Апошні матч першага круга чэмпіянату Беларусі прайшоў у Брэсце 7 ліпеня. Для гродзенцаў гэта гульня была цікавая тым, што «Нёман» сустракаўся са сваім прамым канкурэнтам «Дынама-Брэст», ды і вырашалася, хто ж станем лідэрам у чарговым Заходнім дэрбі. Гродзенскія заўзятары выязджалі ў Брэст са словамі «Гродна таксама крэпасць».

Спецыяльна на матч у Брэсце кіраўніцтва «Нёмана» арганізавала бясплатны выезд гродзенскіх заўзятараў. З запланаваных трох аўтобусаў на 120 месцаў, адправілася ў горад над Бугам ўсяго два, а гэта 50 чалавек. Такі падарунак заўзятарам «Нёман» рабіў апошні раз у 2015 годзе, калі ў руля жоўта-зялёных быў Леанід Дзмітраніца.

«Клуб пастараўся для заўзятараў і прадаставіў аўтобусы. Вось толькі многія запісаліся і не паехалі. Потым арганізоўвай яшчэ падобныя паездкі…», — казала перад адпраўленнем супрацоўнік гродзенскага клуба па працы з заўзятарамі Вольга Трафімавіч.

"Гродна таксама крэпасць". Як мы заўзелі ў Брэсце за "Нёман"
Адзін з аўтобусаў, які прадаставіў заўзятарам клуб
Два аўтобусы выехалі ад ЦСК «Нёман» у 16:10 і павінны былі прыбыць да 20:00 да брэсцкага стадыёна. З заўзятарамі ў аўтобусах адправіліся і супрацоўнікі АМАПу, якія адразу далі зразумець, што алкагольныя напоі распіваць у транспарце забаронена і настойліва ўсім прапаноўвалі «гаручае» перанесці ў багажнае аддзяленне.

Паша і крыўда на Савіцкага

Разам з заўзятарамі на выезд адправіўся і легенда гродзенскага спорту Паша, які з нецярпеннем чакаў матчу і сустрэчы з гродзенскім паўабаронцам Паўлам Савіцкім, які выступае з 2018 года за «Дынама».

«Я на Савіцкага вельмі пакрыўдзіўся і не ведаю, як буду глядзець яму ў вочы, — распавядае Паша. — Крыўда не з-за таго, што ён пераехаў у Брэст, а з-за таго што ён мяне адправіў са свайго вяселля. Я прыйшоў з паштоўкай і кветкамі, а мяне папрасілі сысці. Мы з Савай раней добра сябравалі, але буду заўзець у Брэсце толькі за „Нёман“ і спадзяюся мы абыграем суперніка».

"Гродна таксама крэпасць". Як мы заўзелі ў Брэсце за "Нёман"
Паша — самы вядомы заўзятар «Нёмана»
Паша ездзіць заўзець за «Нёман» з пачатку 2000-х гадоў і ўвесь час у клубнай атрыбутыцы. З сабой у Брэст гродзенец узяў і імянную майку, якую яму падарылі фанаты клуба ў 2014 годзе. У Гродне ходзіць такая легенда, што аднойчы Паша адправіўся на выезд з камандай у багажным аддзяленні аўтобуса.

«Было і такое, але куды тады мы ехалі, я ўжо не памятаю, — кажа Паша. — Каманда не хацела мяне браць з сабой і я залез да сумак. Так і даехаў». На рахунку заўзятара дзясяткі кур’ёзных выездаў, а ўсяго іх пераваліла за некалькі сотняў.

Скарысталіся шанцам

У аўтобусе, у якім мы адправіліся на выезд было шмат жанчын і дзяцей, многія цэлымі сям’ямі адпраўляліся ў Брэст.

«Маямі-біч у аўтобусе — ехаць вельмі горача, — кажа жанчына Алеся, якая адправілася на выезд з сынам. — У выходны дзень мы вырашылі скарыстацца шанцам і падтрымаць каманду ў іншым горадзе. А так у Гродне на „Нёман“ мы часта з сынам ходзім, ён у нас займаецца футболам. У Брэсце, я думаю мы згуляем 3:1 на нашу карысць. Толькі вось шкада, што ў нас Кантарыя гуляць не будзе».

"Гродна таксама крэпасць". Як мы заўзелі ў Брэсце за "Нёман"
Алеся са сваім сынам

У Брэсце адразу на футбол

Увесь шлях да Брэста заняў каля чатырох гадзін і за гэты час аўтобус паспеў зрабіць некалькі прыпынкаў. Падчас дарогі хтосьці спаў, а хтосьці глядзеў матч чэмпіянату свету па футболе Англія — ​​Швецыя, дзе першыя прайшлі ў паўфінал.

Дзесьці ў 20:15 аўтобусы з заўзятарамі «Нёмана» прыехалі да самога стадыёна ў Брэсце. Па выхадзе ўсех ачапілі, а пасля ў суправаджэнні міліцыі правялі да гасцявога сектара, дзе ўжо было некалькі фанатаў, якія дабіраліся сваім ходам.

Усё для заўзятараў

Журналістам тым часам дазволілі ісці ў прэс-ложу. Ужо тады з’явілася магчымасць ацаніць атмасферу каля брэсцкага стадыёна. А паглядзець там было на што: сапраўдная фан-зона, дзіцячая пляцоўка, фотасесія з футбалістамі і многае іншае. У гэтым плане кіраўніцтва «Дынама» добра папрацавала. Сам жа стадыён пакідае жадаць лепшага. Але ў планах у брэсцкай каманды пабудаваць новы стадыён.

«Нёман» біўся, але прайграў

Не паспелі разгледзець стадыён, як пачалася гульня. Гродзенцы ўпэўнена дзейнічалі ў першай палове матчу і двойчы маглі выходзіць наперад, але вось трапіць у вароты Гутара ім так і не ўдалося. «Дынама» ж скарысталася сваімі шанцамі ў другой палове і са старту выйшла наперад, а пасля яшчэ некалькі разоў брэсцкая каманда магла павялічыць сваю перавагу. Але «Нёман» неаднаразова выратоўваў Жураў. Каманды ў выніку так і дагулялі матч з лікам 1:0.

"Гродна таксама крэпасць". Як мы заўзелі ў Брэсце за "Нёман"
Падчас гульні

Гродзенскі сектар Савіцкага не прыняў

Былы футбаліст «Нёмана» Павел Савіцкі правёў нядрэнны матч, але вызначыцца яму не ўдалося. Пасля гульні гродзенец адважыўся падысці да сектара «Нёмана» і падзякаваць заўзятараў за доўгія гады падтрымкі ў Гродне. Вось толькі на гасцявым сектары Савіцкага не прынялі. Крыкі «здраднік» і «пёс» чутныя былі на ўвесь стадыён. Ужо пасля футбаліст выказаўся, што ён ішоў да сектара з павагай, але быў засмучаны, што з ім так паступілі.

"Гродна таксама крэпасць". Як мы заўзелі ў Брэсце за "Нёман"
Павел Савіцкі пасля матчу

Паша знерваваўся і лёг спаць

У аўтобусе гродзенскія заўзятары былі засмучаныя паразай «Нёмана» і хутчэй хацелі дабрацца дадому. У аўтобусе ўспаміналі Савіцкага, і перакладзіну Мукама ў першай палове матча, а таксама іншыя моманты.

«Прайгралі, што тут казаць. Крыўдна, нават і настрою няма», — быў нешматслоўны заўзятар Паша пасля матчу. Пра сустрэчу з Савіцкім ён нават і ўспамінаць не хацеў і хутчэй лёг спаць на двух сядзеннях у аўтобусе.

На выездзе з Брэста аўтобус заехаў на запраўку і «закупіцца» неабходным. Былі тыя, хто хацеў суцешыць сябе алкаголем пасля цяжкага дня, але зноў жа — на ўваходзе ў аўтобус сталі супрацоўнікі АМАПу, якія так і не далі заўзятарам пранесці ў салон алкаголь.

Будзем чакаць чарговы выезд

Аўтобус рушыў і 4 гадзіны спакойна ехаў у напрамку Гродна. Алеся, якая з сынам адправілася на футбол, вядома вынікам засталася незадаволеная, але ў цэлым пра паездку адклікалася добра.

«Стадыён у Брэсце жудасны: зона адпачынку для прыезджых заўзятараў не арганізавана, у туалет нармалёва не схадзіць. Адзінае, што добра арганізавана ў Брэсце, дык гэта ўзровень заўзення за сваю каманду. У гэтым яны малайцы. Што тычыцца гульні, то памылка Журава ўсё зрабіла. У цэлым хачу сказаць, што ездзіць на выезда за каманду трэба, асабліва калі клуб дае такую ​​магчымасць. Будзем чакаць чарговы выезд».

"Гродна таксама крэпасць". Як мы заўзелі ў Брэсце за "Нёман"
Заўзятары «Нёмана» падчас дарогі ў Брэст
Аўтобус з заўзятарамі прыехаў у Гродна ў 3:20.