На сёлетнюю «начную дзясятку» ўпершыню прыехалі харваты — сям’я Врабац з горада Карлавац. Яны скарысталіся бязвізавым уездам. Спаборніцтвы, што прайшлі ўвечары 4 жніўня пад Гродна, ім спадабаліся і яны плануюць калі-небудзь яшчэ прыняць удзел у гродзенскіх стартах.

«Калі мы ехалі ў Гродна да бабулі, мы ведалі, што побач будуць праходзіць спаборніцтвы, — распавядае глава сямейства Нікіца. — Ведалі пра «дзясятку» яшчэ летась, а сёлета вырашылі так падладзіць даты прыезду, каб прыняць удзел у гэтых спаборніцтвах.

Нечаканай прыемнасцю для нас стаў харвацкі сцяг каля старту. За гэта арганізатарам вялікі дзякуй".

Медалі атрымалі ўсе

У «начной дзясятцы» прыняло ўдзел больш за 200 чалавек з пяці краін. Спаборнічалі яны на трох дыстанцыях: 3333 м, 10 км, і ўпершыню — 21,1 км.

Нікіца Врабац бег 10 км, а астатнія члены яго сям'і - 3333 м.

«Бегчы было цяжка, былі ўздымы. Былі цяжкасці і з асвятленнем на некаторых участках. А так усё спадабалася — арганізацыя супер. Дзякуй усім, магчыма, мы яшчэ сюды вернемся», — дадаў Нікіца.

«Нечаканай прыемнасцю стаў сцяг каля старту». Харвацкая сям'я пра ўдзел у «Гродзенскай начной дзясятцы»