9−12 жніўня гродзенцаў-пратэстоўцаў і выпадковых мінакоў затрымлівалі з прымяненнем сілы і збівалі пасля затрымання ў ізалятары часовага ўтрымання. Гэта выклікала новую хвалю мірных пратэстаў у горадзе супраць гвалту сілавікоў. Пасля выпіскі з бальніцы ці выхаду з-пад варты пацярпелыя паехалі фіксаваць пабоі. Карэспандэнт Hrodna.life пагаварыў з тымі, хто чакаў сваёй чаргі на судова-медыцынскую экспертызу.

Агучваць лічбы забаронена

20 жніўня сваёй чаргі на экспертызу чакалі чацьвёра мужчын, іх выклікалі ў кабінеты па прозвішчах, праз паўгадзіны прыйшоў пяты. Трое распавялі свае гісторыі Hrodna.Life.

Час ад часу ў калідор выходзіла супрацоўніца экспертызы, прымала дакументы, правярала пашпарты, пыталася, ці згодныя тыя, хто звярнуўся фатаграфаваць пашкоджанні. Іншая яе калега тлумачыла людзям у калідоры, што яны робяць фота менавіта саміх пашкоджанняў «людзей, якія пацярпелі ад супрацоўнікаў АМАПа». На пытанне, ці шмат звяртаецца пацярпелых, адказала коратка: «Шмат». У каментары карэспандэнту Hrodna.life яна адмовіла: «Ніякай інфармацыі мы не даем». Трэцяя супрацоўніца экспертызы прызналася, што ім забаронена размаўляць са СМІ.

«Мы любога заб'ем, але вам горад не аддадзім». Пра што распавялі гродзенцы, якія прыйшлі здымаць пабоі ў судмедэкспертызу
Аддзел агульных экспертыз у Гродне

У прэс-службе Упраўлення судова-медыцынскіх экспертыз Hrodna.life адказалі, што не могуць паведаміць, колькі чалавек звярнулася да іх за аглядам збіцця. Экспертызы праводзяцца па пастановах праваахоўных органаў, і інфармацыя аб колькасці пацярпелых ёсць толькі ў Следчага камітэта.

Заяў аб траўміраванні супрацоўнікаў УУС або пашкоджанні іх маёмасці па Гродзенскай вобласці Следчы камітэт прыняў не менш за 15. Па медыцынскую дапамогу і з заявамі пра гвалт пры затрыманнях 9−12 жніўня звярнуліся больш за 100 чалавек. Гэтыя звесткі апублікавала «Гродзенская праўда» 18 жніўня. Таксама ў матэрыяле сказана, што следчыя працягваюць пошук пацярпелых. Атрымаць іншы каментар ад Следчага камітэта па тэлефоне не ўдалося.

Білі за інтэрв'ю

Гродзенцу Аляксандру Новіку 31 год. Ён працуе ў Маскве кіроўцам спецтэхнікі. У Гродна прыехаў адпачыць. Яго затрымалі 10 жніўня ў пачатку адзінаццатай вечара, каля будынка філармоніі. У ізалятары ён прабыў да 13:30 наступнага дня. Паводле яго слоў, падчас усіх допытаў у ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) яго білі.

«Мы любога заб'ем, але вам горад не аддадзім». Пра што распавялі гродзенцы, якія прыйшлі здымаць пабоі ў судмедэкспертызу
Аляксандр Новік прыехаў дадому ў Гродна адпачыць. Фота прадстаўлена героем

Адразу пасля вызвалення Аляксандр не ведаў, куды звяртацца. Пазней яму далі тэлефон адвакацкай канторы, там і патлумачылі, што рабіць. Звярнуўся ў Следчы камітэт, там узяў пастанову на правядзенне судмедэкспертызы.

«Мяне білі за тое, што я даваў інтэрвью, калі на Савецкай плошчы ставілі галасы за Ціханоўскую [стрым „Радыё Свабода“, з 27:45 хвіліны — заўв. Hrodna.life]. Білі па-жорсткаму, за тое, што назваў прозвішча чалавека з АБАЗ [аддзел па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю — заўв. Hrodna.life], які ў 2014 годзе хацеў сфабрыкаваць на мяне крымінальную справу. Як толькі не запалохвалі. Адзін нават „вагнераўцам“ прадставіўся», — распавёў ён.

«Адбыў суткі, далі штраф, забралі тэлефон, адпусцілі. Шмат каму давалі штрафы. Але некаторыя згаджаліся на тэрміны, каб не плаціць. Мне ж трэба было з’язджаць, у мяне праца ў Маскве. Звярнуўся са збіццём, з сінякамі на ягадзіцах, на нагах, спіне. Паўтары тыдні прайшло, усё яшчэ баліць».

Аляксандр распавёў, што тым вечарам яны з грамадзянскай жонкай ішлі каля філармоніі. Міма прабег нарад сілавікоў і не крануў, але варта было яму спыніцца і паглядзець, куды вядуць затрыманых — яго пачалі біць у спіну, заламваць рукі. У аўтобусе было каля 20 чалавек, пасля таго, як іх прывезлі ў ІЧУ на вуліцы Гая, аўтобусы з людзьмі прыязджалі яшчэ двойчы.

«У аўтобусе ў адкрытую казалі: „Мы любога заб’ём, але вам горад не аддадзім“. Калі мяне біў той, хто прадставіўся „вагнераўцам“, казаў: „Мне заплацілі грошы, я любога тут магу забіць“. У яго форма была не амапаўская, а кшталту ваеннай, колеру хакі, і пацёртая майка ваеннага камуфляжу, — распавёў Аляксандр. — У пракуратуры даваў паказанні - пыталіся, ці запомніў я яго вочы. Я цалкам яго запомніў, апазнаю! Назваў там і прозвішча опера, які мяне дапытваў і запалохваў, што пасадзяць на доўгі тэрмін, тыпу я хацеў ўзброены напад нейкі зрабіць. Казаў: „Можа табе наркотыкі падкінуць, каб ты сеў надоўга“». Па словах Аляксандра, усім затрыманым давалі пад подпіс аднолькавыя дакументы: удзельнічалі ў мітынгах, крычалі лозунгі.

Ішоў дадому праз парк

Віталю 68 гадоў, ён пенсіянер. Сваё прозвішча Hrodna.Life ён назваць адмовіўся. 10 жніўня яго, а 22:30 спынілі ў парку Жылібера, збілі і адпусцілі.

«Мяне не затрымлівалі. Проста ўдарылі некалькі разоў. Вечарам ішоў дадому праз парк Жылібера. У загароды былі людзі, вялі дыскусію з гэтымі „чорнымі“ таварышамі. Я падышоў паглядзець, што за агароджа, спыніўся, нікуды не бег, проста слухаў. Падбеглі людзі ў чорным, у шлемах: раз, два, у плечы, па нагах, пацягнулі. Білі ў сцягно, ніжэй спіны. Я кажу: „Што вы робіце? Я іду дадому“. Нічога не тлумачылі, але адпусцілі, не затрымалі. Гэта жахліва, шок».

Віталь паехаў у бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі 17 жніўня, бо чорныя сляды на целе не праходзілі, зняў пабоі. Потым яго выклікалі ў Следчы камітэт і накіравалі на экспертызу. Ці пісаць заяву ў праваахоўныя органы, ён пакуль не вырашыў.

Рука, лапатка, плячо

Вадзіму Кікуну 32 гады, ён ўстанаўлівае нацяжныя столі. У чарзе на экспертызу Вадзім выглядаў найбольш пацярпелым — сінякі на твары не прайшлі.

Вадзім сказаў, што яго збілі 9 жніўня на кальцы каля філармоніі. Крыніца Hrodna.life, якая была там і бачыла Вадзіма, распавяла, што гэта было 10 жніўня. Па словах мужчыны, ён ішоў з вуліцы Суворава ад знаёмага. Вадзім жыве ў цэнтры, і адзіны шлях быў праз Стары мост.

«Бачыў ачапленне, транспарт не ходзіць. Потым убачыў - натоўп з Савецкай. Рэзка на кальцо з усіх бакоў з’ехаліся аўтазакі, машыны, „чорныя“ павыляталі, пачалі без разбору ўсіх лупцаваць. Павярнуўся сыходзіць, хуткім крокам, і мяне нехта збоку ўдарыў, нават не бачыў, хто, чым — палкай прыляцела ў твар, прытомнасць страціў. Яшчэ рука, плячо, лапатка сіняя. Ачуняў, мяне пачалі падымаць, жанчына трымала галаву, лекар хуткай — за руку».

«Мы любога заб'ем, але вам горад не аддадзім». Пра што распавялі гродзенцы, якія прыйшлі здымаць пабоі ў судмедэкспертызу

Вадзіма адвезлі ў абласную бальніцу, у лор-аддзяленне: быў зламаны нос, пераломы ў правай частцы твару, паводле яго слоў, была пашкоджана сценка вокавага яблыка. «У лор-аддзяленні адзін ляжаў, але казалі, што аддзяленне сківічна-тваравай хірургіі ўсё забіта пацярпелымі ад АМАПа», — распавёў ён. Мужчыну выпісалі 19 жніўня. Накіраванне на экспертызу даў следчы.

«Эксперт са Следчага камітэта прыходзіў у бальніцу, забраў тэлефон нібыта для праверкі геалакацыі, узяў узоры тканкі з-пад пазногцяў. Абяцаў, што тэлефон прынясуць праз два-тры дні, я застаўся зусім без сувязі са сваякамі. Забраў тэлефон толькі 19 жніўня, як тлумачыў следчы, яго павінны былі праверыць наконт сувязі з каардынатарамі мітынгаў, праверыць, выпадковы чалавек ці не. Калі забіраў, тэлефон быў запячатаны».

Вадзім кажа, што раней у такія сітуацыі не трапляў, быў далёкі ад палітыкі, але зараз стаў бліжэй. Спачатку не хацеў пісаць заявы ў Следчы камітэт, потым усё ж перадумаў.

Чытайце таксама: