Карыснае

Школьнае харчаванне: што кажуць дзеці і што зменіць эксперымент?

Калі дзяцей распытваюць пра харчаванне ў школьных сталоўках, яны часцей за ўсё ўзгадваюць пра катлеты і «нейкія» кашы. Бацькі, якім не падабаецца такая ежа, збіраюць для школьнікаў ссабойкі. Чыноўнікі ж ў чарговы раз распрацоўваюць рэформу школьнага харчавання. Hrodna.life разам з чытачамі разбіраўся, што ёсць паесці ў школах зараз і якія змены чакаюць школьнікаў далей.

Чым кормяць у школе зараз?

Сын чытачкі Hrodna.life Наталлі (імя зменена) вучыцца ў школе № 15. З яго слоў жанчына так апісвае меню:

«Звычайна на абед даюць кашы (сын рэдка можа іх апазнаць) з „нейкім“ мясам. Бываюць катлеты і запяканкі, тварожныя сыркі. З садавіны даюць толькі яблыкі. Раней былі коржыкі. Зараз іх няма і дзеці скардзяцца».

Дачка чытачкі Hrodna.life Кацярыны (імя зменена) вучыцца ў адной са школ Ленінскага раёна Гродна.

«У школе, дзе вучыцца маё дзіця, харчаванне нясмачнае і аднастайнае. Чатыры разы на тыдзень на абед катлета - курыная, свіная, рыбная ці пячоначная. На гарнір звычайна каша — пярлоўка, пшонка ці грэчка. Часам бываюць макароны. Піць даюць кампот, кісель ці салодкі чай. Салатаў са свежай гародніны няма зусім. Дзеці слаба ядуць такія абеды. Мая дачка сталоўскія кашы не есць увогуле, а пра катлеты кажа, што яны ўжо надакучылі».

«Мая дачка вучыцца ў пачатковых класах 41-й школы, — распавяла для Hrodna.life Марыя (імя зменена). — Школьнае харчаванне ёй не падабаецца. Рэдка калі нешта там есць».

Якія змены чакаюцца ў школьным харчаванні?

Сітуацыю са школьным харчаваннем ўжо не першы раз спрабуюць палепшыць. У 2023 годзе плануюць пашырыць меню школьных сталовых. Там можа з’явіцца гародніна, прыгатаваная па пары, і хот-догі, а выпечку ўласнай вытворчасці будуць рабіць з паменшанай колькасцю цукру.

Чытайце таксама: Былога дырэктара гродзенскага КШП асудзілі на 5 з паловай гадоў калоніі

У школьных буфетах больш не будзе шакаладу і зефіру, але з’явяцца кукурузныя палачкі, хлебцы, цукеркі з ягад і садавіны. Зараз тут павінна прадавацца толькі прадукцыя з пазнакай «для дзіцячага харчавання» ці «для школьнага харчавання». Напрыклад, печыва-саломка з паніжаным утрыманнем цукру і павялічанай колькасцю кальцыя і вітамінаў. Рэцэптура прадукцыі для дзяцей распрацавана сумесна з Акадэміяй навук. Пра гэта напачатку года паведамілі «Минск-Новости». Таксама ў буфетах павінна з’явіцца больш ёгуртаў, тваражкоў, малочных кактэйляў і сокаў.

Разам з меню і асартыментам зменіцца і арганізацыя харчавання. Плануецца адмяніць сняданак, а на абед пабольшыць порцыі. Мяркуюць, што раніцай дзеці кепска ядуць, бо пад’елі ўдома і яшчэ не адчуваюць голад. Школьны абед плануюць зрабіць пасля трох — чатырох урокаў.

Праверыць, ці спрацуе такі падыход, вырашылі эксперыментальным шляхам. Для гэтага на новую сістэму харчавання спачатку перавялі па некалькі школаў з кожнага рэгіёна краіны.

Чытайце таксама: Чем будут кормить в школах и сколько это стоит

Якія школы з Гродзеншчыны удзельнічаюць у эксперыменце?

У Гродзенскай вобласці эксперыментальнымі сталі школа № 37 у Гродне, школа № 1 у Шчучыне і Вярэйкаўская сярэдняя школа. Тут ад 19 снежня да 30 красавіка дзеці харчуюцца па новых правілах. На абед у межах эксперымента прапануецца на выбар два комплексы — з супам і без. Такім чынам спрабуюць высветліць, якім стравам дзеці аддаюць перавагу.

Таксама ад пачатку года змянілася арганізацыя аплаты за школьнае харчаванне. Зараз не будуць аплочвацца дні, калі дзеці адсутнічалі на занятках. Бацькам трэба напярэдадні сказаць настаўніку, што сына ці дачкі не будзе ў школе. Аплату харчавання бацькам трэба рабіць штомесяц не пазней за 25-е чысло.

Што думаюць пра школьнае харчаванне бацькі?

Пакуль жа вырашаць, як не пакінуць ўласных дзяцей без звыклай ежы, бацькам даводзіцца самастойна.

«Зараз дачка ў пачатковай школе, і мы не плацім за харчаванне, — пракаментавала для Hrodna.life Марыя. — З пятага класа, калі сітуацыя не зменіцца, буду збіраць ёй бокс з ежай. Бо плаціць за тое, што дзіця не збіраецца есці, я не буду. Было б някепска даць дзяцям выбар. Тады разумна за гэта заплаціць».

«Мой 14-гадовы сын не харчуецца ў школе, не бярэ ссабоек і нічога не купляе ў буфеце, — сказала Hrodna.life Святлана (імя зменена). — І сняданак, і абед ён есць дома. Кажа, што яму так лепш. Ён вельмі пераборлівы ў ежы, гэта звязана з пэўнымі асабістымі пытаннямі».

«Даю з сабой бутэрброды і садавіну ці печыва на салодкае, — распавяла Hrodna.life Марыя, — іншую ежу ў школе няма дзе пагрэць. Ды і не дазволяць гэта рабіць дзецям».

«Буфета ў нашай школе няма, — расказала Hrodna.life Кацярына. — Збіраю дачцэ ссабойкі. Пра змены мяркую, што было б добра ўвогуле прыбраць супы са школьнага меню. Прынамсі, малочны суп — дакладна. Яго ядуць 1 — 2 чалавекі з класа. Спажыўчая каштоўнасць супоў сумнеўная, ды і дзеці не вельмі іх любяць. Лепш бы давалі салаткі са свежай гародніны. Таксама было б добра, каб стравы былі больш разнастайнымі, а напоі каб гатавалі без цукру».

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024