Спадчына

Летнія танцы працягнуцца восенню. Пад Гродна пройдзе першая ноч танцаў

«Танцы гродзенскіх дворыкаў» цягам лета вучылі гараджан і турыстаў скакаць пабытовыя беларускія танцы. Зараз шмат хто з наведвальнікаў дворыка на Савецкай можа з веданнем справы станчыць і кракавяк, і польку «з каблучком». Каб танцоры не заседжваліся па восені, музыкі з дворыка вырашылі сабраць аматараў пабытовых танцаў на цэлую ноч у адной з сядзібаў бліз Гродна. У госці чакаюць музыкаў і танцораў з Беларусі і замежжа.

Ад вечара да ранку — пад жывы гук

«Простая вулічная забава», з якой пачаліся танцы ў дворыках, проста на вачах ператварылася ў значны сацыяльны праект, мяркуе Андрэй Бароўскі, гарманіст капэлі дворыка.

Улічваючы, што турысты праяўлялі да танцаў пад гармонік і дуду вялікую цікавасць, запрасіць у бязвізавы Гродна на ноч танцаў вырашылі і замежных танцораў ды музыкаў.

«На нашу думку, сустрэча будзе вельмі цікавая і насычаная. Мы прапануем гасцям экскурсію-шпацыр па дворыках старога Гродна, правядзём майстар-класы для знаёмства з харэаграфічнымі традыцыямі Гродзеншчыны і памежных рэгіёнаў Польшчы і Літвы. Асноўнай і самай цікавай часткай сустрэчы будзе ноч традыцыйных танцаў.

Ад вечара да самага ранку без перапынку будуць граць запрошаныя капэлі. А ўсе жадаючыя змогуць далучыцца і атрымаць задавальненне ад танцаў пад жывы гук».

Шанец «выйсці ў народ» паасобку ці сям’ёй

«Жывая музыка для танцаў мае несумнеўную каштоўнасць, — мяркуе дудар Аляксандр Жура. — для музыкаў і танцораў гэта шанец „выйсці ў народ“ і паказаць, як арганічна ўпісваюцца традыцыйныя народныя танцы ў сучасную прастору горада, як не хапае ў эпоху электроннага трансу тых чалавечых стасункаў і эмоцый, якія суправаджаюць народныя танцы».

«Прыходзілі на танцы ўсёй сям’ёй, — узгадвае лета бубнач Андрэй Шыдла. — Вельмі прыемна, што нашыя дзеці падрастаюць у асяродку традыцыйнай культуры. Старэйшая дачушка Надзейка ўжо вывучыла некалькі танцаў і з прыемнасцю іх успамінае. Малодшая Аленка нават просіцца часам зайсці ў „наш дворык“. Для нас, бацькоў, гэта выдатная магчымасць забыць пра будзённыя клопаты, весела патанцаваць і знайсці новых цікавых сяброў».

Іграць і танцаваць, што ёсць сілы

Музычна-танцавальны рух развіваецца зараз у розных краінах, прычым пераважна — у вялікіх гарадах. Не дзіва, што і Гродна далучыўся да гэтай плыні.

«Маем намер і надалей іграць і ў цёплы сезон у дворыках, і пры любой магчымасці, незалежна ад часу года, пакуль стане сілаў, — прызнаецца Аляксандр Жура. — Да тае пары, пакуль нашы танцы не стануць неад’емнай часткай гарадской рэчаіснасці і адметнасцю, па якую да нас будуць прыязджаць з іншых краін і гарадоў».

Адбудзецца першая гродзенская ноч танцаў 11−12 лістапада ў сядзібе «Райскі куток», гаспадар якой ласкава пагадзіўся прадставіць танцорам і музыкам сваю залу.

youtu.be/TDeirtyJ5Ek

Інфармацыя аб імпрэзе будзе абнаўляцца ў суполцы.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Новы экстрым у Гродне: каля гандлёвага цэнтра катаюць на дрыфт-трайках

Частку ўнутранай паркоўкі гандлёвага цэнтра OldCity аддалі пад арэнду дрыфт-трайкаў. Пакатацца за плату зможа любы ахвочы,…

9 мая 2024

Да двух сутак. Як беларусы стаяць у чэргах на мяжы 9 траўня

У пачатку вялікіх выхадных у Беларусі чэргі на мяжы зноў выраслі - на гэты раз…

9 мая 2024

Нешта пайшло не так: у Гродне закрываюць бар VIP, які толькі адкрыўся

У Гродне закрываецца "VIP bar" на Дзяржынскага, 8А - не прапрацаваўшы і двух месяцаў. Ён…

9 мая 2024

Краму «АвтоЗапчасти» ў Гродне зноў хочуць збанкруціць. Гаспадар скардзіўся на АМАП

Фірму-уладальніка крамы "АвтоЗапчасти" ў Гродне, ТАА "Рукша", зноў хочуць збанкруціць. Банкруцтва хочуць прызнаць праз эканамічны…

8 мая 2024

На літоўска-беларускай мяжы затрымалі два Tesla Cybertruck: падазраюць, што іх везлі ў Расію

Два новенькія электрычныя пікапы Tesla Cybertruck 2023 года выпуску затрымалі літоўскія мытнікі 7 траўня ў…

8 мая 2024

Нерухомасць тыдня: двушка ў гістарычным доме для жыцця ў цэнтры або здачы турыстам

У Гродне прадаецца двухпакаёвая кватэра ў гістарычным цэнтры на вул. Гараднічанская, 27. Яна знаходзіцца ў…

8 мая 2024