“Я праваслаўная, муж — католік”, — гарадзенцы вітаюць ідэю папы наконт аб’яднання Вялікадняў

| Без катэгорыі

Жанчына сярэдняга веку: “Мне здаецца, варта пакінуць усё як ёсць — чым болей святаў, тым лепш. Я сама праваслаўная, а мой муж — каталік, мы бралі шлюб у касцёле і дзіця хрысцілі ў касцёле. На ўсе праваслаўныя святы ходзім да маіх бацькоў у госці, а на ўсе каталіцкія — да бацькоў мужа. Мы не працуем ні ў праваслаўныя святы, ні ў каталіцкія”.


Жанчына пенсійнага веку: “Падтрымліваю прапанову папы Францішка, бо Бог у нас адзін. У мяне зяць каталік, а наша сям’я — праваслаўная, і было б лепей, каб мы адзначалі свята ў адзін дзень. Я толькі за гэта”.

 

Жанчына сярэдняга веку: “Станоўча да гэтага стаўлюся, мне гэтая ідэя падабаецца вельмі. Я сама праваслаўная. Калі ўсе разам, то гэта больш святочна. Калі бывае, што Вялікадні супадаюць, то мне гэта вельмі падабаецца. У нас і сям’я такая, што напалову католікі, а напалову праваслаўныя, і таму, калі ўсе разам святкуем — гэта нешта асаблівае”.


Малады хлопец: “Вельмі станоўча да гэтага стаўлюся, бо Бог адзін і ўсе мы хрысціяне. Гэта будзе проста цудоўна, калі мы будзем адзначаць Вялікдзень у адзін дзень. Сем’і будуць аб’ядноўвацца, асабліва калі жонка, скажам, каталічка, а муж праваслаўны, альбо наадварот. Гэта будзе шчасце і радасць для сям’і”.


Жанчына сярэдняга веку: “Я падтрымліваю гэтую ідэю, бо ў нас шмат і каталікоў, і праваслаўных. Мне б хацелася, каб такія святы адзначаліся сумесна, хоць некаторым падабаецца, што ёсць два святы”.


Маладая жанчына: “Вельмі б хацелася, каб усе разам адзначалі такое свята, а то адны святкуюць, а ў другіх яшчэ пост…”.


Мужчына сярэдняга веку: “Ніяк я да гэтага не стаўлюся, не бачу асаблівай розніцы. У прынцыпе, мне нават лепей спачатку з аднымі адсвяткаваць, а потым з другімі — два разы”.

 

Здымак з архіву “Твайго стылю”