15 красавіка ў доме сясцёр назарэтанак да Вялікадня адбыўся абед для маламаёмных і людзей без пэўнага месца жыхарства. У сустрэчы прыняло ўдзел каля 80 чалавек, піша grodnensis.by. Сабраных частавалі курыным булёнам, смажанымі каўбаскамі з бульбай і салёнымі агуркамі, а на дэсерт — пасхальным кулічом.

Перад абедам прысутных прывіталі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дырэктар дома начнога прабывання ў Гродне Яўген Ярмантовіч і прадстаўнікі Дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас», пры падтрымцы якога зладзілі спатканне.

Іерарх павіншаваў сабраных з надыходзячым святам Вялікадня і пажадаў, каб нягледзечы на розныя жыццёвыя абставіны, ніхто не адчуваў сябе самотным і пакінутым. Біскуп асвяціў пасілак, а затым асабіста ўручыў кожнаму ўдзельніку сустрэчы яйка, якое з’яўляецца сімвалам плоднасці, адраджэння жыцця і знакам перамогі Хрыста над смерцю.

Акрамя святочных сустрэч перад Вялікаднем і Раством, для бедных штодня ладзяцца дармовыя абеды ў назарэтанскай сталовай. Калі людзі маюць патрэбу ў вопратцы ці абутку, яны таксама маюць магчымасць звярнуцца ў «Карытас» з просьбай аб матэрыяльнай дапамозе. Знайсці прытулак на ноч бяздомныя могуць у гарадскім доме начнога прабывання.