У пачатку кастрычніка 2017 года на месцы, дзе пяць гадоў таму мелі ўсталяваць скульптуру з сімвалам Гродна, паставілі вялікі ліхтар. Маўляў, на плошчы не хапае асвятлення. Праект мінскіх скульптараў так і не быў рэалізаваны, пры гэтым аўтары не атрымалі адмовы ад гарадскіх уладаў. Чаму так сталася? Даведваўся Hrodna.life.

Ад аленя да ліхтара

У лістападзе 2012 года камісія гарвыканкама па выніках конкурса абрала праект скульптараў з Мінска: Вадзіма Мацкевіча і Аляксандра Прохарава, ураджэнца Гродна. Яны прапанавалі п’едэстал з мармуру на 16-ці металічных калонах. На п’едэстале — скульптура аленя святога Губерта.

[irp posts="36 728″ name="Замест абяцанага сімвала горада на прывакзальнай плошчы ў Гродне ўсталявалі вялікі ліхтар"]

У сакавіку 2013 года на прывакзальнай плошчы скульптары і архітэктары прымяраліся да новага аб’екта — ставілі макет з цыраты. У 2014 годзе канструкцыю павінны былі ўсталяваць. Але гэтага не адбылося.

У 2016 годзе аўтары прыязджалі ў Гродна абмеркаваць скульптуру і яе ўстаноўку. Але канчатковае рашэнне зноў не прынялі. Восенню 2017 месца скульптуры заняў ліхтар.

Надта вялікі ганарар для гарадскога бюджэту: чаму не ўсталявалі аленя святога Губерта
Кастрычнік 2017 года, устаноўка ліхтара

«Хочацца верыць, што слуп — часовая з’ява»

Адзін з аўтараў праекта Аляксандр Прохараў не губляе надзею на ўстаноўку скульптуры і да гэтага часу падтрымлівае сувязь з Міністэрствам культры і гарадскімі ўладамі. Аляксандр адзначае, што праект атрымаўся нядрэнны і сучасны. Але на яго рэалізацыю, магчыма, паўплывала змена кіраўніцтва Гродна і недахоп бюджэтных сродкаў.

«Мы гатовыя да далейшага супрацоўніцтва і можам разгледзець зноў усе заўвагі і прапановы ад горада. Хочацца верыць, што ўстаноўка ліхтара на прывакзальнай плошчы гэта часовая з’ява. Зараз мы б хацелі пачуць адказ ад гарадскіх уладаў: ці будзе ўстаноўлена наша скульптура ці не».

Горад не можа пацягнуць умовы аўтараў

У адзеле культуры Гродзенскага гарвыканкама Hrodna.life распавялі, што асноўная прычына таго, што на плошчы не ўсталявалі скульптуру — вялікая сума аўтарскага ганарару. У бюджэце такіх грошай няма. Таксама чыноўнікі ад культуры патлумачылі, што праект устаноўкі скульптуры аленя святога Губерта застаецца і, магчыма, будзе рэалізаваны пазней i ў iншым месцы.