Грамадскае аб’яднанне веласіпедыстаў «ВелаГродна» правядзе даследаванне, наколькі гродзенскія гасцініцы, гатэлі і хостелы зручныя для веласіпедыстаў. Актывісты высвятляць, куды зручней за ўсё засяліцца, калі ты падарожнічаеш з роварам, дзе можна ўзяць ровар напракат і дзе персанал валодае інфармацыяй аб месцах пракату ровараў, паведамілі ў «ВелаГродна».

— У нашу арганізацыю некалькі разоў звярталіся велатурысты, якія плануюць паездку ў Гродна ці Гродзенскую вобласць. Іх цікавяць як пытанні перасячэння мяжы і веламаршрутаў, так і месца начлегу з паркоўкай ровара, — каментуе старшыня праўлення «ВелаГродна» Юлія Каляда. — Мы ўпершыню будзем праводзіць такое апытанне і поўная інфармацыя будзе важная і нам і турыстычным агенцтвам, якія прадастаўляюць інфармацыю замежнікам.

Інфармацыя, атрыманая па выніках даследавання, з’явіцца на сайце ВелаГродна і сайце EuroVelo-2 (Ірландыя-Расія), а таксама будзе прэзентаваная прадстаўнікам СМІ, грамадскасці і велаактывістам.

Навошта гэта?

За апошнія пяць гадоў колькасць веласіпедыстаў у Гродне павялічылася ў некалькі разоў. У горадзе праходзяць міжнародны веламарафон, гонкі, а таксама велафорум.

[irp posts="28 080″ name="707 раварыстаў сабраў VII міжнародны веламарафон «Суседзі""]

Для велатурыстаў, якіх з кожным годам у Гродне становіцца ўсё больш, у тым ліку дзякуючы бязвізаваму ўезду, пытанні захоўвання ровара могуць стаць прыярытэтам пры выбары гатэля, як і магчымасць узяць двухколавы транспарт напракат.

[irp posts="27 684″ name="Няма веларазметкі і бардзюры па 4 см. Iнтарэсы веласіпедыстаў у Гродне амаль не ўлічваюцца"]

«ВелаГродна» запрашае ўладальнікаў гасцініц, хостэлаў або гатэляў прыняць удзел у гэтым даследаванні, напісаўшы на пошту [email protected].


Даследаванне праводзіцца ў рамках праекта «Гарадскі веларух у Беларусі» ў супрацоўніцтве з Міністэрствам спорту і турызму, пры фінансавай падтрымцы ЕС. Мэта гэтага праекта спрыяць развіццю гарадскога веласіпеднага руху ў Беларусі дзякуючы паляпшэнням заканадаўчых, нарматыўных актаў для веласіпеднай інфраструктуры на нацыянальным і рэгіянальным узроўні; павышэнне эфектыўнасці арганізацый у галіне прасоўвання і развіцця веласіпеднай транспартнай сістэмы; забеспячэнне актыўнага ўдзелу мясцовых жыхароў у прыцягненні ўвагі гарадскіх уладаў да правоў і магчымасцяў веласіпедыстаў. Праект будзе рэалізаваны ў Беларусі ў 2017−2019 гадах Цэнтрам экалагічных рашэнняў і Мінскім веласіпедным грамадствам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.