украшения belaruskicry

Гродна адным з першых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага атрымаў права на самакіраванне. Раней за яго магдэбургскае права атрымалі толькі Вільня і Берасце. Асаблівы юрыдычны статус горада сведчыў пра значную ролю тагачаснага гарадскога насельніцтва ў эканамічным, культурным і палітычным жыцці дзяржавы. У новым артыкуле «Гарадзенскай азбукі» — 5 фактаў пра магдэбургскі горад Гродна.

«Гарадзенская азбука» ад Hrodna.life — гэта 32 артыкулы пра цікавосткі Гродна. Кожнаму з іх адпавядае адна з літар алфавіту. А — Ажэшка, Б — Баторый, В — Вітаўт і так далей. У кожным артыкуле азбукі вы знойдзеце па пяць цікавых фактаў аб адметных гродзенскіх асобах, месцах ці з’явах.

магістрат, магдэбургскае права, Гродна, ратуша
Пячастка магістрата горада Гродна. Малюнак: Ігар Варкулевіч

Горад атрымаў магдэбургскае права ў Дзень святога Бенядзікта

У канцы XV ст. магдэбургскія правы надаваў гарадам Вялікі Князь Літоўскі. Гродна атрымаў права на самакіраванне згодна з прывілеем князя Аляксандра Казіміравіча. Гэта адбылося ў Дзень святога Бенядзікта — 11 ліпеня 1496 года падчас сойма, які адбываўся ў Берштах (сёння вёска ў Шчучынскім раёне — заўв. Hrodna.life). Атрымаўшы магдэбургскае права, Гродна вызваляўся ад гандлёвых пошлін, атрымаў права на пабудову ратушы і меў магчымасць праводзіць кірмаш тройчы ў год. Копія прывілея на наданне гораду магдэбургскага права князем Аляксандрам сёння захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Гродне.

Гараджане самі абіралі раду

Згодна з вялікакняскім прывілеем, гораду надавалася войтаўства і ствараўся орган самакіравання — магістрат. Ён выконваў ролю адміністрацыйнай і судовай улады і засядаў у ратушы. Акрамя гэтага, магістрату надавалася права збору падаткаў. Гараджане самі абіралі раду. Яна абіралася з лiку купцоў i заможных майстроў. Узначальвалi раду войт і бурмiстры. Войт выконваў абавязкі старшыні крымінальнага суда. Бурмiстраў было двое — праваслаўны i католiк. Іх мяшчане абiралi з лiку радцаў штогод.

Было дзве ратушы, але ніводная не захавалася

Галоўным сімвалам гарадскога самакіравання была ратуша. У гісторыі горада іх было дзве. Да нашых дзён ніводная не захавалася. Першая была разбурана ў 1660-х гадах ў выніку захопу горада маскоўскімі войскамі. Згодна з гравюрай 1568 года, ратуша была буйным каменным будынкам з вежай, на якой размяшчаўся гадзіннік.

Чытайце таксама: Фара Витовта, ратуша, дворец Радзивиллов. Что еще решили восстановить в детальном плане центра Гродно

У 1784 годзе на тым жа месцы пабудавалі новую ратушу ў стылі класіцызму. Пасля Другой Сусветнай вайны гэта ратуша не дужа пацярпела. Яе разабралі пазней.

Не ўсе падпарадкоўваліся магістрату

Улада магістрата распаўсюджвалася не на ўвесь горад. Часткі гарадоў, якія знаходзіліся пад уладаю прыватнай асобы альбо царквы ці кляштара не падпарадкоўваліся магістрату і не плацілі падаткаў у гарадскую казну. Такія раёны называліся юрыдыкамі. Урад горада рабіў спробы зменшыць колькасць юрыдык, але выніку гэта не дало.

Святы Губерт, якога шанавалі гродзенцы

Паляванне ў сярэднявечным Гродне лічылася адным з асноўных відаў дзейнасці. Каля горада размяшчаліся паляўнічыя ўгоддзі. Палявалі звычайна на зуброў, тураў, аленяў і дзікоў. Святога Губерта гараджане шанавалі як заступніка паляўнічых, бо па легендзе падчас палявання Губерт убачыў аленя з крыжом паміж рагоў. Менавіта гэты алень размешчаны на гербе Гродна.

Гісторыкі лічаць, што герб быў нададзены гораду каралевай Бонай Сфорца ў 1540 годзе. Першыя пячаткі з выявай аленя святога Губерта датуюцца 1565 годам.

Чытайце таксама: Ад відэльца да гарадскога гадзінніка. Што прывезла ў Гродна Бона Сфорца