Амаль кожны гродзенец не адзін і не два разы ў жыцці бываў на гэтай вуліцы. Аднак ніхто не ведае яе назвы. Замкавая — гэта Замкавая, Вялікая Траецкая — гэта Вялікая Траецкая, а вось як называецца спуск ад пажарнай каланчы да вусця Гараднічанкі - ніхто не ведае. Ды і чаму ён мусіць неяк называцца, калі на ім няма ніводнага дома?

Між тым яшчэ 12 гадоў таму пад самай Замкавай гарой туліўся дамок, які меў адрас Старазамкавая № 15. Цікава, што Старазамкавая — гэта назва савецкай эпохі, а нейкае імя гэты спуск упершыню атрымаў у міжваенныя гады. Тады ён называўся вуліца Святога Казіміра. Шкада, што сёння ў Гродне няма вуліцы, названай у гонар святых.

Раскажам і пакажам на фотаздымках, як выглядала гэтая вуліца ў 19 — першай палове 20 ст.

Пачатак спуска да Нёмана на малюнку Напалеона Орды 1860-х гг. і сёння. На старой выяве бачная шчыльная драўляная забудова знізу, а на гары забудова каралеўскіх стайняў. Адзін з флігеляў стайняў ацалеў дасюль, а другі згарэў у 1885 г. Таксама бачна ранейшая драўляная пажарная вежа.

Сучасны і 50-гадовай даўніны выгляды спуска да Нёмана. Вуліца добраўпарадкавана брукам і польскай пліткай, але будынкаў у гэтай частцы ўжо няма. Цікава, што менавіта па гэтым «дэфіле» паміж Замкавай гарой і сучаснай пажарнай часткай збіраўся ў пачатку 1706 г. штурмаваць Гродна шведскі кароль Карл ХІІ. Але сіл у яго было не так і шмат — і ён перадумаў, калі зразумеў, што рускія салдаты змогуць закідваць ягоных жаўнераў камянямі з Замкавай гары.

Загін вуліцы святога Казіміра ў бок сучаснай вуліцы Рабочай некалі быў вельмі шчыльна забудаваны. Тут жылі літаральна сотні чалавек. Быў як мінімум адзін мураваны двухпавярховы дом. Цяпер ад яго засталася толькі задняя апорная сценка пад пажарнай часткай.

Глядзіце: гродзенская вуліца без адзінага дома, назвы якой вы не ведаеце

Старазамкавую часта залівала вадою і вясной па ёй можна было праплыць на лодцы.

Глядзіце: гродзенская вуліца без адзінага дома, назвы якой вы не ведаеце

Гэты дом захаваўся да сённяшняга дня, але адносіцца не да Старазамкавай вуліцы. Самую вуліцу бачна далей пад Замкавай гарой. 1950-я гг.

Глядзіце: гродзенская вуліца без адзінага дома, назвы якой вы не ведаеце

Пачынаючы з часоў Напалеона Орды да сённяшняга дня забудова вуліцы цалкам дэградавала. Сёння на месцы апошняга дома вуліцы своеасаблівы японскі сад — невялікія дрэўцы, што амаль не выраслі за 10 гадоў, і каменні, якія пападалі з Замкавай гары.

Глядзіце: гродзенская вуліца без адзінага дома, назвы якой вы не ведаеце

Так выглядала Замкавая гара і Старазамкавая вуліца ў 1968 г.

Глядзіце: гродзенская вуліца без адзінага дома, назвы якой вы не ведаеце

У адным з гродзенскіх ЖЭСаў яшчэ вісіць такая карта з паказаным на ёй домам Старазамкавая № 15 і назвай вуліцы.

Глядзіце: гродзенская вуліца без адзінага дома, назвы якой вы не ведаеце

Гэтыя дамы пад Замкавай гарой таксама маглі б адносіцца да Старазамкавай вуліцы, але абваліліся ў Нёман яшчэ ў часы Першай сусветнай вайны. Які яны мелі адрас у пачатку ХХ ст. — невядома.