План рэканструкцыі будынка па адрасе 1-я Працоўная, 10, а таксама рэндары выніковага знешняга выгляду пабудовы апублікавалі на сайце Гродзенскага гарвыканкама. Аб’ект знаходзіцца ў папулярным дворыку на вуліцы Вялікая Траецкая ў цэнтры горада. Паблізу размяшчаюцца ажыўленыя кропкі грамадскага харчавання.

У цэлым, праектам прадугледжана ўзвядзенне грамадскага будынка з падвалам, добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі, будаўніцтва вонкавых інжынерных сетак.

На першым паверсе запланавана размяшчэнне кавярні. Бізнес-апартаменты будуць размяшчацца на ўсіх трох паверхах будынка, а не толькі на другім і трэцім, як планавалася раней.

Як паведамляецца ў дакуменце, “архітэктурнае аблічча будынка выканаюць у стылістыцы сучаснай класікі, якая адпавядае навакольнай забудове квартала”. Пры праектаванні ўлічваўся гістарычны модуль забудовы – так выбіралі колеры і дах. Тэрыторыю азеляняць і пасадзяць хмызнякі.

Па меркаванні чыноўнікаў, рэканструкцыя будынка прывядзе да павелічэння прывабнасці турыстычнага патэнцыялу цэнтра горада. Мэтазгоднасць рэканструкцыі, сярод іншага, заключаецца ў аднаўленні цэласнасці гістарычнай забудовы цэнтра Гродна.

Цяпер у гэтым доме знаходзяцца кальян-бар “The Штаб” і піцэрыя “Форна”. Побач размяшчаюцца яшчэ некалькі папулярных у гараджан і турыстаў кафэ. Раней паведамлялі, што праект рэканструкцыі прадставіў малады архітэктар, экспертны савет падтрымаў ідэю і ўхваліў прапанаваную канцэпцыю абнаўлення будынка.