Да 2023 года беларускія навукоўцы абяцаюць распачаць вытворчасць айчыннай вегетарыянскай і веганскай каўбасаў, сасісак, катлет і марозіва. Распрацоўкай рэцэптуры прадуктаў займаецца Інстытут мяса-малочнай прамысловасці Акадэміі Навук Беларусі. Пра гэта 30 лістапада паведаміў партал Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Hrodna.life даведаўся ў гродзенскіх вегетарыянцаў і веганаў, ці лёгка зараз набыць падобныя прадукты ў Гродне і якой яны хацелі б убачыць айчынную вегетарыянскую каўбасу.

Ці складана знайсці веганскую прадукцыю ў Гродне

«У прынцыпе тавары для вегетарыянцаў можна знайсці ў любой краме. Я аддаю перавагу такім як Green, Карона і Еўраопт», — распавяла Hrodna.life вегетарыянка Ілона Кароль.

веганская каўбаса, вегетарыянскія прадукты
Вегетарыянскія прадукты ў гродзенскай краме «Green». Фота: Hrodna.life

«Складанасці ёсць, але супермаркеты ў Гродне сталі нашмат вегафрэндлі ў параўнанні з тым, што было два гады таму. То бок соевыя кавалачкі былі заўсёды, а вось за тофу і расліннымі каўбаскамі, сасіскамі трэба было ехаць у сталіцу. Зараз такія прадукты можна сустрэць часцей», — распавёў Hrodna.life вегетарыянец Дзяніс Ліс.

Чым адрозніваюцца веганы ад вегетарыянцаў

Вегетарыянцы — гэта людзі, якія не спажываюць у ежу мяса, птушак, рыбу, малюскаў, а таксама іншыя прадукты, якія здабываюцца праз забойства жывёл.

Веганы — гэта людзі, які выключаюць не толькі мяса жывёлаў, але і малочныя прадукты, яйкі і любыя іншыя інгрыдыенты жывёльнага паходжання.

Журналіст Hrodna.life паспрабаваў знайсці вегетарыянскую каўбасу ў краме Green, якую для пошуку такіх прадуктаў рэкамендавалі часцей за іншыя. Аднак увечары 3 снежня на стэндах з вегетарыянскім харчаваннем не было ніводнага аналага каўбасы: толькі веганскія варыянты малака і сыра. Не знайшлі мы вега-каўбас і ў каталозе «Е-дастаўкі» ад «Еўраопта». Затое знайшлі іншую спецыялізаваную інтэрнэт краму, дзе было ажно 16 варыянтаў вегетарыянскай каўбасы і сасісак. У сярэднім яны ў тры разы даражэй за мясныя.

Чытайце таксама: «А мне опять — картошку и греческий». Общепит Гродно не хочет кормить вегетарианцев

Якія веганскія прадукты ўжо робяць у Беларусі

У краме «Еўраопт» сярод харчовых тавараў для веганаў беларускай вытворчасці можна знайсці толькі «Веганскія прадукты з араматам сыра». Усе астатнія тавары пераважна імпартныя.

Веганскія сыры, катлеты, малако, нават зерне кукурузы — расійскай вытворчасці. Таксама ёсць прадукты з Польшчы, Бельгіі і Тайланда.

Колькі каштуюць веганскія прадукты ў Гродне

«Застаецца адкрытым пытанне цэнаў. Калі хочаш харчавацца разнастайна, будзь гатовы выдаткаваць грошы. Калі бюджэт абмежаваны, не важна веган ты ці не, прыйдзецца сабе ў чымсці адмаўляць, у разнастайнасці напрыклад, сбалансаванасці, якасці, — кажа Дзяніс. — Калі гаворка пра цану веганкаўбасы і звычайнай, адназначна веганкаўбаса нашмат затратней. Прыклад з сасіскамі: кіло мясных каштуе прыкладна 6−10 рублёй, а цана на пачак 250 г веганскіх, пачынаецца ад 10 рублёў».

Чытайце таксама: Ці можна ў Гродне піць ваду з-пад крана?

Ці будуць гродзенцы купляць каўбасу беларускай вытворчасці

«Тут пытанне смаку. Не важна, што будзе цана таннейшая ці даражэйшая за імпартныя. Калі ў яе смак паперы, а такія сустракаюцца нават сярод імпартных прадуктаў, ніхто не будзе яе купляць. Але нават калі яе можна будзе есці, а цана не будзе „кусацца“, мне падаецца, наша прадукцыя будзе ў прыярытэце, — распавёў Дзяніс. — Як вегетарыянец, я рады, што падобныя прадукты пачынае прадукаваць дзяржпрадпрыемства».

«Я б дакладна паспрабавала, але не кожны дзень і не кожны тыдзень. Бо гэта не зусім тая ежа, якую я зараз абіраю. 1−2 разы на месяц, напрыклад, на пікнік альбо ў якасці перакуса я б узяла такую прадукцыю», — распавяла Hrodna.life Анастасія Баброўская.

Якім будзе рэцэпт вегетарыянскай каўбасы

Ужо вядома, што ў склад беларускай вегетарыянскай каўбасы ўвайшлі фасоля, гарохавая мука, бульбяное пюрэ, сухое малако, сыроваткавы бялковы канцэнтрат, вяршковае масла, натуральныя араматызатары і харчовыя дадаткі для захавання яе формы і кансінстэнцыі. У веганскім варыянце ў складзе не будзе малочных прадуктаў. Сою ў каўбасу не дадавалі. Па словах распрацоўшчыкаў, «у беларусаў да яе неадназначнае стаўленне».

У замежных варыянтах веганскай каўбасы, што даступныя у Беларусі, у складзе звычайна соевы, пшанічны і гароховы бялок, бульбяны ці кукурузны крахмал, раслінныя алеі і натуральныя фарбавальнікі, напрыклад, з бурака. У некаторых варыянтах былі ў складзе марскія водарасці.

Калі з’явяцца новыя прадукты ў крамах і колькі яны будуць каштаваць

У Інстытут мяса-малочнай прамысловасці Акадэміі Навук Беларусі ўжо стварылі некалькі лабараторных узораў расліннай каўбасы і правялі дэгустацыі. Працу над рэцэптурай плануюць завяршыць да канца 2022 года. Вытворчасць пачнуць у 2023. Па словах распрацоўшчыкаў, цана на веганскую каўбасу будзе ніжэй, чым на мясную.

Акрамя каўбасы мяркуюць таксама вырабляць сасіскі са смакам курыцы і ялавічыны, катлеты і веганскае марозіва з аўсянага малака.