Прэзентацыя альбома прайшла ў пятніцу 28 ліпеня на вулічнай пляцоўцы каля бара «Бакст» у рамках BeerBus Party ад кампаніі «Алiварыя». Пра што дэбютны альбом Мікіты Ігнаценка і што яго натхніла на творчасць, аўтар распавёў Hrodna.life.

Амаль год таму мы ўжо распавядалі пра тое, што MIKITA заспяваў на беларускай мове і выпусціў першы сінгл — «Лёс». За год паспяховай працы гродзенскаму спеваку ўдалося выпусціць яшчэ некалькі песень, якія і ўвайшлі ў новы альбом — «Мары».

«У дэбютным альбоме пяць кампазіцый, аўтарам якіх з’яўляюся я сам, за выключэннем апошняй песні, якая напісана мною на вершы легендарнай і таленавітай паэтэсы Яўгеніі Янішчыц, — распавядае Мікіта. - Я думаю, тыя, хто не знаёмы з біяграфіяй гэтай жанчыны ці яе творчасцю, абавязкова з выхадам майго альбома павінны з ёй пазнаёміцца. Мне было прыемна, што яе спадчыннікі ўхвалілі маё рашэнне і пагадзіся каб я выкарыстаў тэкст паэтэсы».

Альбом «Мары», на думку аўтара, з’яўляецца чымсьці светлым, чыстым, шчырым, сапраўдным, дзе спяваецца пра каханне.

«Я не буду казаць гучна, што альбом пра каханне, але сапраўды гэта так. Ёсць песні „Мары“ і „Каханне“, дзе акурат і спяваю пра гэта. Не лічыце гэта пафасам, але гэта так і ёсць. Я ўклаў у гэта максімум сэнсу», - дадаў Мiкiта.

Усе жадаючыя могуць паслухаць новы альбом «Мары» на старонцы Мікіты ў Вконтакте, iTunes, Google Play music і ЯндэксМузыцы.