гандлёвыя месцы юрыдычна ніяк не замацоўваюцца ні за кім з рамеснікаў, людзі, што гандлююць там гадамі, лічаць гэтыя месцы «сваімі». «Калі вы прыйдзеце ў першы раз і пачнеце там гандляваць, хутчэй за ўсё ўзнікне канфлікт», — сказала Святлана Полчанкава. Атрымліваецца, месцы на Савецкай дзеляць «па паняццях»?

А гэта наогул рамеснікі?

Акрамя вырабаў з дрэва і скуры, на Савецкай прадаюць пластмасавыя магніцікі, майкі і гурткі з прынтамі, а таксама мыла ў выглядзе фаласа. Далёка не ўсе з гэтых тавараў - ручная работа рамеснікаў. У некаторых намётах — відавочна тавар прадпрымальнікаў, зроблены фабрычна і не заўсёды ў Беларусі. Такіх «рамеснікаў» з Савецкай не ганяюць і яны могуць працаваць, як і астатнія, без дазволаў і аплаты арэнды.

«Дазвол не патрабуецца, але ёсць нюансы». Чаму па выхадных пешаходная Савецкая так падобная да рынкаў 90-х?

А вам падабаюцца такія палаткі?

Каб даведацца меркаванне гараджан, мы зладзілі два апытанні ў сацыяльных сетках. Пераважнай большасці нашых падпісчыкаў не падабаецца, ува што ператварылася цэнтральная вуліца горада.

У Instagram у апытанні прыняло ўдзел больш за 700 чалавек.

У нашай групе Вконтакте прагаласавалі 117 чалавек. З іх 108 чалавек (92%) лічыць, што такія палаткі псуюць выгляд вуліцы.

«Дазвол не патрабуецца, але ёсць нюансы». Чаму па выхадных пешаходная Савецкая так падобная да рынкаў 90-х?

Рамеснікі пераедуць за чыгунку?

На 6 жніўня прызначаны аўкцыён па продажы права арэнды на пяць гадоў участка зямлі побач з адным з карпусоў былой Станіславоўскай кафлярні па вуліцы Чырвонаармейскай, 87. Гэта ўчастак па іншы бок шляхоў ад чыгуначнага вакзалу. Тут гарадскія ўлады прапануюць інвестарам пабудаваць рынак для рамеснікаў. Участак выстаўлены на таргі са стартавай цаной 29,2 тысячы рублёў.

Дарэчы, самой суседняй кафлярняй быў зацікаўлены адзін з салістаў «Ласкавага мая» Андрэй Разін. Ён абяцаў выкупіць і аднавіць гэту вытворчасць.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]