Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

Сямейная рэліквія часоў вайны: у Гродне захоўваюць малюнак з Беласточчыны, падораны ў 1943 нямецкім жаўнерам - Hrodna.life - навіны Гродна

У сям'і гродзенскай фатографкі Наталлі Дораш захоўваецца малюнак, які нямецкі салдат падаравай ейнай бабулі ў 1943 годзе на вуліцы Саколкі - мястэчка на Падляшшы на паўдарогі паміж Гроднам і Беластокам. Гісторыю акварэлі расказвае imago.by.

Лідзія Сафроненка. Крыніца: imago.by
Лідзія Сафроненка. Крыніца: imago.by

Лідзія Сафроненка — бабуля Наталлі Дораш — была дачкой шматдзетных беларуса і немкі. Сям’я была беднай, бацькі рана памерлі, і дзяўчынка трапіла на выхаванне ў прытулак пры праваслаўным манастыры Нараджэння Маці Божай у Краснастоку (цяпер Ружанасток). Там атрымала адукацыю і дыплом настаўніцы беларускай мовы, навучылася музыцы і царкоўным парадкам.

У 1919 годзе, яшчэ быўшы выхаванкай прытулку, Лідзія выйшла замуж за доктара Канстанціна Бялецкага. Ён быў не толькі ўрачом, але і беларускім нацыянальным дзеячом. Цікава, што ён не ведаў беларускай мовы, але лічыў сябе беларусам і ўдзельнічаў у беларускім нацыянальным руху, між іншым быў сябрам Беларускага нацыянальнага камітэта ў Гродне. У той час выкладаць беларускую мову Лідзіі не дазволілі і яна пайшла працаваць выхавальніцай у свой родны прытулак.

Як акварэль трапіла ў сям’ю?

Калі прыйшла Другая сусветная вайна, Лідзіі быў 41 год, яна ўжо пахавала першага мужа, а дзве з трох дачок былі зусім дарослыя. Яна служыла псаломшчыцай у храме Аляксандра Неўскага ў мястэчку Саколка (Sokółka).

Аднойчы нямецкі афіцэр спыніўся перад гэтым храмам з эцюднікам і намаляваў зімовы дзень: з людзьмі, конікамі, вазамі. Лідзія акурат праходзіла побач — і, ведаючы нямецкую, не пабаялася сказаць мастаку, што малюнак цудоўны. Мы не ведаем зместу іх размовы, але скончылася яна тым, што немец зняў з мальберта яшчэ вільготны малюнак, алоўкам падпісаў: «Sindel 43. Bialystok», і падарыў Лідзіі.

Саколка пад Беластокам, 1943 год. Фрыц Зіндэль (акварэль)
Саколка пад Беластокам, 1943 год. Фрыц Зіндэль (акварэль). Гэты малюнак мастак падараваў Лідзіі Сафроненцы. Крыніца: imago.by
церковь Сокулка царква Саколка
Тая ж царква ў Саколцы, снежань 2022. Фота: Włodzimierz Poznański, Google Maps

Кім быў мастак?

Фрыц Зіндэль (Friedrich Julius Sindel) быў на тры гады маладзейшы за Лідзію. Ён нарадзіўся ў Гоце, атрымаў грунтоўную мастацкую адукацыю, шмат падарожнічаў. На жыццё Зіндэль зарабляў працай чарцёжніка ў воднай гаспадарцы.

Чытайце таксама: «Форс-мажор». Выставу пра фота-акалічнасці непераадольнай сілы прадставіла ў Мінску Наталля Дораш

Прысвечаныя мастаку артыкулы ў нямецкай прэсе далікатна абмінаюць час Другой сусветнай: мы даведваемся з іх толькі тое, што з 1945 па 1948 год мастак быў у палоне.

Фрыц Зіндэль. Крыніца: imago.by
Фрыц Зіндэль. Крыніца: imago.by

Цэрквы і касцёлы былі яго «спецыялізацыяй». «У любое надвор’е ён паўсюль ездзіў на ровары, — успамінае сын мастака Курт Зіндэль і дадае: — Калі сядзеў дзе-небудзь і маляваў, часта многія прыглядаліся, а потым куплялі карціны». А многія з такіх малюнкаў мастак не прадаў, а падараваў.

Ужо пасля вайны і палону Фрыц Зіндэль аб’ехаў паўсвету, шмат маляваў у розных тэхніках. Сыну мастака засталіся стосы аркушаў, з якіх можна было б стварыць цэлы музей.

Imago.by заўважае, што сярод нямецкіх салдат было нямала такіх, што добра фатаграфавалі або малявалі. Дзякуючы ім мы маем выявы беларускіх гарадоў і мястэчак. Часта — з-за іх і разбураных.

Чытайце таксама: «Карані»: Наталля Дораш — пра натхненне з мінулага, беларускія хаткі і містычную сувязь з дзедам-фатографам