У Гродне 14 верасня паказваюць прэм’еру фільма «На другом берегу». Ён распавядае пра цяжкае жыццё беларусаў у 1925 годзе пад Польшчай. Чыноўнікі кажуць пра вялікую цікавасць да фільма. З квіткамі ж адбываюцца дзівацтвы: на прэм’еру раскуплена ўсё, а ўжо на наступны дзень — вольныя ўсе месцы. Такое адбываецца па ўсёй Беларусі. Ці можа цікавасць гледачоў размяркоўвацца так нераўнамерна? Спыталі кінакрытыка Тараса Тарналіцкага.

На прэм’еру фільма 14 верасня ў 17.00 у вялікай зале «Космасу» выкупленыя першыя тры шэрагі (кожны — па 25 месцаў) і яшчэ тры месцы ў чацвёртым шэрагу. Гэта выглядае дзіўна: кампаніі сяброў звычайна выбіраюць месцы не так. На 19.00 у той жа дзень выкупленыя шэсць месцаў. На дзевяць іншых сеансаў з 15 па 20 верасня набыта ўсяго два месцы.

У VIP-зале «Чырвонай зоркі» на 14, 15, 16 і 17 верасня прададзеныя практычна ўсе квіткі — нават на сеанс у 10.00. Але на 14.20 нядзелі і 11.00 аўторка не прададзена ні білета. А вось на 11.20 і 13.30 серады 20 верасня зноў няма ніводнага вольнага месца.

На пяць сеансаў з 14 па 17 верасня на дзённыя сеансы ў кінатэатры «Усход» не прададзена ніводнага білета.

У малую залу «Кастрычніка» на 14 верасня прадалі большую частку месцаў — 94. На наступныя шэсць сеансаў - ніводнага. На шэсць сеансаў у вялікай зале і зусім не прадалі ні білета. У moon таксама вольныя ўсе месцы.

У кіназале «Моладзевага цэнтра Гродна» з 15 па 23 верасня выкупленыя то ўсе квіткі, то палова.

Ідэалагічная місія

Кінакрытык Тарас Тарналіцкі з папярэдняга вопыту наведвання падобных прэм’ер лічыць, што тое, што адбываецца — агульная практыка для дзяржструктур і прыклад выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу. Квіткі не купляюцца, а раздаюцца праз выканкамы, Мінкульт, кінапракаты, арганізацыі накшталт «Белай Русі». На прагляд накіроўваюць чыноўнікаў, курсантаў, бюджэтнікаў, школьнікаў, вайскоўцаў — усіх залежных ад дзяржавы людзей.

«Гэта не пра сапраўдную цікаўнасць стужкай, гэта пра разнарадку. Савецкая практыка, што трэба сабраць людзей, каб прадэманстраваць нейкі попыт. У мяне адчуванне, што гэтага попыта няма. У мяне адчуванне, што пра яго [фільм] пісалі толькі ў дзяржпрэсе. Ніхто яго не рэкламаваў. Калі ты не рэкламуеш праект, хто на яго пойдзе? Усе пойдуць на які-небудзь блокбастар», — раcказаў Тарас Hrodna.life.

Тарас Тарналицкий
Тарас Тарналіцкі. Фота: Facebook

Фільм трэба ўмець прадаць: знайсці яго аўдыторыю, ўкласціся ў рэкламу — у інтэрнэце і знешнюю, укладваць у гэта грошы.

«Калі табе рэкамендуюць схадзіць на кіно, дзе беларусы змагаліся з дрэннымі палякамі ў Заходняй Беларусі - ну, такое сабе. Ідэалагічнае кіно — прадукт, які трэба добра прасоўваць. У Расіі гэта яшчэ могуць рабіць і там ёсць прыклады добра зробленых ідэалагічных прац. У Беларусі з прасоўваннем усё вельмі дрэнна, толькі адміністратыўным чынам — гэта непрацоўны варыянт».

Калі б гэта была прэм’ера ўмоўнага «Чалавека-павука», не было б такой розніцы: ад поўнай да пустой залы. Калі выкупаецца цэлы шэраг, гэта значыць, што за нейкім прадпрыемствам або структурай замацоўваецца нейкая колькасць месца — і столькі яны павінны прывесці людзей, тлумачыць Тарналіцкі. Акрамя гэтага, ідэолаг кантралюе, прыйшлі людзі ці не.

Частка квіткоў на прэм’еру выдаецца бясплатна, частку — закупляюць прафсаюзы. Вядома, што студэнтаў у Мінску прымусілі купіць білет за 6 рублёў. Але запоўненасць залаў у гэтым выпадку — пытанне не грошай, а выканання ідэалагічнай місіі.

«Міністэрства культуры любіць справаздачыцца пра колькасць рэалізаваных квіткоў ці колькасць наведвальнікаў. Але ніхто ніколі не кажа, колькі зарабіла прадпрыемства на гэтым», — адзначае Тарас.

Як забяспечваюць яўку на фільм?

У Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце прэм’еру фільма ўнеслі ў праграму святкавання Дня народнага адзінства. На фільм запрашалі супрацоўнікаў «Гродна Азот».

«Аднымі з першых фільм паглядзяць навучэнцы школ і гімназій Гродна», — напісала «Гродзенская праўда» пра прэм’еру. Невядома, ці добраахвотна пайшлі дзеці на фільм. На фота дзяржгазеты бачныя вольныя месцы, хоць яны ўсе выкупленыя.

Школьнікі на прэм'еры фільма
Школьнікі на прэм’еры фільма. Фота: «Гродзенская праўда»

Таксама пра «загон» школьнікаў на фільм паведамлялі ў Магілёве, а студэнтаў — у Мінску.

«Інфармацыю пра фільм і магчымасці яго паглядзець мы накіравалі ва ўсе арганізацыі рэгіёну: у навучальныя ўстановы, установы аховы здароўя, культуры, сацыяльнай абароны, на прадпрыемствы», — паведаміў Леанід Гошка, кіраўнік «Гроднааблкінавідэапракату».

Ён сказаў, што цікавасць да «гістарычнай драмы» вялізная. Маўляў, раскупленыя квіткі не толькі на ўсе прэм’ерныя сеансы 14 верасня, але і на наступныя дні. Вялікую зацікаўленасць праяўляюць калектывы школ, каледжаў, ВНУ, піша БЕЛТА.

UPD 15 верасня. У Іўі прэм’еру наведалі ганаровы жыхар горада, ідэолаг прадпрыемства і сакратар БРСМ.

Кінапаказ наведалі гродзенскія медыкі: работнікі Гродзенскай універсітэцкай клінікі, абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, дзіцячай цэнтральнай гарадской клінічнай паліклінікі горада Гродна, гарадской паліклінікі № 5 горада Гродна, Іўеўскай ЦРБ і іншых арганізацый аховы здароўя вобласці.

Таксама на прэм’еру адправілі сілавікоў, чыноўнікаў і супрацоўнікаў «Гродна Азот» — апошнім дапамог прафсаюз.

Лаяльнасць паказваюць і прыватныя кінатэатры

«На другом берегу» пакажа і прыватны кінатэатр mooon ў ТРК Triniti.

Раней прыватныя кінатэатры не бралі такія ідэалагічныя фільмы ў пракат — у іх была распрацавана свая сетка паказаў. Пасля 2020 года яна знікла: з’явіліся праблемы з пракатам, кантэнтам — ён амаль увесь пірацкі. «Каб паказаць пэўную лаяльнасць, каб да цябе не было пытанняў, гэтыя кінатэатры і бяруць фільмы ў пракатную сетку», — тлумачыць Тарас.

На расійскую прапаганду ўсім пляваць

Такая ўвага да прэм’еры «На другом берегу» не звязаная з абурэннем Вольгі Бондаравай правалам расійскага прапагандысцкага фільма «Свидетель». «Калі б гэта прыйшло зверху — маўляў, трэба падтрымаць расійскі мілітыразм — безумоўна, прыйшлі б. <…> Гэта значыць, што ўсім пляваць на гэты фільм — у тым ліку, уладам».

Чытайце таксама:

Што за фільм?

«На другом берегу» расказвае пра Беларусь у 1925 годзе пасля Рыжскай дамовы, калі заходняя частка Беларусі адышла Польшчы. «У Заходняй Беларусі ўжо чатыры гады адбываюцца хваляванні, ідзе партызанская вайна, працуюць агенты савецкай разведкі. А спробы мясцовых жыхароў адстаяць хоць бы ўласную веру і царкву сканчаюцца жорсткім прыгнётам», — пішуць пра фільм.

Галоўны герой — беларус Павел Смоліч, які жыве недалёка ад мяжы з БССР. Ён перажывае смерць блізкага і сустрэчу з савецкай разведчыцай Лесяй Рубцовай, якая «карэнным чынам пераварочвае ўсё яго жыццё».

Рэйтынг фільма на «Кинопоиске» пакуль фармуецца. Рэжысёр фільма — Андрэй Хрулёў. Ацэнка яго фільмаў і серыялаў на «Кинопоиске» — ад 4,3 да 6,7.

Тарас лічыць, што «На другом берегу» — фільм невысокіх мастацкіх якасцяў і называе яго «мёртванароджаным кіно». «Ведаючы, як працуе „Беларусфільм“ і Міністэрства культуры, я нічога добрага не чакаю. Гэта пройдзе на нейкім афіцыёзе: збяруць чынавенства, палітычных актывістаў, прапагандыстаў. <…> Калі квіткі [на наступны дзень] не выкупленыя — гэта сведчыць пра тое, што, як заўжды, у „Беларусьфільма“ і Міністэрства культуры нічога не атрымалася з іх жаданнем ідэалагізаваць насельніцтва, бо насельніцтва — не дурное».