Галівуд любіць перазапускі: так прасцей, чым выпраўляць памылкі не зусім удалых фільмаў. Але гіпербалізацыя і пафас, якімі напоўнены новы варыянт «Дзяўчыны, якая…», гэта не больш, чым новыя памылкі.

Шведская экранізацыя серыі кніг Сціга Ларсана аб дуэце псіхаватай хакершы з «цмокам» і скандальнага журналіста стала хітом у сусветным пракаце. Упартыя пошукі праўды ў змрочных загадках мінулага і фанатычнае імкненне да справядлівасці ў сучаснасці, а яшчэ на фоне прывіднай шэрасці скандынаўскага пейзажу, выклікалі цікавасць не толькі ў гледачоў, але і ў галівудскіх студый.

Амерыканцы менш чым за два гады выпусцілі сваю версію фільма з касмічных памераў бюджэтам, майстравітым Фінчэрам у якасці рэжысёра і завышанымі чаканнямі на паўтор поспеху арыгінальнай трылогіі. Амерыканскую «Дзяўчыну з татуіроўкай дракона» крытыкі расхвалілі за атмасфернасць, змрочнасць і рэалістычную дакладнасць экранізацыі, але глядач не «прагаласаваў доларамі».
Зборы не задаволілі апетыты галівудскіх прадзюсараў і з’яўленне працягу завісла ў паветры, пакуль у 2016−2017 гадах не сталі з’яўляцца навіны аб пачатку вытворчасці працягу.

Новыя акторы і зменшаны бюджэт

Студыя Sony не збіралася запрашаць старую каманду і працягваць экранізацыю астатніх кніг Сціга Ларсана. Для сюжэтнай асновы фільма быў узяты дэтэктыўны раман «Дзяўчына, якая захрасла ў павуціне» Давіда Лагеркранца, якая выйшла праз 10 гадоў пасля смерці аўтара арыгінальнай трылогіі. Сюжэт кнігі працягвае прыгоды пары галоўных герояў Саландэр-Блумквіст. Для здымак былі наняты новыя рэжысёр і акцёры, значна паменшаны бюджэт. Новая стужка павінна была стаць адначасова і працягам, і «мяккім» перазапускам.

Зразумелыя асцярогі студыйных босаў: жаданне паменшыць фінансавыя рызыкі на фоне правалу папярэдняга фільма. Але, такім чынам яны пахавалі ідэю вяртання да арыгінальнага сюжэту і паставілі рубам пытанне: а ці трэба было наогул амерыканцам здымаць сваё кіно,
калі існуе выдатны шведскі варыянт? І ці будзе раўнацэннай замена літаральна ўсяго дзеля перазапуску? Для Галівуду, які любіць рэмейкі і перазапускі, прасцей пачаць усё спачатку, чым паспрабаваць выправіць памылкі мінулага.

Адзіны плюс — прыгожая карцінка

Калі пачынаць з плюсаў, то ў «Дзяўчыне, якая захрасла ў павуцінні» ёсць усяго адзін: аператарская праца. Яе няма за што крытыкаваць, у ёй выдатна ўсё. Дзякуючы ёй Швецыя паказвае сябе адначасова краінай загадкавай будучыні і прыгожага мінулага: суровая прырода змяняецца гарадскімі «джунглямі», вінтаж суседнічае з інавацыямі.

У астатнім усё менш вясёлкава. Сюжэт новага фільма страціў сваю змрочнасць, а атмасфера напоўнена фальшывымі прэтэнзіямі на арыгінальнасць. Стваральнікі перанеслі акцэнты на Лісбет Саландэр і ролю Мікаэля Блумквіста звялі да ўзроўню бездапаможнага статыста. Лісбет ўсё тая ж феміністка, а яе хакерскія здольнасці цяпер развіліся да амаль звышнатуральных вышынь: яна цяпер не проста помсціць мужыкам-садыстам, але здольная сваімі дзеяннямі раздражняць сусветныя спецслужбы.

Галоўная гераіня стала «Бондам-Борнам-Хантам у спадніцы», узброілася электрашокерам і вырашыла выратаваць свет. Усе яе хады пралічаныя наперад, пафас зашкальвае, свет у небяспецы. Гіпербалізацыя таго, што адбываецца, перабольшанне магчымасцяў гераіні ператвараюць апавяданне ў трызненне.

Падчас прагляду «Дзяўчыны…» 2018 года адбываецца канфлікт двух крайнасцяў: калі ты захапляешся візуальным бокам, але не прымаеш бессэнсоўнага развіцця сюжэту. Свядомасць усімі сіламі спрабуе не верыць прыгажосці таго, што адбываецца. І, мяркуючы па шматлікіх водгуках на фільм, у яе мала хто верыць.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]