Пасля перапынку ў чатыры гады каманда АўтаГродна зноў сабралася, каб стварыць гіганцкую фігуру з аўтамабіляў у гонар Новага года. Больш за 160 кіроўцаў сабраліся 26 снежня на пляцоўцы ў Панямуні: спачатку з дапамогай GPS накрэслілі фігуру, а затым па яе контуры пачалі выстройвацца аўтамабілі. Атрымаўся велізарны зубр — такі, як на гербе Гродзенскай вобласці.

Ацаніць фігуру можна было толькі з вышыні - зрабіўшы здымкі з дрона. Калі ў цемры кіроўцы ўключылі агні, сілуэт зубра стаў выразна бачны.

Такая навагодняя акцыя ад АўтаГродна праходзіць не першы раз, але ўпершыню пастраенне фігуры з аўто дапоўнілі салютам. Яшчэ адной новай актыўнасцю быў конкурс на найлепшую інсталяцыю на сваім аўтамабілі. Лепшыя работы ўзнагародзілі падарункамі ад ААТ «Гроднааўтасэрвіс».

Адкуль ідэя будаваць фігуры з машын?

Традыцыя збірацца перад Новым годам, каб павіншаваць адзін аднога і зрабіць фігуру з аўтамабіляў, з’явілася ў аўтааматараў Гродна ў 2016 годзе. Тады адміністратары і чытачы АўтаГродна зрабілі вялікую сняжынку на паркоўцы ля басейна «Лазурный». Пасля гэтага з кожным годам складанасць фігураў павялічвалася.
Да Новага года 2018 з машын у Гродне пабудавалі вялізную карту Беларусі. Напярэдадні 2020 года такім жа чынам стварылі галаву зубра і кветку васілька.

Чаму здымкі з дрона рабіў аблвыканкам?

Цікава тое, што сёлета ўпершыню фота і відэа з паветра на акцыі рабіў афіцыйны Telegram-канал Гродзенскага аблвыканкама. Верагодна, гэта звязана з тым, што звычайным людзям у Беларусі зараз забаронена не толькі карыстацца, але нават валодаць дронамі.

28 верасня 2023 года ўступіла ў сілу падпісаная Аляксандрам Лукашэнкам забарона на ўвоз, эксплуатацыю і выраб фізічнымі асобамі беспілотнікаў. У тым ліку нельга завезці назад у Беларусь дроны, якія грамадзяне раней вывезлі за мяжу. Карыстацца дронамі цяпер могуць толькі арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі.

Фізасобы абавязаны пазбавіцца ад беспілотнікаў: перадаць арганізацыям або на захаванне «ва ўпаўнаважаную арганізацыю». Праўладныя Telegram-каналы наогул прапаноўвалі дарыць дроны беларускай арміі.

Лукашэнка падпісаў указ аб забароне дронаў нібыта для «забеспячэння грамадскай бяспекі».

Чытайце таксама: