Гурт Akute наведаў наш горад з новай праграмай і прэм’ерай сінгла «Усе песні спетыя». Двухгадзінны канцэрт адбыўся 4 мая ў клубе «Галактыка».

Новы сінгл — нетыповы для гурта праз выкарыстанне «нежывых» інструментаў. Прычына таму вельмі простая. У саліста гурта Станіслава Мытніка з’явіўся сінтэзатар. Праз вывучэнне магчымасцяў інструмента паўстаў гэты твор. Калі плён спробаў будзе добра прыняты, гурт плануе і надалей эксперыментаваць з сінтэзатарным гукам.

soundcloud.com/akute/use-pesn-spetyya-1

Канцэрт у Гродне прайшоў у межах веснавога тура ў падтрымку сінгла па Беларусі і Расіі. Таксама сёлета гурт плануе выпусціць новы, ужо пяты поўнафарматнік.

У склад гурта ўваходзяць вакаліст і гітарыст Станіслаў Мытнік, бас-гітарыст Раман Жыгараў і бубначка Vicky Fatez. Стыль гурта самі музыкі вызначаюць як «дыска-дэкаданс». Мова тэкстаў - беларуская.