Штогод медыі друкуюць спісы самых папулярных дзіцячых імён. Гродзеншчына ў гэтым плане ідзе ў межах агульнабеларускіх трэндаў, калі папулярнасць імёнаў імкліва расце, а пасля вельмі хутка падае. А якія імёны былі ў нас у даўнія часы?

Традыцыйныя імёны вяртаюцца?

Ужо ўвайшло ў свядомае жыццё народжанае ў першай палове 90-х пакаленне Артураў і Дзіянаў, а дзіцячыя садкі і першыя класы гродзенскіх школаў напоўненыя Палінамі, Ксеніямі ды Глебамі. Гадоў 10−15 таму надзвычайнай папулярнасцю карысталіся Валерыі, Уладзіславы ды Даніілы.

Сёння, адзначаюць спецыялісты ЗАГСаў, сітуацыя трохі змяняецца ў бок вяртання традыцыйных імёнаў. У 2017 годзе гродзенскіх хлопчыкаў называлі - Арцём, Максім, Міхаіл ды Аляксандр, а вось сярод дзяўчат дамінавалі Сафія, Дар’я, Анастасія, Ксенія… Трэйцяе месца ў Гродне наогул заняла Аліса. Што тут скажаш, Беларусь — краіна цудаў.

А што ў суседзяў?

Таксама трэба ўлічваць гродзенскую спецыфіку, бо тыя бацькі, якія разлічваюць, што будучыня іх дзіцяці будзе шчыльна звязана з нашай заходняй суседкай, адразу даюць дзецям адпаведныя імёны накштал Вацлаў або Ядвіга. Цяжка, праўда, сказаць наколькі гэтыя імёны карыстаюцца папулярнасцю ў цяперашняй Польшчы.

Дарэчы, у нашых суседзяў сітуацыя з імёнамі выглядае па-рознаму. Літоўцы найбольш любяць даваць дзецям імёны сваіх (і нашых таксама) герояў - Вітаўтасы ды Гедымінасы, а таксама адрадзілі масу старых паганскіх імёнаў накшталт Лінас (лён), Азуолас (дуб), Мілда (багіня кахання), Эгле (елка), Аўшра (світанак) ды мноства іншых. Відавочна, што ў якім 18 ст. такім чынам называць дзяцей ніхто б не дазволіў.

Палякі разам з класічнымі хрысціянскімі імёнамі захавалі шмат сваіх славянскіх імёнаў накшталт Лех, Збігнеў, Уладыслаў… Украінцы падобныя да беларусаў, але больш шануць імёны сваіх гістарычных асобаў. Тарас ды Багдан — звычайныя сучасныя ўкраінскія імёны.

Калі масава з’яўляюцца дакументы

У гэтым кантэксце цікава паблукаць па старонках гродзенскіх дакументаў 16 — 18 стагоддзяў, каб паглядзець, якія імёны насілі нашыя далёкія продкі. 500 гадоў - гэта прыкладна дваццаць або дваццаць пяць пакаленняў, адпаведна тое нашыя прабабулі і прадзядулі «ў дваццаць пятай ступені». Раней прасачыць імёны продкаў цяжкавата, бо менавіта ў 16 ст. у нашым рэгіёне з’яўляюцца масавыя дакументы (прывілеі, вопісы, інвентары), якія даюць магчымасць для шырокага аналізу.

Таксама прыдзецца засяродзіцца перавожна на мужчынскіх імёнах, паколькі жаночыя сустракаюцца ў дакументах радзей.

Першая група — імёны, вядомыя сёння

Яны далёка не заўсёды вельмі папулярныя, але ў нас, скажам так, на слыху:

Ігнат, Андрэй, Антон, Станіслаў (Станька), Раман, Павел, Максім, Мікалай, Тарас, Ясь (Янук, Іван, Івашка, Іванец), Сяргей, Дзмітрый, Аляксей (і Алехна), Грышка (ад Рыгор, Грыгорый), Васіль, Сенка (мабыць, ад Арсень), Санюк (ад Аляксандр), Мікіта.

Такія простыя імёны мелі сяляне і большасць гродзенскіх рамеснікаў 16 ст. У дакументах часта фігуруюць «Сенка чабатар» або «Сеўка калеснік». Ды і характэрныя скароты імёнаў асабліва простых гродзенцаў не крыўдзілі.

Шляхціцаў імёны як правіла пісалі поўнасцю — Мікалай Каўнацкі, Павал Канаржэўкі, Алехна Гардзяевіч. У гэтым выпадку Алехна — цікавая мясцовая версія імя Аляксей. А вось Андрэй мог пераўтварыцца ў Эндруся ці Эндрыяша.

Другая група — рэдкія сёння, напаўзабытыя імёны

Панас, Марцін (Марцішка), Гаўрыла, Ярома (Ярэма), Карп, Піліп, Астап, Анупрэй, Амяльян (Мяльян, Мялян), Яўсей (Аўсей), Зіноў (ад Зіновій), Селівон, Астап (Астапец), Здан (Ждан), Парфён, Ёшка (ад Іосіф, Язэп), Якуб.

Гэта далёка не поўны спіс паўзабытых імёнаў старых гродзенцаў. У 1530-х гг. у Гродне таксама жылі рамеснікі Трахім і Хілімон Васілевічы (заўважце літара Ф тады не ўжывалася і замянялася на Х). Шляхцічы маглі мець імёны Лаўрын (Лаўрынам звалі княжацкага чыноўніка Войну, які склаў попіс Гродзенскай эканоміі) або Леў.

Трэцяя група — зусім забытыя сёння імёны

Матыс, Мілан, Яч (Ячка), Гашчыла, Дзешка, Мажэйка, Будзька, Вялічка, Мел (Мель), Крас, Насута, Войтка, Жук, Бел (Бель), Місюк, Грынь, Бацечка, Юргель, Лют (Люцік), Галаўня, Нарко, Палуян, Гапон, Каленік, Конан, Малафей, Голуб (Галубец).

Імёны з апошняй групы захаваліся ў нас сёння толькі як прозвішчы і прыведзены спіс далёка не поўны. Напрыклад у 1560-х гг. у Гродне жыў гаспадарскі каваль Мацко Нарковіч (Мацко — імя). Як тут не паверыць у пераемнасць пакаленняў калі самага знакамітага гродзенскага каваля сёння клічуць Юрась Мацко. У каваля быў сваяк Копель Нарковіч.

Сярод гродзенцаў можна сустрэць муляра Ясюту Мазневіча, шляхціча Рабея Грынковіча, рамеснікаў Міска Адамовіча і Варуца Андрэевіча, дзегцяроў Макея і Кур’яна Глябовічаў і многіх іншых носьбітаў экзатычных імёнаў. Паўторымся, што акурат у XVI стагоддзі на нашых землях ішоў працэс фарміравання сталых радавых прозвішчаў таму імёны продкаў Кур’ян і Макей засталіся як прозвішчы вядомага тэлевядучага ды міністра замежных спраў Беларусі.

Тутэйшае гучанне

Імёны вельмі часта набывалі арыгінальнае беларускае гучанне. Напрыклад Савашчан (Себасьцьян), Алізар (Елізарый), Баўтрамей (Варфаламей), Еўлаш (Яўлампій). Сустракаліся сярод сялян і тыпова «біблійныя» імёны — Майсей, Абрам, Адам, Сава, Лука. З гараджанамі было ўжо складаней, тут носьбітамі біблійных імёнаў амаль заўсёды былі яўрэі.

Аўтару гэтага тэкста асабліва прыйшлося даспадобы шляхецкае імя Багухвал, якое пару разоў сустракаецца ў гродзенцаў 16 стагоддзя. Падобна і да Багдана і да Багуслава, але нашае, незвычайнае.

Жаночыя імёны

З жаночымі імёнамі цікава, бо ў дадатак да традыцыйных вельмі папулярных і сёння, і паўтысячагоддзя таму Соф'і (Зоф'і, Зосі), Анастасі, Ганны або Марыі, згадваюцца і такія старыя беларускія імёны як Галуба, Уліта, Валіянта, Дося, Матрона, Лішка або Касюта.

Ужо ў 17 ст. сітуацыя пачынае заўважна змяняцца. Масава з’яўляюцца заходнія імёны больш каталіцкага гучання — Хрызастом, Баўтрамей, Казімір, Стэфан, а сярод жанчын моднымі становяцца Канстанцыя, Роза, Брыгіда, Дарота або нават Гэнавэфа і Тэафілія. У адным дакуменце з Гродзеншчыны нават давялося бачыць вядомае нам толькі па бразільскіх серыялах імя Факунда. Ну і для сучасных іспанцаў і для старых беларусаў корань імя быў той самы — ад лацінскага Факундас — красамоўны.

Рэдкае імя «схавалася» ў назве вуліцы

Парадаксальна, але выглядае, што сёння мужчынскія і жаночыя імёны, зрабіўшы такое вялікае кола ў пяццот гадоў, вяртаюць былую папулярнасць. Прынамсі гэта тычыцца Максімаў, Міхалаў, Сафій і Марый. Цікава ці з’явіцца калі ў Гродне хлопчык, якому нададуць імя Богухвал?

Дарэчы, вельмі рэдкае старое імя зафіксавана ў назве адной з гродзенскіх вуліц. Хто ведае або здагадваецца, напішыце ў каментарыях.