Прайшоў амаль год з часу, як прыватны ўласнік узяўся за рэканструкцыю закінутага дома па вуліцы Антонава. Усе працы на аб’екце ўжо на фінішы і плануецца, што дом здадуць да Новага года. Застаюцца пытанні па знойдзеным там скарбе: будаўнікі аддалі знаходку дзяржаве і баяцца, што дзяржава пра іх забудзе і не разлічыцца згодна з заканадаўствам.

Нагадаем, 5 лютага 2016 года будаўнікі знайшлі ў доме на вуліцы Антонава 4/1 яўрэйскі скарб часоў Другой сусветнай. Вырашылі дзейнічаць згодна з заканадаўствам — выклікалі міліцыю і археолагаў. У выніку знаходку апісалі і забралі на часовае захоўванне ў Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. Папярэдне яе ацанілі як гістарычную каштоўнасць. Але далейшы лёс гэтага скарба ніхто не ведаў.

Леанід Казлоўскі, адзін з тых будаўнікоў, які выявіў скарб, ужо не верыць, што дзяржава з ім разлічыцца — надта працэс зацягнуўся.

«Нас было тады ў падвале пяць чалавек. Калі пачалі разбіраць сценку, то натыкнуліся на манеты i пярсцёнкі. Калі б адзін працоўны знайшоў, магчыма ён бы зрабіў інакш. Але нас было шмат і мы прыйшлі да думкі, што забіраць сабе нічога не будзем і аддамо ўсё дзяржаве, каб яна правільна распарадзілася знаходкай.

Мы ведалі, што атрымаем свае працэнты. Але калі мы зрабілі правільна, то вось дзяржава гуляе з намі ў нейкую гульню. Мы ўжо не верым, што нам нешта аддадуць. Паглядзiце, колькі часу прайшло, і пра наш скарб ніякай інфармацыі няма", — распавёў засмучаны мужчына.

У верасні ў гродзенскім аблвыканкаме распавялі, што скарб (4 пярсцёнкі і 13 манет) з жоўтага металу знаходзіцца ўсё яшчэ на часовым захоўванні ў музеі. Таксама распавялi, што скарб з’яўляецца гістарычнай каштоўнасцю, бо належаў, верагодней за ўсё, жыхару Гродна, які загінуў у час Другой Сусветнай вайны.

Скарб мог схаваць чалавек, які жыў у доме, або пазней перасяліўся сюды ў гета. Столькі манет можна было схаваць у далоні, шкарпэтцы і г. д. Хутчэй за ўсё, золата схавалі ад безвыходнасці. Людзі ведалі, што ўсіх вывязуць, але надзея на вяртанне заставалася.

12
Калі знаходку прызнаюць гісторыка-культурнай каштоўнасцю, дзяржава забярэ сабе 50% ад знаходкі, астатнюю частку дзеляць будаўнікі з уладальнікам аб’екта. Сам ўладальнік дома Валянцін Быкоўскі раней заявіў, што грошы яму не патрэбныя, ён іх гатовы аддаць дзецям у дзіцячы дом і будаўнікам.

Вядома, што скарб усё яшчэ знаходзiцца ў музеi i дакументы на яго да гэтага часу яшчэ не разглядалі ў Міністэрстве культуры, а калі разгледзяць — ніхто не ведае. Тэрміны нідзе не прапісаны.