украшения belaruskicry

Гэты летні выхадны Эмілія Гаўрус разам з мужам і дачкой планавала правесці ў невялікім падарожжы. Зараз сям’я жыве ў польскім гарадку Алясніца, а па суботах ці нядзелях яны звычайна наведваюць суседнія гарады. Гэтым разам планавалі паехаць ва Вроцлаў. Усё змяніла выпадкова пабачаная аб’ява.

Замест камфортнага адпачынку Эмілія атрымала 10 кіламетраў выпрабаванняў, прайшла трасу аднаго з самых складаных у Польшчы забегаў пятай у агульным жаночым заліку і паказала найлепшы вынік сярод удзельніц са свайго горада.

«Зразумела, што я сябе недаацэньвала. Аказалася, што ў мяне больш сілаў і вынослівасці, чым я думала». Пра адкрыцці сябе і тое, што дапамагае жыць напоўніцу, Эмілія расказала для канала «Тётя Ира Разрешила».

Першай трасу прайшла дачка, каторай 5 гадоў

Абвестку пра незвычайны забег для дзяцей Эмілія пабачыла ў горадзе. Запрашалі да ўдзелу дзяцей ад шасці гадоў. «Нашай дачцэ пяць, але мы вырашылі, што паспрабуем. Прыйшлі раніцай, прабеглі з ей і даведаліся, што ёсць забег і для дарослых. Я загарэлася».

Эмілія Гаўрус на забегу "Pogrom wichra"
Эмілія Гаўрус на забегу «Pogrom wichra»

На гэты момант Эмілія нічога не ведала пра «Pogrom wichra». Адзінае ўражанне пра забег яна мела ад дзіцячай трасы, якую толькі што прайшла разам з дачкой.

«Там дыстанцыя каля кіламетра, па балоце лёгка было прайсці, асобых складанасцяў не было. Падумала, прыблізна нешта такое будзе і для дарослых. Вырашыла, што мне гэта падыходзіць, цікава. Бо яшчэ ў Беларусі былі думкі нешта падобнае паспрабаваць».

«Адмаўляцца было позна»

Перад стартам, ужо прайшоўшы рэгістрацыю, Эмілія даведалася, што працягласць трасы складае 10 кіламетраў і што першыя тры кіламетры трэба бегчы з грузам 10 кілаграмаў. У гэты момант з’явіліся сумневы — плюнуць на ўсё і ісці адпачываць на пляж, альбо усё ж такі закрыць гэты гештальт. «Вырашыла, што не варта даваць задні ход», — узгадвае Эмілія.

Эмілія Гаўрус на забегу "Pogrom wichra"
Эмілія Гаўрус на забегу «Pogrom wichra»

«Адмаўляцца было позна. Падумала, што гэта маё выпрабаванне. Калі прайду, то буду задаволена, што я мела ідэю і да канца яе давяла. А калі не, то ўвесь час буду да гэтага вяртацца — а можа трэба было б, а можа гэта цікава, а можа і не так цяжка…»

Паводле яе назіранняў перад стартам, удзельнікі забегу выглядалі відавочна больш падрыхтаванымі: «На іх фоне выглядала, быццам бы я не дайду да канца». А калі адна з удзельніц расказала Эміліі, што гэты забег адзін з самых складаных у Польшчы, то ёй засталося толькі ўздыхаць: «Ну, ясна».

«Пралезці пад фурай, нырнуць у балота — мне такое падабаецца»

«Мне такія выпрабаванні падабаюцца, — расказвае Эмілія пра выклікі забегу. — Люблю экстрэмальныя штукі». Сярод выпрабаванняў, што падрыхтавалі для ўдзельнікаў арганізатары, трэба было пралезці пад фурай ці прабрацца праз зараснікі з грузам на спіне.

«Гэта дастаткова цяжка, але ў моманце можна злавіць адчуванне кайфу. Але былі выпрабаванні, ад якіх хацелася адмовіцца. Я вельмі баюся вышыні. Нават серпанцінаў ці колаў агляду. То калі трэба было падымацца па лесвіцы на гару і потым спускацца па канаце, хацела адмовіцца [і сысці з дыстанцыі]. Запытала — ці можна прапусціць. Кажуць — не. А за мною ўжо ствараецца чарга, я затрымліваю людзей. І - палезла. Без страхоўкі. Усё атрымалася, але гэта было вельмі страшна».

Эмілія Гаўрус на забегу "Pogrom wichra"
Эмілія Гаўрус на забегу «Pogrom wichra»

Яшчэ адзін страшны момант — нырнуць у балота пад бервяно. «Гэта не было так, як ныраць у ваду, што занырнуў і вынурнуў. Багна больш шчыльная і пад ёй трэба яшчэ прабрацца, а над табой — бервяно ляжыць. Але падумала, тут вось фатограф ёсць. Калі я застрану, то ён мяне дастане».

Бегла ў кайданках, паўзла пад мастом ды ішла праз багну. Як гродзенка паўдзельнічала ў забегу “Pogrom wichra”
Эмілія Гаўрус на забегу «Pogrom wichra»

«Ногі збітыя, рукі ў кайданках — ну і нармальна»

Наступнае «страшнае» выпрабаванне забегу — тунэль пад дарогай. «Па трубах было страшна лезці. Гэта проста спускаешся ў люк і паўзеш па трубе пад дарогай. Не 10 метраў. Значна больш. На кукішках.

Я была ў кароткіх шортах. Увогуле, я дрэнна падрыхтавалася у гэтым сэнсе. Трэба было надзяваць закрытае адзенне з доўгімі рукавамі і штаны ці легінсы. І вось лезеш вельмі доўга, нічога не бачна. Трэба проста паўзці, паўзці, паўзці. Калі б была клаустрафобія, то проста можна злавіць панічную атаку. Мне здавалася, метраў 300 прапаўзлі. Я збіла ногі, было вельмі балюча, яле неяк дапаўзла. Затое потым было лёгка бегчы. Нават з рукамі ў кайданках"

На фінішы, па словах Эміліі, было адчуванне вялікай радасці і палёгкі. А яшчэ — кайф лёгкасці і голад.

Эмілія Гаўрус на забегу "Pogrom wichra"
Эмілія Гаўрус пасля забегу «Pogrom wichra»

«Я магу больш, чым думала пра сябе»

«У мяне больш сілаў і вынослівасці чым я думала пра сябе, — гэта тое новае, што даведалася Эмілія ў выніку забегу. — Калі я на гэта падпісалася, прыняла рашэнне за пяць хвілін. Паставіла сабе мэту — проста дайсці да фінішу. Запытала, колькі часу максімум [даюць на праходжанне трасы]. Мне адказалі - 4 гадзіны. Вырашыла, што за 4 гадзіны я змагу нават дапаўзці».

Аказалася, што Эмілія сябе моцна недаацэньвала. Яна змагла не проста «дапаўзці» да фініша, але стала пятай у агульным жаночым заліку і лепшай сярод удзельніц з Алесніцы. Яе вынік — 2 гадзіны 27 хвілін. «Даведацца, што я маю больш сілаў, чым пра сябе думала — гэта вельмі прыемна», — прызнаецца Эмілія.

Бегла ў кайданках, паўзла пад мастом ды ішла праз багну. Як гродзенка паўдзельнічала ў забегу “Pogrom wichra”
Эмілія Гаўрус атрымлівае ўзнагароду пасля забегу «Pogrom wichra»

Выпрабаванні - каб вярнуць сабе годнасць, адчуванне што «я магу»

«Пасля прабегу столькі з’явілася натхнення — трэба яшчэ штосці рабіць! Адна ідэя прыйшла, другая, проста дадатковы імпэт. У мяне заўсёды так — чым больш робіш, тым больш хочацца і можацца. Нават калі бегла і было цяжка, у нейкі момант думала: спыніся, зірні як гэта класна! 10 кіламетраў доўгі час на падумаць, — расказвае Эмілія. — У такіх умовах нешта па-новаму адкрываецца».

Бегла ў кайданках, паўзла пад мастом ды ішла праз багну. Як гродзенка паўдзельнічала ў забегу “Pogrom wichra”

Падпішыся на канал «Тётя Ира Разрешила» каб чытаць больш натхняльных гісторый пра жанчын і дзяўчат з Беларусі і не толькі.