Людзям стане прасцей нарыхтоўваць дровы, а рамеснікам — ляшчыну. Гэтыя і іншыя змены, унесеныя ў Лясны кодэкс Беларусі, набудуць моц з 29 сакавіка, піша «Гродзенская праўда».

Нарыхтоўваць дровы будзе прасцей

Дзейны кодэкс быў прыняты два гады таму. Начальнік аддзела лясной гаспадаркі і лесааднаўлення Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання (ДВЛГА) Андрэй Буй распавёў, што большая частка цяперашніх дапаўненняў і зменаў звязана з пытаннямі, як будуць працаваць лясгасы. Аднак ёсць і тыя, якія датычаць непасрэдна фізічных асоб. Да прыкладу, ім у хуткім часе прасцей будзе нарыхтоўваць дровы.

— Да 29 сакавіка высечкі ажыццяўляюцца пераважна там, дзе былі прадугледжаны лесаўпарадкавальным праектам, які распрацоўваецца РУП «Белдзяржлес» раз у дзесяць гадоў. Тыя, што не ўнесены ў дакумент, праводзяцца толькі лясгасамі, — падкрэслівае спецыяліст. — А сітуацыя ў лесе можа хутка змяняцца: дзесьці ветрам паваліла дрэвы, дзесьці на іх напаў шкоднік або атакавала хвароба. У выніку з’явіўся фронт працы. Каб дазволіць там людзям нарыхтоўваць дровы, неабходна ўнесці папраўкі ў лесаўпарадкавальная праект. Патрабуе гэта нямала часу — ад месяца да трох.

Неўзабаве працэс атрымання дазволу на нарыхтоўку драўніны спросціцца і будзе займаць 2 дні.

Пры яго наяўнасці людзі змогуць нарыхтоўваць дровы на пэўных дзялянках ляснога фонду, дзе праводзяцца санітарна-аздараўленчыя мерапрыемствы, напрыклад, уборка сухастойных, ветравальных і пашкоджаных дрэў.

Колькі каштуе, пра што не забыцца

Самому нарыхтаваць дровы значна танней, чым купляць у лясгаса: ад 50 капеек супраць 14−20 рублёў за куб. Для гэтага неабходна вылучыць дастаткова часу для нарыхтоўкі дроў ва ўстаноўлены тэрмін, мець бензапілу, умець з ёй працаваць, знайсці транспарт, каб вывезці дровы з лесу. Важна выконваць лесанарыхтоўчыя, супрацьпажарныя нормы, а таксама патрабаванні па ахове працы. Пры спілоўцы трэба не пашкодзіць іншыя дрэвы, а пасля работ — прыбраць пасечаныя парэшткі. Парушэнні пацягнуць адміністрацыйную, а ў горшым выпадку і крымінальную адказнасць.

- Мы наладжваем лясгасы на тое, каб яны падбіралі дзялянкі, якія могуць быць патэнцыйна цікавыя насельніцтву (каля аграгарадкоў, вёсак, дачных кааператываў) з улікам рашэння задач па падтрыманні парадку ў лесе, — падкрэслівае намеснік гендырэктара па ідэалагічнай працы Гродзенскага ДВЛГА Уладзімір Семянюк.

0003-005-Klassifikatsija-TSvetkovykh15.jpg

Самастойная нарыхтоўка дроў карыстаецца ў людзей папулярнасцю. Так, у 2017-м жыхары Гродзеншчыны нарыхтавалі больш за 75 тысяч кубічных метраў драўніны, у 2018-м — каля 113 тысячаў. У Гродзенскім раёне было адпусцілі каля 6,5 і больш за 12 тысяч кубічных метраў адпаведна. Пераважна гэта былі дровы.

les2.jpg

Ляшчына — рамеснікам

Важныя навацыі датычацца рамеснікаў. Ім будзе прасцей нарыхтоўваць галінкі ляшчыны і іншых хмызнякоў для вырабаў. Бо з 29 сакавіка такая дзейнасць будзе аднесена да пабочнага лесакарыстання. У цэлым, па словах спецыялістаў, змены ў Лясным кодэксе дазволяць не толькі растлумачыць, але і спрасціць шэраг момантаў, якія тычацца вядзення лясной гаспадаркі. Акрамя таго, ліквідаваць прабелы ў прававым рэгуляванні гэтага віду дзейнасці.

Улік і кантроль

Значныя змены зведаў артыкул 71 Ляснога кодэкса, якая рэгулюе тэрміны, парадак нарыхтоўкі і вывазу нарыхтаванай драўніны. Павінен весціся штодзённы ўлік ссечаных цвердалістых парод (дуб, ясень, клён і бук), а таксама тых, што нарыхтаваны шматаперацыйнай тэхнікай з электроннай сістэмай ўліку.

— Для Гродзенскай вобласці такое новаўвядзенне досыць актуальна, бо тут лясгасы амаль 50% сыравіны атрымліваюць пры дапамозе шматаперацыйнай тэхнікі, — адзначае Уладзімір Семянюк. — Патрабаванні па ўліку закрануць усе арганізацыі, звязаныя з нарыхтоўкай і вывазам лесу, што дасць магчымасць узмацніць кантроль у гэтых працэсах.

Як будуць ахоўваць лес

У новай рэдакцыі закона асаблівая ўвага надаецца захаванню лясоў і падтрыманню відавой разнастайнасці ў іх. Уводзіцца забарона на правядзенне суцэльнага высякання галоўнага карыстання ў лясах, размешчаных на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях. У Гродзенскім раёне да такіх, напрыклад, адносіцца рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Азёры». Для параўнання: ў дзейным Лясным кодэксе ранейшай рэдакцыі забароны на такія дзеянні рэгуляваліся палажэннямі аб гэтых тэрыторыях або іх ахоўнымі дакументамі.

Новая сістэма ўліку

На базе трох лясгасаў Беларусі, адзін з якіх Гродзенскі, вядзецца тэставанне і апрабацыя сістэмы электроннага ўліку драўніны. Па словах Андрэя Буя, яна ўяўляе сабой праграмна-апаратны комплекс, з дапамогай якога будзе ажыццяўляцца кантроль і ўлік драўніны на розных стадыях: ад нарыхтоўкі да рэалізацыі. Такая інавацыя дазволіць адсочваць увесь шлях руху лесаматэрыялаў, пераканацца ў законнасці іх паходжання. Зараз таксама ёсць магчымасць адсачыць гэтыя працэсы, але ў далейшым гэта будзе зроблена на новым тэхналагічным узроўні з улікам інтарэсаў будучых карыстальнікаў, падлучаных да сістэмы.