Ад паўстанца засталося толькі 2 рублі 80 капеек. Як расстрэльвалі салдата-дэзерціра Восіпа Урбановіча

У канцы верасня расійскія войскі адлоўлівалі на тэрыторыі Заходніх губерняў апошніх паўстанцаў, якія адмаўляліся дабраахвотна скласці зброю і здацца на міласць уладаў. Большасць з тых, хто жадаў працягваць барацьбу, перайшла ў Царства Польскае пад кіраўніцтва Валерыя Урублеўскага.

 

Праз шыбеніцу да неўміручасці: апошнія дні, гібель і таямніца пахавання Канстанціна Каліноўскага

 

Нягледзячы на канцэнтрацыю расійскіх войскаў у Беларусі і Літве, заставаліся невялікія злучэнні, якія імкнуліся дачакацца вясны 1864 года і з новай сілай распачаць паўстанне. На адно з іх казакі Прэабражэнскага палка натрапілі 26 верасня 1863 года паміж вёскамі Рубцова і Грушкі Аўгустоўскай губерні.

 

36 казакам супрацьстаялі 13 паўстанцаў. Завязаўся бой: 15 казакоў на чале з сотнікам Аўчыннікавым спешылася і пад прыкрыццём другой часткі атрада атакавалі паўстанцаў, большасць якіх адступіла, пакінуўшы ў сутычцы целы двух забітых. Іх адыход прыкрываў патрапіўшы ў палон беглы салдат Восіп Урбановіч. За дэзерцірства яму пагражала смяротнае пакаранне.

 

Урбановіча накіравалі ў Гродзенскую турму, разам са схопленымі ў адным з баёў удзельнікамі атрада Вавера – Браніславам і Тэафілам Мучынскімі з Аўгустоўскага ўезда маёнтка Каўляны і сына ўніяцкага святара з вёскі Балі Касцельнай Івана Іванава Кунцэвіча. Суд над імі быў паяднаны ў адну справу. 30 верасня Урбановіча змясцілі ў “сакрэтны пакой” турэмнага замку.

 

Карупцыя, грошы, алкаголь і антысанітарыя – правілы жыцця гарадзенскай турмы

 

Восіп нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў вёсцы Дзвір Новааляксандраўскага ўезда Аўгустоўскай губерні (на тэрыторыі сённяшняй Літвы). Каталік, не жанаты, ніколі за час доўгай вайсковай службы ў яго адносінах не прымянялася ніякіх пакаранняў.

 

28 чэрвеня (10 ліпеня) другая стралковая рота Саксонскага пяхотнага палка, да якой належаў Урбановіч выступіла з месца свайго кватаравання – мястэчка Пільвішкі Марыямпальскага ўезда, для высочвання паўстанцкіх адзінак. Урбановіч, які з 1862 года служыў у палку конюхам, застаўся даглядаць хворага ротнага каня.

 

Пра прычыны далучэння да паўстання сам Восіп тлумачыў: пасля выпраўлення ў паход роты, фурман Якаўлеў перадаў яму загад камандзіра паруччыка Касцюрына, у якім Урбановіч прызначаўся веставым – каравуліць кватэру. Таму ён пайшоў у цэйхгаўз, каб атрымаць зброю. Атрымаўшы ружжо, ён вярнуўся дахаты, паставіў яго каля канюшні і пайшоў да фурмана Якаўлева, які сядзеў на ганку. Гадзіны праз паўтары ці дзве, спахапіўшыся, Восіп кінуўся да канюшні, але пасля доўгіх пошукаў, нічога не знайшоў.

 

Ці былі на баку Каліноўскага праваслаўныя?

 

“Таму не сказаўшы нікому пра знікненне ружжа, баючыся адказнасці за гэта, збег, забраўшы з сабою казённыя рэчы, якія меў: шынель, світку, падштанікі і летнія нагавіцы”. Ён блукаў па розных вёсках, у адной з якіх яго ўзялі ў атрад Калышкі, якому Урбановіч прысягнуў на вернасць. Пазней быў у атрадах Градзіцкага, Клінкевіча і Віктара Аўгустоўскага.

 

Следчыя пачалі правяраць абставіны, указаныя Урбановічам у якасці прычыны бегства і высветлілі, што веставым паруччыка Касцюрына ён ніколі не прызначаўся і быў пакінуты ў Пільвішках даглядаць за адным з хворых коней. Камандзір другой роты дадаў, што Урбановіч, услед за выступленнем яго атрада, наведаўшы ў цэйхгаўзе каптэнармуса, запатрабаваў ад яго ружжа. У якасці падставы ён указаў патрэбу абароны казармы на выпадак нападу паўстанцаў і спасылаўся на загад паруччыка Касцюрына, якога насамрэч не было. Таму Восіп атрымаў ружжо з патранташам і сорак баявых патронаў. А гадзіны праз паўтары яго ўжо не было ў Пільвішках. Пасля доўгіх росшукаў Урбановіча так і не знайшлі.

 

А. Гротгер, Пад эскортам

 

16 кастрычніка гродзенскаму ваеннаму губернатару Скварцову была накіравана скончаная справа над дэзерцірам Урбановічам і паўстанцамі Мучынскімі – Карлам і яго трыма сынамі Браніславам, Феафілам і Міхаілам. Але яе вярнулі на дапрацоўку, паколькі ў адносінах Феафіла Мучынскага з’явілася новае абвінавачанне – намер павесіць селяніна Міхаіла Сакова.

 

Толькі ў канцы лютага гэтую справа канчаткова разгледзелі: канфірмацыяй ад 25 лютага за №41 памешчык Карл Мучынскі разам з сынам святара Іванам Кунцэвічам прызначаны да высылкі ў Табольскую губерню; Браніслаў і Феафіл Мучынскія на пасяленне ў менш аддаленыя месцы Сібіры.

 

“Горад Святога Губерта” сабраў цікавосткі пра часы паўстання

 

26 лютага 1864 года Віленскаму генерал-губернатару  Міхаілу Мураўёву паведамілі, што Восіп Урбановіч прысуджаны да смяротнага пакарання, але “па абсалютнай яго разумовай няразвітасці” выказвалася магчымасць замены смяротнага пакарання бестэрміноваю высылкай на катаргу ў руднікі.

 

Але 9 сакавіка Мураўёў падпісаў канфірмацыю пра растрэл Восіпа Урбановіча ў Гродне, 11 сакавіка Міністэрства ўнутраных спраў прыняло рашэнне аб канфіскацыі яго маёмасці.

 

Прысуд Урбановіча прадвызначылі наступныя факты: у сваіх паказаннях ён не назваў ні прозвішчаў паўстанцаў, ні прозвішчаў тых, хто ім дапамагаў, да таго ж даў фальшывае паказанне пра абставіны, пры якіх здзейсніў бегства са службы; быў схоплены са зброяй у руках і прызнаўся ва ўдзеле ў шматлікіх бітвах супраць расійскіх войскаў.

 

Таму ён быў прызнаны вінаватым і аднесены да першай катэгорыі злачынцаў, указаных у зацверджаных 11 мая 1863 года Правілах пра парадак накладання спагнанняў на мяцежнікаў.

 

А. Гротгер, Пад мурамі вязня

 

Экзекуцыя была прызначана на 14 сакавіка, месцам для яе стаў пляц за скідзельскай заставай, каля сённяшняй Лідскай вуліцы, дзе яшчэ ў 1833 годзе быў павешаны ўдзельнік Лістападаўскага паўстання Міхаіл Валовіч.

 

У гэты час у Гродне знаходзіўся вайсковы лекар Мітрапольскі, якому было даручана даць заключэнне аб смерці пакаранага. Ён, сведка акту пакарання, пакінуў цікавае яго апісанне, вартае ўвагі дакладнасцю дэталяў, сваёй атмасфернасцю, ды проста як погляд расейца на тыя падзеі.

 

“Оплевание во славу отечества…”

 

Сумнасць гарадскога жыцця Гродна, згодна Мітрапольскаму, змянілася чаканнем хуткага пакарання. Плошча перад турмой была запоўнена народам: “Я бачыў хмурныя, зласлівыя твары палякаў, слёзы на вачах полек; чуў словы і воклічы па-польску, незразумелыя для мяне, мове, не зразумелай па сваёй інтанацыі. Усё гэта здавалася натуральным, прыстойным становішчам карціны. Затое, мне падаўся агідным безуважны, неразумна-цікаўны натоўп габрэяў і габрэек, які назойліва лез да турэмнай брамы.

 

Турэмна-паўстанцкая мода сярэдзіны ХІХ ст. альбо народная салідарнасць у 1863 г.

 

Яна хутка адкрылася і я ўбачыў асуджанага. Бледны, з мутнымі, нежывымі вачыма, несамавіты, нізенькага росту, падтрымліваемы салдатам, ён, здавалася, увесь замёр, не ўсведамляючы, што з ім адбываецца, і рухаўся машынальна. Раздалася каманда; асуджанага акружылі салдаты; каля яго з’явіўся ксёндз з крыжам і кнігаю ў руках, і картэж рушыў.

 

Карыстаючыся сваім становішчам удзельніка цырымоніі, я змясціўся як мага бліжэй да ксяндза, які ішоў поруч з асуджаным. Мы ішлі спорым салдацкім крокам, такім чынам, даволі хутка; асуджаны, відаць, нічога не бачыў перад сабой, часта спатыкаўся; спатыкаўся і ксёндз, які то чытаў па кнізе, то звяртаўся са словамі да асуджанага. І чытанне, і словы ксяндза былі імклівыя i ўзбуджаныя, як і паскораны яго крок, відавочна, з цяжкасцю паспяваўшы за салдацкім.

 

Але ўвесь час даволі доўгага шляху твар асуджанага заставаўся прыхінутым, як бы маскаю тупога здранцвення. Я чуў ясна голас ксяндза, але не разумеў яго польскай мовы, і ў першы раз пашкадаваў, што не навучыўся па-польску. Што мог гаварыць ксёндз паляку, які ішоў на пакаранне смерцю за Польскую справу? У гэтую хвіліну ён мог гаварыць асуджанаму усё, што хацеў: цэнзуры для яго не існавала. Але наўрад ці мог быць сумніў у тым, што ён гаварыў. Не аб раскаянні, вядома, не аб прабачэнні здзейсненага злачынства тут магла ісці гаворка, а аб вянку пакутніцкім, арэоле славы, аб малітвах і дабраславенстве Айчыны, адпаведна, пра тое, што дае чалавеку моц не толькі без страху, але і радасна сустракаць смерць.

 

Апошняе слова (з англійскай літаграфіі)

 

Як толькі мільганула ўва мне гэтая здагадка, я адчуў у душы нейкі ненатуральны холад; такім холадам ахапіла мяне не тое усведамленне, не тое адчуванне нейкай вялізнай, жахлівай хлусні. Я інстынктыўна адскочыў ад асуджанага, выйшаў за ланцуг салдат і паплёўся бокам: мне было сорамна і ўсіх і за ўсіх…

 

Паказаўся слуп, і перад ім выкапаная яма; раздалася каманда, узялі на каравул, прачыталі прысуд і прыступілі да апошняй падрыхтоўкі асуджанага. Я падышоў у гэты час да камандуючага цырымоніяй штаб-афіцэра і спытаў яго, які тут мой абавязак? “Калі памрэ, паглядзіце, ці жывы”. Ужо па гэтым адказе можна бачыць, ці добра адчуваў сябе афіцэр.

 

Вось асуджанаму надзелі яго саван, вось ксёндз яшчэ нешта кажа яму, падносіць да вуснаў яго крыж, твар няшчаснага застаецца па-ранейшаму скамянелым, з мутнымі вачыма. Мне страшэнна захацелася, каб твар гэты ажывіўся якім бы там ні было пачуццём, каб чалавек гэты вымавіў якое-небудзь слова, хоць бы праклён нам; але ён не раскрыў рота.

 

Пакуль прывязвалі асуджанага і завязвалі яму вочы, я стаяў амаль побач з ім і не здагадаўся адысці, калі зашумеў барабан і выйшлі наперад дванаццаць шэраговых з унтэр-афіцэрам, так што камандзір крыкнуў мне: доктар, адыдзіце! Я зрабіў некалькі крокаў у бок і зірнуў на выйшаўшых салдат, але на тварах іх не прачытаў нічога, акрамя службовай стараннасці, пакрытай суровай строгасцю.

 

Падаўшы знак, грымнулі, як адзін, дванаццаць стрэлаў, і прывязаны да слупа чалавек, уздрыгнуўшы, здаецца, кожным мускулам свайго цела, схіліў галаву. Я падышоў да яго, падняў уверх павязку і зірнуў у збялелы, з зачыненымі вачыма, твар, па якім прабягалі яшчэ дробныя сутаргі. І твар гэты застаўся ў памяці маёй да цяперашняга часу.

 

Закрыўшы яго зноў павязкаю, я падышоў да афіцэра павольным крокам, таму што ногі мае дрэнна мяне слухаліся, прыклаў руку да брыля і адрапартаваў: “мёртвы!” Ці гэтае слова само па сабе, ці тон, якім яно было вымаўлена, а можа быць і выгляд мой, які выказваў глыбокае нервовае ўзрушанне, прымусілі афіцэра здрыгануцца і адвярнуцца ад мяне.

 

Выканаўшы свой абавязак (сэнсу і патрэбы якога не разумеў), я паплёўся дадому, пераганяемы натоўпам гледачоў, якія спяшаліся ў горад са скончанага пазорышча, і нёс з сабою твар пакаранага. Гэтая асоба не пакідала мяне некалькі сутак, адняла сон і апетыт і мучыла мяне, але не страхам ці жалем, а тым пачуццём, якое з’явілася тады, калі я ішоў з асуджаным на месца пакарання”.

 

Восіпа Урбановіча растралялі 14 (26) сакавіка ў 10 гадзін ранку на вачах вялізнага натоўпу гарадзенцаў і жыхароў навакольных вёсак і мястэчак. Напярэдадні, у шэсць гадзін ранку да яго быў дапушчаны ксёндз Шварц, які і суправаджаў таго да месца пакарання. Канфірмацыя была прачытана выконваючым пасаду обер-аўдытара 3-й пяхотнай дывізіі Івановым. Пры растрэле знаходзіліся войскі: дзве роты ад Стараінгерманландскага пяхотнага палка, дзве роты ад Гродзенскага батальёна ўнутранай варты, эскадрон Лейб уланскага курляндскага Яго вялікасці палка і ўзвод 3 сотні Данскога казацкага № 32 палка. Пры здзяйсненні пакарання прысутнічаў губернатар, паліцмайстар Гродна палкоўнік Зміеў і ўездны іспраўнік Магдзенка.

 

Цела Урбановіча было закапана на месцы пакарання, а ў 10 гадзін вечара ў той жа дзень па распараджэнні паліцмайстара перавезена ў суседні лес.

 

У Восіпа Урбановіча былі канфіскаваныя 2 рублі 80 капеек срэбрам, якія ён меў пры сабе. Больш пасля паўстанца не засталося нічога.

 

Першая ілюстарцыя: А. Пятроўскі, Растрэл асуджанага ў Варшаўскай цытадэлі