Многія дзяўчаты мараць аб прыгожым целе. Але з чаго пачаць? Некаторыя звяртаюцца да няправільных дыет і трэніровак, а потым не могуць дасягнуць мэты і спыняюцца на палове шляху. Гродзенская спецыялістка ў сферы фізічнай культуры і спорту, чэмпіёнка свету па каратэ Таццяна Цімошына спецыяльна для Hrodna.life дала шэсць парадаў дзяўчатам, якія вырашылі заняцца сваёй фігурай.

Парада першая: НЕ — абжорству

Залог здаровага і прыгожага цела — правільнае харчаванне. Гэта аксіёма, ад якой не ўцячы. Некалькі галоўных правілаў правільнага харчавання:

— прытрымвайся збалансаванага рацыёну з натуральных прадуктаў расліннага і жывёльнага паходжання, які пакрывае сутачную норму бялкоў, жыроў і вугляводаў;

— меркаванне пра тое, што калі трэба схуднець, не варта есці тлушчы — міф. «Карысныя» тлушчы (амега — 3,6 і 9) ужываць абавязкова, бо ад іх залежаць шматлікія працэсы арганізма;

— у дзень ужывай 1,5−3 літры чыстай пітной вады для прывабнасці скуры і эфектыўнай працы ўсіх сістэм арганізма. Дарэчы, вада добра падтуплівае голад;

— спажывай прадукты, багатыя харчовымі валокнамі, вітамінамі і мікраэлементамі. А гэта ніяк не кандытарскія вырабы, вэнджаніна, фастфуд, мучное;

— харчуйся часцей (4−6 раз у дзень), але невялікімі порцыямі. Так ты не будзеш адчуваць голаду, паменшыцца жаданне перакусіць чымсьці шкодным;

— не садзіся на модныя разрэкламаваныя дыеты. Гэта занадта пакутна і стрэсава для арганізма, а карысць і вынік вельмі сумнеўны. Прасцей прывучыць сябе харчавацца правільна, выключаючы шкодныя прадукты і паменшыўшы каларыйнасць толькі да сутачнай нормы;

— рабі разгрузныя дні. Арганізму таксама як і нам патрэбен адпачынак. Абяры адзін дзень і паспрабуй звесці спажыванне ежы да мінімуму, пі больш вады.

Татьяна Тимошина

Парада другая: палюбі трэнінгі і фізічную нагрузку

Для падтрымання прывабнасці фігуры, пабудовы сэксуальнага і здаровага цела трэніроўка проста неабходная.

Від фізічнай актыўнасці можаш падабраць на свой густ. Існуе мноства відаў спорту і кірункаў, якія задаволяць твае патрэбы, аднак сілавы трэнінг у спалучэнні з кардыё-нагрузкамі - найбольш эфектыўны і даступны, нават для далёкага ад спорту чалавека. Практычна ў кожным відзе спорту прымяняюцца гэтыя спосабы падрыхтоўкі, што кажа аб іх універсальнасці.

Трэніравацца можна як у хатніх умовах, на вуліцы, так і ў спецыяльна абсталяваных залах, самастойна альбо пад кіраўніцтвам трэнера. Галоўнае памятаць, што трэніроўка гэта маленькая частка цэласнай сістэмы, якая падпарадкоўваецца сваім прынцыпам і метадам. Калі ты «не сябруеш» ці толькі пачынаеш «сябраваць» са спортам, не варта бяздумна адкрываць урок-трэніроўку папулярнага трэнера і адразу яго выконваць. Праграму трэніровак, працэс аднаўлення, размінку, важнасць расцяжкі, індывідуальныя асаблівасці кожнага і многае іншае ніхто не адмяняў, таму хаця б на пачатку даверся трэнеру — чалавеку, якi ведае спецыфіку.

У пастаянным рэжыме дом-праца/вучоба-дом знайдзі гадзіну-дзве і выдаткуй час з карысцю для свайго цела і настрою. Рэгулярныя трэніроўкі хаця б тры разы на тыдзень прынясуць плён. Калі ж не — глядзі параду першую і перастань есці смачняшку.

Парада трэцяя: трымайся рэжыму

Уяві, што наша цела ведае, якая гадзіна і якая пара года. Мы часта чуем — арганізм працуе як гадзіннік. Гэта нездарма, бо існуюць біялагічныя гадзіны ды біярытмы. У залежнасці ад часу сутак у нашым арганізме вылучаюцца розныя гармоны, змяняецца хуткасць метабалізму, узровень мазгавой і фізічнай актыўнасці. Трэба не супраціўляцца, а слухаць цела. Спім ноччу, працуем днём. Большы аб’ём вугляводаў і тлушчоў у першай палове дня, бялок — у любы час сутак. Сняданак — абавязкова, а за 3−4 гадзіны да сну не есці.

Найлепшы час для фізічнай нагрузкі 15.00−19.00, бо ў гэты час хуткасць абменных працэсаў высокая, узровень гармонаў найбольш высокі, тэмпература і кровазварот нармалізаваны. Трэніроўка ў гэты час дапаможа зняць напружанне пасля вучэбна-працоўнага дня. Але гэта не значыць, што трэніроўка ў іншыя часовыя прамежкі не дасць выніку. Як той казаў, было б жаданне.

Татьяна Тимошина

Парада чацвёртая: не думай, што лічбы на вагах гэта прысуд

Многія дзяўчаты імкнуцца важыць як мага менш, саромеюцца сваёй вагі, садзяцца на дыеты ў пагоні за запаветнымі лічбамі.

Ёсць такія паказчыкі: індэкс масы цела, ацэначныя табліцы вагі і росту. Можна арыентавацца на іх. Іх выкарыстоўваюць ва ўсім свеце для ацэнкі гарманічнага антрапаметрычнага развіцця.

Дзве дзяўчыны аднолькавай вагі і росту могуць выглядаць зусім па-рознаму. У адной можа быць развітая мускуластура, прапарцыйнае цела і аптымальныя акружнасці, а ў іншай дыспрапарцыйнасць, атрафія цягліцавых груп, залішні тлушч.

Не варта арыентавацца толькі на вагу. Лепш звярні ўвагу на тое, чым ты задаволена ці не, гледзячы ў люстэрка.

Парада пятая: у любой незразумелай сітуацыі качай ягадзіцы і мазгі

Ну хіба камусьці перашкодзіць падцягнутая, круглявая попа і адукаванасць? Адказ відавочны.

Гэта тое, што будзе прыцягваць навакольных заўсёды. Дзяўчатам на зайздрасць і матывацыю, мужчынам на любату і пахвалу.

Ягадзіцы — частка цела, якую ацэняць усе і заўсёды, таму прапаную зрабіць упор менавіта на іх. Пры выкананні базавых практыкаванняў на гэтую вобласць (прысяданні, выпады і іншыя), уключаюцца практычна ўсе мышачныя групы.

Што тычыць мазгоў, то штодня, у прамежку паміж справамі, па дарозе куды-небудзь, перад сном можна вышукваць хоць паўгадзінкі на чытанне. Гэта можа быць і мастацкая, і навукова-папулярная, і фантастычная літаратура — галоўнае развівацца, павышаць узровень эрудыраванасцi, пашыраць кругагляд. Чалавек, дасведчаны ў розных галінах, будзе цікавы многім.

Татьяна Тимошина

Парада шостая: любі сябе, будзь упэўненая ў сваіх сілах

Вельмі важна тое, як мы сябе прыпадносім у грамадстве, цi любім сябе.

Імкніся зрабіць сябе лепш з дня ў дзень праз працу і трэніроўкі, але любі сябе такой, якая ёсць зараз. Адно другому не замінае. Нават маючы некаторую незадаволенасць сабой, не паказвай гэта іншым, пакажы тое, у чым ты моцная, а над слабымі бакамі папрацуй.

Многія саромеюцца прыйсці ў залу з-за якіх-небудзь недахопаў. Цікава, як жа ад іх пазбавіцца седзячы дома? Адказ — ніяк. Трэба ісці на трэніроўку і развівацца. Не сорамна чагосьці не ўмець ці не ведаць, але імкнуцца гэта пераадолець.

Будзь упэўненая ў тым, што ты робіш, пра што кажаш. Стаў сабе штодзённыя задачы, выкананне якіх будзе прыносіць задавальненне, не саромейся сваіх ідэй і мэтаў, спрабуй і не бойся памыліцца — раптам гэта менавіта, тое, што прынясе поспех.

Татьяна Тимошина

Таццяна Цімошына з ранняга дзяцінства займаецца спортам. На яе думку, праз спорт найлепшым чынам адбываецца станаўленне асобы і з узростам жаданне ўдасканальвацца і перамагаць толькі ўзмацняецца. Упартая праца ўжо прынесла дзяўчыне плён у 2012 годзе, калі Таццяна заваявала залаты медаль і званне чэмпіёнкі свету па каратэ па версіі правілаў SKDUN. З таго часу было яшчэ некалькі чэмпіянатаў свету і Еўропы, дзе Таццяна станавілася прызёрам.

Дзяўчына мае дзве вышэйшыя адукацыі па спецыяльнасцях інструктар-метадыст па фізічнай рэабілітацыі і трэнер па адзінаборствах. Зараз Таццяна вучыцца ў магістратуры па спецыяльнасці тэорыя і методыка фізічнай падрыхтоўкі і трэніроўкі.

Таксама дзяўчына працуе ў гарадзенскім цэнтры медыцынскай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў з псіха-неўралагічным профілем, а таксама праводзіць індывідуальныя трэніроўкі па фітнесу.