Другі год запар у Гродне напярэдадні Новага году прайшоў масавы аўтамабільны флэшмоб. Сёлета ён адбыўся ўвечары 27 снежня на пляцоўцы ў Панямуні. Акрамя актыўных аўтамабілістаў i ўдзельнікаў групы autogrodno.by да акцыі падключыліся і супрацоўнікі ДАІ на службовых аўтамабілях.

Падрыхтоўка доўжылася каля месяца. Фінальную фігуру будавалі ў поўнай цемры. Машыны гродзенцаў з уключанымі фарамі стваралі сам контур Беларусі, а абласныя гарады на фігуры былі адзначаны аўтамабілямі ДАІ.

«Летась пры ўдзеле 72 машын мы пабудавалі сняжынку. Яе папулярнасць у інтэрнэце паспрыяла таму, што ў гэтым годзе мы зноў вырашылі будаваць нешта незвычайнае, — распавядае адзін з арганізатараў флэшмобу Міхаіл Кунцэвіч. — Адмыслова выбралі самую вялікую і даступную пляцоўку ў горадзе. Вырашылі рабіць контур Беларусі: для гэтага нам спатрэбілася каля 145 аўтамабіляў і 15 матацыклаў. Спачатку былі ідэі ствараць сімвалы блізкія гродзенцам, але выбралі контур нашай краіны, каб здзівіць усю Беларусь i не толькі».

У флэшмобе прынялі ўдзел і каля 60 чалавек, якія свяцілі ліхтарыкамі лiчбу 2017, а пасля і 2018.