Першае інтэрв'ю з моманту сыходу на пенсію даў былы епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій. Ён узначальваў епархію з 1996 года. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Арцемій асудзіў гвалт сілавікоў. У чэрвені 2021-га яго адправілі на пенсію нібыта па стане здароўя.

Несправядлівыя абвінавачванні, “Пагоня” на яйках і малітва за Украіну. Епіскап Арцемій даў першае інтэр’вю на пенсіі
Епіскап Арцемій. Крыніца: veraplus.org

Пра сваю адстаўку, сувязь духавенства з уладамі, «Пагоню» на яйках і малітву за Украіну епіскап Арцемій расказаў выданню «Вера+». Hrodna.life выбраў галоўныя моманты з інтэрв'ю.

Епіскапу Арцемію (Аляксандру Кішчанку) 70 гадоў. Ён нарадзіўся ў красавіку 1952 года ў Мінску, скончыў Ленінградскую духоўную семінарыю. Кіраваў Гродзенскай епархіяй з 1996 года.

У 2004 годзе пастановай савета Мінскай духоўнай семінарыі епіскапу Арцемію прысвоілі вучоную ступень кандыдата багаслоўя. У 2013 г. у Хрысціянскай тэалагічай акадэміі Варшавы ён абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Гісторыя Гродзенскай праваслаўнай епархіі ў 1921−1939 гадах».

У жніўні 2020 года Арцемій асудзіў дзеянні сілавікоў і фальсіфікацыю выбараў.

«Ад Масквы мог чакаць усяго, але не ад беларускага экзархата»

Па словах епіскапа, «уся архіерэйская брація» практычна адзінагалосна адправіла яго на пакой. Ён быў упэўнены, што такога не будзе.

«Я ад Масквы мог чакаць усяго, што хочаце, але не ад беларускага экзархата. Усё ж такі свае людзі, і я ведаю іх погляды. А тут адзінагалосна, калі экзарх пачаў іх усіх запытваць, усе: „распні, распні, распні“, вось».

«Вы прыбіраеце мяне ні за што! Усе вашыя абвінавачанні несправядлівыя», — сказаў тады ўладыка.

Пісаў заклік і нібыта падзяліў паству: у чым абвінавачвалі Арцемія

Беларускі экзархат абвінаваціў Арцемія ў тым, што той падзяліў паству на дзве часткі. Арцемій лічыць, што ён нікога не падзяляў, паству «падзяліла грамадскасць». «І царква засталася за бортам. І да яе вельмі негатыўныя адносіны», — сказаў епіскап.

Таксама яго абвінавацілі ў тым, што ён пісаў заклік да вернікаў як пастыр. Але Арцемій лічыць гэта не парушэнне, а наадварот — выкананне абавязку.

«Маю я на гэта права кананічнае? Так. Мне зрабілі заўвагу і папрасілі ў далейшым ад свайго імя не выступаць, каб гэта не было прынята як меркаванне царквы. Сказалі, што ўсе пытанні вырашаюцца толькі на сінодзе. Я пасля нашай размовы што-небудь, нейкі заклік, зварот пісаў, казаў? Не. Уладыка Гурый казаў, ігумення Гаўрыіла казала, а архіепіскап Арцемій не. Але я вінаваты».

«Пагоня» на яйках і спеў «Магутны Божа»: што яшчэ не спадабалася сіноду

Па словах Арцемія, яго «непакорлівасць» нібыта праявілася ў тым, што ў храмах спявалі гімн «Магутны Божа».

«Так мы ў храме заўсёды яго спявалі і зараз спяваем», — патлумачыў архіепіскап. З яго словаў, яму паставілі ў віну, што «Магутны Божа» заспявалі дзеці ў Нікольскім храме. Але Арцемій тлумачыць, што выбар спеваў у кампетэнцыі класнага настаўніка і ва ўладыкі ніхто дазволу не запытваў.

Далей Арцемію паказалі фотаздымак, на якім на велікодных яйках выяўлена «Пагоня». За вечар яму нібыта пяць разоў узгадвалі гэтыя яйкі.

«Я не маляваў „Пагоню“ на яйках. А калі нейкі дзіцёнак намаляваў, то фотаздымак адкуль узяўся? Я ніякага злачынства не бачу — гэта старажытная геральдыка, тым больш з крыжом. Крыж Еўфрасінні Полацкай».

Псіхалогія пасляваеннага духавенства: «Давайце адзін храм разбурым, каб астатнімі нам дазволілі карыстацца»

Пра сваю адпраўку на пенсію, нібыта па стане здароўя, епіскап Арцемій кажа, як пра палітычную замову.

«Яны [сінод Беларускай праваслаўнай царквы — Hrodna.life] атрымалі наказ і моўчкі яго выканалі. „Давайце гэты храм разбурым, каб астатнімі нам дазволілі карыстацца“. Такая псіхалогія духавенства пасляваеннага перыяду. Бо ўсе архіерэі нашы — яны засталіся на Салаўках і на Беламорканале [месцы ссылак у часы сталінскіх рэпрэсій — Hrodna.life]. І новае пакаленне духавенства — яно выхоўвалася яшчэ старымі протаіярэямі, якія ацалелі. А пасляваенны перыяд — гэта ўжо былі самавучкі і выхаваныя тымі, хто прыстасаваўся. І не сакрэт, што, так сказаць, святакіраўніцтва абіралася цэнтральным камітэтам партыі, з яе дазволу „бласлаўляліся“ кандыдатуры. Партыя сказала „трэба“, архіерэі адказалі „будзе“».

На думку Арцемія, яшчэ адна праблема для святароў у тым, што кожны з іх разумее, што калі ён зараз скажа: «А ўладыка Арцемій мае рацыю», то тады трэба ўставаць і сядаць побач з ім.

Пасля таго, як епіскапа Арцемія адправілі на пенсію нібыта па стане здароўя, пачаліся рэпрэсіі супраць святароў Гродзенкай епархіі. У ліпені 2021 года стала вядома, што святара Георгія Роя знялі з пасады настаяцеля Пакроўскага сабора. Тады ж Мікалая Гайдука знялі з пасады настаяцеля Нікольскага храма на Архіерэйскім падвор'і, а Анатолія Ненартовіча — з пасады сакратара Гродзенскай епархіі.

У траўні 2022 года, настаяцеля праваслаўнага прыхода ў Альшанцы (прыход храма Свяціцеля Спірыдона Тріміфунцкага) іерэя Андрэя Наздрына вызвалілі з пасады настаяцеля храма. Перад гэтым з ім правялі прафілактычную гутарку супрацоўнікі міліцыі.

Любоў - зброя супраць зла

Па словах Арцемія, яму было сорамна за тое, калі ён быў дыяканам у пачатку 1980-х, іх прымушалі служыць 7 лістапада і 1 траўня [важныя камуністычныя святы — Hrodna.life] падзячныя малебны. Калі Арцемій ужо быў святаром, заўсёды спрабаваў у пропаведзі казаць інасказальна і падкрэсліваў, што ў хрысціян адна зброя супраць зла — любоў.

«Мне было б сорамна перад прыхаджанамі, калі б мы пра гэта маўчалі. Хацелася, каб усё было па хрысціянску. Ёсць адказнасць царквы ў празмернай прыстасаванасці».

Зварот епіскапа Арцемія да прыхаджан, з асуджэннем гвалту з боку сілавікоў у жніўні 2020 года.

Просты хрысціянін павінен маліцца за Украіну

Пра ўварванне расійскіх войскаў ва Украіну ў лютым 2022 года Арцемій кажа коратка: «Не па-хрысціянску!». Пазіцыю Рускай праваслаўнай царквы і ў прыватнасці патрыярха Кірыла адносна вайны ён лічыць «не ад Духа Святога». На яго думку, самае простае, што можа зрабіць хрысціянін, — «маліцца за Украіну».

Калі б у Арцемія была магчымасць звярнуцца да ўкраінцаў, то ён бы сказаў: «Браточкі, трымайцеся! Хрыстос Уваскрос!».

Сайт «Вера+» гэта аўтарскі праект гродзенскага місіянера Руслана Яроцкага, які больш за 10 гадоў займаецца гуманітарнымі праектамі ва Усходняй Афрыцы. Пасля выбараў 2020 года Руслан быў вымушаны эміграваць з Беларусі. З яго словаў, «дзясяткі і сотні людзей перажылі ў гэты час расчараванне ў царкве». Сітуацыю з праваслаўнай царквой у Беларусі і Расіі сам Руслан называе катастрафічнай. Царква, на думку Яроцкага, стала рупарам прапаганды, апраўдвае палітычны тэрор і вайну. Менавіта таму ён вырашыў стварыць праект «Вера+», дзе хрысціяне і іх лідары могуць выказваць альтэрнатыўную думку.