Стэндап у Гродне не адраджаецца з рэдкімі прыездамі Славы Камісаранка і Вані Усовіча. Тут ёсць людзі, якія збіраюцца кожную нядзелю і робяць сваё (бясплатнае!) шоў. Пакуль у іх не шмат гледачоў. Але хлопцы не сумуюць, жартуюць пра адносіны, алкаголь і прэзідэнта. І не хочуць на ТНТ.

Мы сустракаемся ў нядзелю перад выступам комікаў у бары «Фарадэй». На інтэрв'ю клічуць увесь касцяк каманды. Іх чацвёра. Хлопцы жартуюць падчас размовы і, здаецца, не вераць, што да іх ставяцца сур’ёзна. Пакуль мы размаўляем, прыходзіць работнік бара і кажа, што да іх прыйшлі з дзецьмі. Таму варта быць акуратней з мацюкамі. «Усё, сёння мы не выступаем», — смяюцца хлопцы.

КВЗ, ТНТ і «Пушкін»: як усё пачыналася

Выступы праходзяць па нядзелях у «Фарадэі». Раней хлопцы выступалі ў бары «RockStar». Перамясціліся, таму што «ў „RockStar“ людзі перасталі хадзіць». А наогул, гісторыя стэндапа ў Гродне пачалася яшчэ ў 2013 годзе, калі на тэлеканале ТНТ запусцілі аднайменнае шоў. Ля вытокаў стаялі хлопцы, якія гулялі ў КВЗ. Сустрэчы праходзілі ў бары «Пушкін». Туды ў 2015 годзе прыйшоў Раман Санюк, які цяпер прасоўвае стэндап у іншых барах.

Праз год-паўтара стэнд у «Пушкіне» скончыўся. Нейкі час у Гродне нічога ў гэтым жанры не рабілі. Затым з’явіліся «Адкрытыя мікрафоны» ў бары «Чэмпі». А потым перамясціліся ў «RockStar» і «Фарадэй».

standup comedy стендап гродно фарадей Роман Санюк, Андрей Садко, Сергей Бовбыр и Коля Рыбаченко
Раман Санюк, Андрэй Садко, Сяргей Боўбыр і Коля Рыбачэнка
Раман кажа, што стэндап ніколі не быў на першым месцы. «Такое хобі, паралельна асноўнаму жыццю, дзе я магу расказаць нешта і пастарацца рассмяшыць людзей. У мяне не хапае арганізатарскай уседлівасці, каб нешта рабіць. Таму добра, што з’явіўся Андрэй, які рухае гэтую справу ў Гродне».

Як гродзенец ездзіў на Comedy Battle

Андрэй Садко — вядучы стэндапа ў Гродне і комік. У 2010 годзе ён стварыў каманду КВЗ і з тых часоў выступае на сцэне ў гумарыстычных жанрах. Да 2017 года яны гулялі ў тэлевізійных лігах. У жанры менавіта стэндапа Андрэй не вельмі даўно. Затое ён з’ездзіў на адзін з першых Comedy Battle у 2013 годзе.

— Гэта было вельмі выдатна. Вельмі крута апынуцца ў атмасферы «КВЗоўскіх» тусовак і Comedy Battle. Гэта прадуманы праект, які рыхтуецца вельмі доўга. Гэта не проста: прайшоў кастынг у сябе ў горадзе, паехаў туды — і адразу здымкі. Ты жывеш там дзесяць дзён з хлопцамі з усяго СНД. Вы там сядзіце, пішаце жарты кожны дзень, рэдагуеце іх, і толькі тады выходзьце на ТБ. Да таго ж — бачыць мэтраў, якія даўно гэтым займаюцца і ўжо прям зоркі… Адчуванні былі максімальна крутыя. Напэўна, гэта той перыяд, калі самы інтэнсіўны рост адбываўся, — распавядае Андрэй.

standup comedy стендап гродно фарадей

Але Comedy Battle — не гарантыя поспеху.

— Калі ты сябе пазіцыянуеш як вядучы або чалавек, які выступае і далей прасоўвае сябе, магчыма, неяк гэта працуе. А калі ты проста выступіў і ў цябе ёсць эфір, то хіба што аднакласнікі пра цябе даведаліся. Я прайшоў толькі ў першы тур. Магчыма, калі б я прайшоў далей, гэта б паўплывала на мой лёс кардынальна. Але, думаю, не асабліва.

— Мала напісаць «я ўдзельнік фестывалю «Адкрыты мікрафон». Ну і што? Там больш за 300 удзельнікаў. Артыст пачынае зарабляць, як толькі яго пачынаюць пазнаваць і хадзіць на яго. Людзі, якія прайшлі Comedy Battle — іх ужо вельмі шмат. Каго-небудзь назаві, калі ласка? Не? Пра гэта і гаворка. Мала адзін раз пайсці ў Comedy Battle. Трэба падаць сябе ўсюды. Мы проста ў Гродне рухаем гэтыя колы пад назвай стэндап. І нам пакуль прышпільна, — кажа Андрэй Садко.

«А ты, напэўна, комік?»

— У мяне нядаўна на працу ўладкаваўся хлопец. І кажа: а ты, напэўна, комік? Пытаюся: адкуль ты ведаеш? Ён: я бачыў твой выступ на Юцюбе. Я кажу: у мяне няма відэа на Юцюбе! А ён: ды не, ёсць, гэта дакладна быў ты. Кажу: да? І што я там распавядаў? Ён: я не памятаю, — усміхаецца Коля Рыбачэнка.

Сам ён з Брэста, адпрацоўвае размеркаванне ў Ваўкавыску. Але пастаянна ганяе на адкрытыя мікрафоны ў Брэст, Гродна і Мінск. «Калі камандзіроўка — трэба абавязкова запісацца выступіць». Стэндапам займаецца два з паловай гады. Да гэтага займаўся КВЗ ва ўніверсітэце. У яго ёсць асноўная праца, а стэндап проста для забавы, для сябе.

Ён не ездзіў на тэлевізійныя кастынгі. Кажа, то сесія, то адпачынак не даюць, то грошай няма. «Я і не бачу ў гэтым асаблівай мэты. Можна проста для сябе паехаць, паглядзець, як трэба. Але няма вялікіх планаў туды прайсці», — кажа Коля.

бар фарадей социалистическая

У Сяргея Боўбыра бэкграўнда ў гумары няма. «Сярод сяброў атрымліваецца жартаваць, і я падумаў, можа неяк сябе ў гэтым рэалізаваць. Для мяне гэта таксама хобі. Я не спадзяюся, што пачну на гэтым грошы зарабляць».

«Слава Камісаранка на прыгожай машыне прыедзе. А я што — на тралейбусе?»

Гродзенскі стэндап робяць тры-чатыры чалавекі. Наогул, ёсць дзесяць чалавек, якія хоць раз выступілі і вярнуліся на сцэну потым. Жанчын, дарэчы, там амаль няма. Хлопцы кажуць, што гэта статыстыка: дзяўчаты менш цікавяцца гумарам.

— Ёсць вялікая праблема: людзі выступаюць адзін раз і гатовы ставіць пытанне рубам — а калі ўжо бабкі будуць? Я пажартаваў, вось чалавек пасмяяўся. Вось, Слава Камісаранка на прыгожай машыне прыедзе на выступ. А я што — на тралейбусе? І гэта вельмі крыўдна, таму што мы ім не заплацім, — смяецца Андрэй.

Тым не менш, Коля Рыбачэнка кажа, што на стэндапе можна зарабляць — за кошт выязных мерапрыемстваў, канцэртаў. Але за грошы ад выступаў не пражывеш. Усё вырашаюць тэлеэтэры або інтэрнэт-пазнавальнасць.

«Цяпер ёсць інтэрнэт і няма межаў. Комікі гастралююць па розных краінах і на іх усюды ходзяць. Таму, калі ты добры комік, можна ездзіць і збіраць грошыкі за свае жарты», — кажа Андрэй.

standup comedy стендап гродно фарадей
Фота: vk.com/grodnostandup
Вечары ў фармаце адкрытага мікрафона бясплатныя. «Калі ты бярэш грошы за ўваход, хочацца людзям даць якасныя жарты. Калі б мы разумелі, што наш матэрыял заходзіць, што новы матэрыял таксама будзе добрым, можна было б рабіць платны ўваход. Калі людзі ходзяць і гатовыя ўспрымаць сыры матэрыял — тады чаму не? А зараз няма попыту», — кажа Раман.

Памяшканне бар «Фарадэй» дае бясплатна. Супрацоўнік кажа, яму падабаецца, што хлопцы робяць. Да таго ж, іншыя дні ў іх «закрытыя» дыджэямі і музыкамі. А нядзеля было свабоднай. Зараз ідуць перамовы і з іншымі барамі.

— Мы пакуль што хочам, каб да нас хадзіла больш людзей. Чым больш людзей ходзіць — тым цікавей выступаць, тым лепш рэакцыя. Лепш можна праверыць жарт. Глядач развіваецца разам з табой — яго складаней здзівіць. І ты пачынаеш пісаць лепш. Альбо кідаеш, — кажуць стэндаперы.

«Ёсць жарты, якія не хочацца здавать»

— Калі б ты спрабавала напісаць жарт, ты б убачыла статыстыку: праз колькі жартаў можна напісаць бомбічны, які падарве залу. Вельмі крутая статыстыка — 1 з 10 жартаў. У асноўным гэта нешта прахадное. З-за таго, што мы занятыя працай і лянівыя, мы збіраем больш-менш нармальны маналог раз у год.

Ёсць нават жарты, якія не хочацца здаваць. Ты ведаеш, што яны будуць працаваць, але яны не цікавыя табе. Бываюць вечары, калі мне ціснуць рукі і кажуць: «Клёва, мы прыйдзем яшчэ, мы б таксама хацелі нешта расказаць!» Бываюць вечары, якія не вельмі. Бывае не вельмі, а мне кажуць, што клёва. А бываюць вечары клёвыя, а на іх ніхто не прыйшоў! — смяецца Андрэй.

Па гумары ёсць спецыяльныя падручнікі. А яшчэ важныя наслуханасць, інтэлект, светаўспрыманне. Часам хлопцы збіраюцца разам і «пішуцца», каб было іншае меркаванне аб жартах. Ёсць нават паняцце «Comedy Body» — чалавек, з якім комік піша. Таму што тое, што здаецца смешным аднаму чалавеку, не заўсёды смешна для іншых.

— Мы напісалі маналогі. Сёння могуць зайсці ўсе шэсць. Але гэта наўрад ці. У лепшым выпадку зойдзе адзін. Але гэта не значыць, што астатнія пяць я выкіну. Я буду іх перапісваць, ехаць у іншае месца пераправяраць яшчэ. Пісаць — пераправяраць. Пісаць — пераправяраць. І так фарміруецца маналог, — перабірае свае нататнікі Коля.

Жартуюць пра Лукашэнку і не рвуцца на ТНТ. Як у Гродне развіваюць stand up

Калі будуць хадзіць адны і тыя ж людзі, прыводзіць сяброў, значыць, гумар становіцца якасным ці, ва ўсякім разе, цікавым. Калі з’яўляецца свая аўдыторыя — гэта ўжо паказчык руху ў патрэбным кірунку.

— Можа быць і дзярмовая якасць. Але калі цябе слухаюць, якая розніца, які ты комік? Папярэчны вось — вельмі спрэчны комік. Але на яго збіраецца стадыён і слухае. Так што, калі я буду жартаваць дзярмова — а я так і буду рабіць — і на мяне будуць хадзіць, я не супраць, — усміхаецца Андрэй.

Чаго хочуць дамагчыся гродзенскія стэндаперы?

— Мэты прабіцца на ТНТ няма. Мэта больш прызямлёная: я хачу прыходзіць і смешна выступаць. Калі будзе гэта, далей магчымасці бязмежныя. Можна прыехаць або пераехаць у Мінск, паехаць на нейкі праект, кастынг. Калі ты смяшыш людзей тут і ў цябе матэрыял добры, праблем там таксама не будзе, — кажа Раман.

У Андрэя планы больш амбіцыйныя. Ён за бліжэйшы год хоча падрыхтаваць сольны выступ. А яшчэ — часцей выступаць смешна, «а не як звычайна».

— Для мяне гэта проста хобі. Выйшаў - пажартаваў. Мне падабаецца, што я з’яўляюся часткай вялікай ідэі. Часта я збіраю невялікую групу падтрымкі і прыходжу сюды з сябрамі. На самай справе я лічу, што дрэнна жартую, таму што калі першы раз выступалі ў «RockStar» — усё прайшло добра, людзі смяяліся. Я хачу дасягнуць узроўню першага выступу, — кажа Сяргей.

standup comedy стендап гродно фарадей
Фота: vk.com/grodnostandup
— Хачу з’ехаць у Брэст ці ў Мінск. Самая бліжэйшая мэта — паглядзець, як зойдзе матэрыял, і спадзявацца, што добра. Галоўнае — сённяшні вечар. А нейкія там набліжаныя мэты… Больш выступаць хачу.

На што лепш рэагуюць гродзенцы?

Пачынаецца выступ. У зале няшмат людзей — усё ж такі нядзеля. Людзі ля барнай стойкі прыслухоўваюцца. Хлопцы жартуюць пра адносіны, сяброў, алкаголь. Асабліва бурна слухачы рэагуюць на жарты пра Лукашэнку. А стэндаперы зусім не баяцца пра яго жартаваць.

«У мяне ўсё пра калгас. Не пажартуеш пра тое, у чым не разбіраешся. А разбіраемся мы ў сваім жыцці - пра гэта і жартуем. Гэта і ёсць сам стэндап — гумар пра сябе і сваё жыццё», — кажа Коля.

Людзі часам смяюцца, часам спрабуюць уступіць у інтэрактыў з выступоўцамі. Стэндаперы аджартоўваюцца на выкрыкі з залы. Пазней яны раскажуць, што з інтэрактывам выступаць цікавей, але складаней. Затое калі ты кагосьці асадзіў, узровень твой павышаецца.

standup comedy стендап гродно фарадей
Фота: vk.com/grodnostandup
Наведвальнікі за барнай стойкай кажуць, што ўпершыню чуюць пра гродзенскі стэндап. Я прама там угаворваю іх падпісацца на рахунак хлопцаў у інстаграме.

Стеэндаперы прызнаюць, што з прасоўваннем у іх так сабе. І жартуюць, што за ўвесь гэты час яны змаглі толькі прыдумаць хештэг #grodnostandup. У Мінску, напрыклад, ёсць некалькі ўстаноў з адкрытымі мікрафонамі. І нават у рэгіянальным Брэсце нашмат больш магчымасцяў выступіць, чым у Гродне. Там нават правялі стэндап-фестываль.

Знакамітых комікаў, якія прыязджаюць у Гродна выступаць, гродзенцы не лічаць канкурэнтамі. Кажуць, хутчэй гэта зайздрасць — у яго атрымліваецца, а ў цябе не.

— Тое, што сюды вязуць іншыя арганізатары іншых комікаў - гэта вельмі крута. Для нас гэта ў любым выпадку досвед іншай камедыі. Ты бачыш, з чаго жартуюць, з чаго смяюцца, якія жарты працуюць у яго, як ён адыгрывае. Гэта ўсё звязана. А сказаць «Слава Камісаранка — пі*ар, забраў майго гледача» — ну, што гэта? — кажа Андрэй.

Жартуюць пра Лукашэнку і не рвуцца на ТНТ. Як у Гродне развіваюць stand up
Фота: vk.com/grodnostandup

Як стэндаперы выступалі на гродзенскім ТБ

У думках было завесці канал на Юцюбе. Але для здымак няма абсталявання. Плюс патрэбныя рэдактары — нават на Юцюбе нельга трансляваць усё, што было ў бары. Быў вопыт супрацоўніцтва з гродзенскім тэлебачаннем, але няўдалы — выразалі жарт пра зборную Беларусі па футболе.

— Усё, што робяць на беларускім тэлебачанні, атрымліваецца як «Добрай раніцы, Беларусь!» А гэта нецікава і несучасна. На ТНТ4 ішло шоў «22 коміка». Параўнайце тэлебачанне, дзе выразаюць жарт пра зборную, і выступленне комікаў з незапіканым словам «х*й». Мы не лічым, што правільна казаць «х*й» у выступе. Але калі жарты занадта баязлівыя і вылізаныя, яны нікому нецікавыя.

standup comedy стендап гродно фарадей
Фота: vk.com/grodnostandup

Колькі яшчэ стэндапу быць папулярным?

У Мінску ёсць хлопцы, якія кідаюць усё і займаюцца толькі гумарам. Гродзенцы спадзяюцца, што і ў іх гэта спрацуе. Але самі не рызыкуюць. Часам толькі ездзяць выступаць па гарадах Беларусі.

— Доўга яшчэ стэндап будзе папулярным?

— Мне здаецца, хутка одгарыць гэтая папулярнасць. Гледачу падабаецца. У прынцыпе, смешны жарт у любой праяве будзе можна глядзець. Стэндап — новая з’ява і ў целіку вельмі добра прагрымела. Натуральна, людзі на гэты брэнд пачнуць хадзіць, таму што ён атрымаў пазнавальнасць. Для комікаў гэта зручна, таму што гэта вельмі даступна. Тут ты сам па сабе. Захацеў - прыехаў, выступіў.

— А ў Гродне?

— Калі мы закінем, прыйдуць іншыя і пачнуць. Гісторыя гродзенскага стэндапа гэта пацвярджае. Жанр не памрэ.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]