У час дэмантажа даху ў доме № 11 па вуліцы 1 Мая будаўнікі знайшлі паляўнічую стрэльбу з патронамі, якая была загорнута ў нямецкі сцяг са свастыкай. Аб знаходцы будаўнікі адразу паведамілі ў міліцыю. Гэта здарылася 24 красавіка.

«Расчышчаючы паддашша будаўнікі выявілі скрутак, загорнуты ў газету „Праўда“, датаваную кастрычнікам 1944 года, — распавядае начальнік крымінальнага вышуку Ленінскага РАУС Віталь Зезюлевіч. — Там у нямецкім сцягу была разабраная двуствольная паляўнічая стрэльба, малакаліберны пісталет, так званы „Монтэ-Крыста“, і 125 патронаў рознага калібру да ружжа і пісталета».

Заходку адправілі на экспертызу ва ўпраўленне Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці.

Дзіўна, што раней не знайшлі

Дом, дзе была знойдзена зброя, быў пабудаваны ў 1930 годзе галоўным бухгалтарам тытунёвай фабрыкі Маславым. У пасляваенныя гады ў дом сталі засяляць працоўных горада.

Як зброя разам са сцягам магла апынуцца на гарышчы дома, сённяшнія жыхары могуць толькі здагадвацца. Старажыл — 52-гадовы Валерый Гельман. Яго сям’я пераехала сюды ў 1946 годзе.

«Мы жывем пад самым дахам і пра знаходку нам ніхто нават не паведаміў. А калі даведаліся, што там нешта знайшлі, то гэта для нас стала вялікай нечаканасцю, — распавядае Валерый. — У пасляваенныя гады ў доме жылі практычна адны хлапчукі, таму дзіўна, што ніхто гэтага раней не знайшоў. Можа таму што на дах было праблемна патрапіць? Памятаю, яго ў нас мянялі ў 70-х гадах і ніхто тады нічога не знаходзіў».

Дарэчы, пры рамонце даху, будаўнікі праваліліся да Валерыя ў туалет. Арганізацыя, якая выконвае рамонт, абяцала ліквідаваць праблему са столлю ў бліжэйшы час.