Жыхары Путрышак раніцай 4 ліпеня сустрэліся са старшынёй аблвыканкама Уладзімірам Краўцовым. Іх хвалюе пашырэнне могілак «Аульс» у бок населенага пункта. На сустрэчы дэталёва разгледзелі не толькі гэтае пытанне, але і іншыя, што тычацца Путрышак.

У пачатку чэрвеня ля Путрышак пачалі высякаць дубраву, каб пашырыць гродзенскія могілкі «Аульс» у бок аграгарадка. Гэта ўсхвалявала мясцовых жыхароў: яны не хочуць, каб пахаванні адбываліся літаральна за іх плотам. Кіраўнік вобласці паабяцаў знайсці іншае месца пад пахаванні. У бліжэйшы час будзе разглядацца пытанне пашырэння могілак у іншы бок.


«Не хочам жыць ля могілак». Жыхары Путрышак супраць пашырэння «Аульса»


«Дыялог жыхароў Путрышак і кіраўніцтва прайшоў вельмі карэктна і прадуктыўна, — распавядае экалагічны актывіст Яўген Філімонаў. — На сустрэчы жыхары Путрышак таксама паднялі тэму адсутнасці вадаправода і высокіх цэн на прадукты ў аграгарадку. Па ўсіх пытаннях кіраўнікі абяцалі разабрацца і даць пісьмовыя адказы».

Жыхары Путрышак дамагліся, каб могілкі "Аульс" пашыралі ў іншы бок
Вось такія дубы спілоўвалі для пашырэння могілак
Таксама на сустрэчы была паднятая тэма выкарыстання на могілках штучных кветак, будаўніцтва крэматорыя і калумбарыя. Старшыня гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой прапанаваў правесці грамадскае апытанне: ці неабходна будаваць такія дарагія аб’екты ў Гродне.