Адкрыццё памятнай шыльды Чэслава Немэна на будынку Гуманітарнага каледжа было прымеркавана да прыезду ў Гродна 6 чэрвеня маршалка польскага Сената Станіслава Карчэўскага і старшыні Савета Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіла Мясніковіча.
Ініцыятарамі ўстаноўкі памятнай табліцы на будынку навучальнай установы, дзе вучыўся ў 1954−1955 гг. Чэслаў Немэн, выступілі Генеральнае консульства Польшчы ў Гродне і мясцовы гарвыканкам. Рабіў шыльду гродзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў. На ёй, акрамя надпісаў на беларускай і польскай мовах, размешчаны бронзавы барэльеф з выявай спевака.
На адкрыццё дошкі прыехала другая жонка музыкі Малгажата Немэн.
«Чэслаў акурат вярнуўся ў Гродна ў сваё 80-годдзе. Радуе, што праз столькі часу вялікая колькасць маладых беларусаў будзе памятаць і вывучаць яго творчасць. Чэслаў дзесьці ляціць на воблаку або на самалёце [у гэты момант над Гродна пралятаў самалёт — рэд.] і махаў нам на адкрыцці. Вядома, было б лепш, калі б такую табліцу павесілі значна раней, дзе-небудзь у гадах 1970-х. Але і так добра, што праз столькі часу памятаюць, што ён тут вучыўся», — распавяла Малгажата.