Валянцін Яблонскі нарадзіўся ў 1930 годзе ў вёсцы Казловічы. У 1952 годзе яго сям’ю вывезлі ў Казахстан — працаваць на баваўняных палях. Валянцін перажыў высылку, з’ехаў у Польшчу і пасяліўся ў Беластоку. 15 красавіка ён памёр. Да гэтага Яблонскі паспеў стаць героем фільма «Тры чвэрці да смерці» пра палякаў, дэпартаваных у Казахстан з Беларусі. Гісторык Ежы Рагазінскі з Інстытута Пілецкага распавёў Hrodna.life пра здымкі фільма і лёс галоўнага героя.

У фільме Валянцін Яблонскі распавядае, што калі на Гродзеншчыну прыйшла савецкая ўлада, спачатку ў іх у вёсцы было спакойна. Але паступова сітуацыя стала мяняцца. Заможных сялян сталі раскулачваць і вывозіць на Усход.

Апошняя дэпартацыя: выслалі ў Казахстан 5000 чалавек

У 1940-х, пасля вызвалення Гродна ад немцаў, Валянцін пайшоў вучыцца ў польскамоўную школу. Яна некаторы час працягвала працаваць нават у межах савецкага ладу. Пасля Валянцін паступіў у Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт. Там яго і арыштавалі.

«Мяне арыштавалі 17 красавіка 1952 года і даставілі ў органы бяспекі. Адтуль перавезлі ў Оршу. Туды заўсёды прывозілі ўсіх зняволеных. І там вызначалі, у якім кірунку варта іх везці. Я там быў суткі, мяне потым перавезлі ў Мінск. Там ужо трапіў у адпаведныя вагоны. Мне сказалі, што мяне завязуць да сям'і», — успамінае ў фільме Валянцін Яблонскі.

Паводле звестак беларускага гісторыка Анатоля Вялікага, у 1952 годзе савецкая ўлада ўхваліла дэпартацыю 1375 сем’яў з Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей — усяго 6064 чалавека. У выніку было дэпартавана менш за 6000 чалавек. Некаторым сем’ям удавалася схавацца, у спісах былі памылкі, часам іх у спешцы мянялі. Дэпартаваныя маглі браць з сабой каштоўныя рэчы, прадметы хатняга ўжытку і прадукты харчавання. Іх нерухомую маёмасць забірала савецкая ўлада.

У таварным вагоне Валянціна прывезлі ў Казахстан у саўгас «Пахта-Арал» у вёсцы Ільіч. Замест студэнцкай аўдыторыі ён трапіў на прымусовыю працы па вырошчванні бавоўны. Праз некаторы час ён знайшоў у Казахстане сваю сям’ю. Яны, як і многія іншыя жыхары Заходняй Беларусі, сталі ахвярамі апошняй з серыі дэпартацыяў.

Вывезенные в Казахстан. Фото из архива семьи Яблонских
Вывезеныя ў Казахстан. Фота з архіва сям'і Яблонскіх

Выжыць дапамог казахскі падлетак

Сям’я Яблонскіх трапіла ў вельмі цяжкое становішча: кепскія санітарныя ўмовы, нястача прадуктаў харчавання і цяжкія працы на сонцы былі прычынай высокай смяротнасці сярод дэпартаваных. Маці Валянціна Амеліі Яблонскай давялося адной утрымліваць траіх дзяцей, бо яе мужа арыштавалі яшчэ ў 1948 годзе, а ў 1951-м адправілі ў Сібір.

Семья Яблонских. Фото из архива семьи Яблонских
Сям’я Яблонскіх: Валянцін, малодшыя сёстры Тэрэза і Станіслава, маці Амелія. Фота з архіва сям'і Яблонскіх

Пазней Валянцін моцна захварэў. «Тры чвэрці да смерці», — так ён называў той свой стан. Яго сям'і дапамог 16-гадовы казах Тасыбай Абдыкарымаў: ён дзяліўся сваёй ежай з суседзямі. Дзякуючы гэтаму Яблонскія змаглі адаптавацца і выжыць у Казахстане.

«Тры чвэрці да смерці». Гісторыя сяброўства высланца з вёскі пад Гроднам і казахскага хлопца, які выратаваў яго
Сям’я Яблонскіх. Фота з архіва сям'і Яблонскіх

Тасыбай Абдыкарымаў успамінаў: «Мясцовыя аксакалы абышлі ўсе аулы, увайшоўшы ў кожны дом і сказаўшы, каб прынялі высланцаў. Калі ёсць хлеб — то няхай падзеляць краюху хлеба, калі ёсць чай, то няхай падзеляць чай, малако. Казалі: «Хутка падвязуць для іх і хлеб, і малако, але пакуль вы павінны прыняць іх і падзяліцца ежай».

Хлопцы пасябравалі. Валянцін навучыў Тасыбая фатаграфаваць на фотаапарат, які купіў на гродзенскім кірмашы і прывёз з сабой у высылку. Ён хваляваўся за будучыню Тасыбая і параіў яму паступіць у інстытут меліярацыі і бавоўнаводства ў Ташкенце. Сам Валянцін, дзякуючы няскончанай медыцынскай адукацыі, стаў фельчарам. Гэта дазволіла яму пазбегнуць забойнай працы пад пякучым сонцам на баваўняных палях. Замест гэтага ён ездзіў на ровары па аулам і лячыў хворых, рабіў уколы.

З’ехаў з Казахстана, але ў Гродна не вярнуўся

Пасля смерці Сталіна ў 1953 годзе ў дэпартаваных палякаў з’явілася магчымасць вярнуцца дадому. Яблонскія вырашылі вяртацца ў 1956 годзе. У Паўднёвым Казахстане засталіся магілы памерлых там дзвюх сясцёр, брата і бацькі Валянціна. Магілы доўгія гады даглядаў Тасыбай.

Фото из Казахстана. Архив семьи Яблонских
Фота з Казахстана. Архіў сям'і Яблонскіх

Валянцін Яблонскі з маці спачатку пасяліліся ў заходняй частцы Польшчы, на былых нямецкіх землях. Потым яны перабраліся ў Беласток, бліжэй да роднай гродзенскай зямлі. Валянцін Яблонскі стаў заслужаным урачом і актывістам мясцовага аддзялення Саюза Сібіракоў (арганізацыя, якая аб’ядноўвае былых высланцаў і іх нашчадкаў). Ён памёр 15 красавіка 2021 годзе, яму быў 91 год. Яго сябар з Казахстана Тасыбай памёр годам раней.

«Карціна пра сяброўства на фоне трагічнай гісторыі, амаль невядомай у Польшчы»

Гісторык Ежы Рагазінскі з Інстытута Пілецкага быў уражаны гісторыяй сям'і Яблонскіх і сяброўствам Валянціна і Тасыбая Абдыкарымава. У 2018 годзе ён запісаў іх гісторыі. Праз тры гады інстытут выпусціў фільм пад назвай «Тры чвэрці да смерці».

«У верасні 2018 года мы адправіліся на поўдзень Казахстана, каб запісаць сведак тых падзей: Тасыбая Абдыкарымава, яго сям’ю, суседзяў і іншых. Але гісторыя была настолькі цікавай і ўзрушальнай, што мы вырашылі не проста запісаць гісторыі, а зрабіць паводле іх фільм. Атрымалася карціна пра сяброўства Тасыбая і Валянціна Яблонскага на фоне трагічнай гісторыі, амаль невядомай у Польшчы», — распавядае Hrodna.life Ежы Рагазінскі.

Дзякуючы працы Інстытута Пілецкага і сям'і Яблонскіх, Тасыбай Абдыкарымаў атрымаў у 2019 годзе медаль «Virtus et Fraternitas» (у перакладзе з латыні - «Цнота», «Братэрства»). Гэтую грамадзянскую ўзнагароду ўручаюць тым, хто з 1917 па 1990 гады дапамагаў палякам-ахвярам таталітарных рэжымаў і злачынстваў супраць чалавецтва або дапамагаў захоўваць памяць пра іх. Медаль Тасыбаю Абдыкарымаву ўручыў у Варшаве прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. На ўручэнні Тасыбай і Валянцін змаглі зноў сустрэцца.

Чытайце таксама: «Родной город я знаю только по фотографиям». История гродненки, которая 76 лет назад уехала в Белосток

«Тры чвэрці да смерці». Гісторыя сяброўства высланца з вёскі пад Гроднам і казахскага хлопца, які выратаваў яго
Тасыбай Абдыкарымаў і Валянцін Яблонскі у Варшаве на ўручэнні ўзнагароды. Фота прадастаўлена Ежы Рагазінскім

Многія матэрыялы так і не ўвайшлі ў фільм

«У 2020 годзе ў нас атрымаўся чарнавы варыянт фільма. Трэба было атрымаць дазвол на архіўныя фрагменты кінахронікі і ўсё прывесці ў парадак. Да жаль, ніхто з герояў карціны не ўбачыць гэты фільм. Але я думаю, ён павінен быць цікавы гледачам у Польшчы, Беларусі і Казахстане. Асабліва тым, хто цікавіцца пасляваеннай гісторыяй Гродзенскай вобласці».

Гісторык дадае, што вельмі шмат сабранага матэрыялу не ўвайшло ў фільм.

«Напрыклад, у Казловічах мы шмат чулі пра Пятра Коваля, героя Вялікай Айчыннай вайны. У Беларусі яго шанавалі як героя, а мы ведаем, што ён быў адказны за дэпартацыю з гэтых месцаў і браў з людзей даніну па 20 літраў самагонкі з кожнага вясковага дома. Так што ўсталяванне савецкай улады на гэтых тэрыторыях выглядала цікава», — дадаў гісторык.

Інстытут Салідарнасці і Мужнасці імя Вітольда Пілецкага (Інстытут Пілецкага) — польская дзяржаўная ўстанова. Яго мэта — захаванне памяці пра палякаў і грамадзян Польшчы іншых нацыянальнасцяў, якія сталі ахвярамі злачынстваў супраць міру, чалавецтва або ваенных злачынстваў ў 1917−1990 гг. Яго часам называюць польскім аналагам ізраільскага інстытута «Яд ва-Шэм».

Чытайце таксама: Сямейная крама і беларуская школа падчас акупацыі. Гісторыя карэннай гродзенкі з вуліцы Прыгараднай