Фрагмент сярэдняй вежы гродзенскага Старога замка з боку Нёмана разабралі ўвечары 8 жніўня. Гэтыя работы ўзгодненыя Міністэрствам культуры, піша С**бода.

Гісторык і краязнаўца Ян Лялевіч бачыў, як праводзіліся гэтыя работы. Ён расказаў, што разабралі не толькі частку савецкай муроўкі і польскай кансервацыі, але і фрагмент аўтэнтычнай сцяны часоў князя Вітаўта (XIV стагоддзе) прыкладна 0,5−1 метр вышынёй і 4 метры даўжынёй. Паводле яго, аўтэнтычны кавалак адрознівае цэгла брудна-жоўтага колеру, змацаваная вапнай.

Паводле гісторыка, яе здымалі з дапамогай адбойніка, прымацаванага да экскаватара. Праз гэты праём мусіць прайсці будаўнічая тэхніка, каб забіваць палі для ўмацавання схілу замкавай гары за абарончымі сценамі.

Гэтыя работы дазволеныя.

У Гродне з адбойнікам разабралі фрагмент «сцяны Вітаўта» ў Старым замку

«Шкада, што Мінкульт узгадніў гэтыя работы. Гэта каштоўны аўтэнтычны фрагмент абарончай сцяны. У нас не так шмат замкаў, пабудаваных у XIV стагоддзі або раней. Іх можна пералічыць на пальцах адной рукі», — кажа Ян Лялевіч.

Вядома, што на месцы цяперашняй сярэдняй вежы пры Вітаўце была брама з уваходам у замак. Дзе менавіта, можна выявіць з дапамогай той старой муроўкі, якую пачалі разбіраць.

[irp posts="74 699″ name=""Трэба скончыць вайну". У Гродне абмеркавалі рэканструкцыю Старога замка"]

Краязнаўца адзначыў, што навуковага кіраўніка рэканструкцыі Уладзіміра Бачкова і праектавальнікаў не было на месцы, калі разбіралі старадаўнюю муроўку.

У Гродне з адбойнікам разабралі фрагмент «сцяны Вітаўта» ў Старым замку

Раней архітэктар інстытуту «Гроднаграмадзянпраект» Алег Шымбарэцкі казаў С**бодзе, што на замку больш нічога разбіраць не будуць.

«Усё, што вы бачыце на сённяшні дзень, усё захоўваецца», — казаў 25 чэрвеня Алег Шымбарэцкі.

Сёння Шымбарэцкі паведаміў С**бодзе, што інфармацыя пра разабраную старажытную сцяну не адпавядае рэчаіснасці.

«Хто вам сказаў, што гэта сцяна XIV-XV стагоддзяў? — абурыўся Алег Шымбарэцкі, галоўны праектавальнік рэканструкцыі замка. — Гэта поўная лухта».