Рэстаўрацыю мемарыяльнай шыльды на Гуманітарным каледжы, прысвечанай 400-годдзю з дня нараджэння Стэфана Баторыя, кіраўніцтва горада лічыць немэтазгоднай. Так адказалі гродзенскаму гісторыку Мечыславу Супрону ў афіцыйным лісце ад Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Гарвыканкам: "Шыльда ці помнік Баторыю можа з'явіцца ў Старым замку пасля яго рэканструкцыі"
Мемарыяльная шыльда са збітымі літарамі, фота 2016 г. Надпіс расшыфравалі, ён перакладаецца як: «1533−1933. Заступніку, вялікаму каралю Стэфану Баторыю. Школа».
Амаль месяц таму старую, пашкоджаную ў савецкі час памятную шыльду на Гуманітарным каледжы паспрабавалі «абнавіць». Паверх яе павесілі новую пластыкавую шыльду з пералікам назваў навучальных устаноў, якія месціліся ў будынку сучаснага каледжа ад 1899 года. Новая шыльда не правісела і сутак: яе знялі, не патлумачыўшы прычын.

Гісторык звяртаўся ў гарвыканкам з прапановай арганізаваць краўдфандынг і за гэтыя сродкі адрэстаўраваць шыльду, прысвечаную каралю Рэчы Паспалітай, які займае адметнае месца ў гісторыі горада.

«Стварэнне і ўстаноўка помніку Стэфану Баторыю за сродкі гарадскога бюджэту ў бліжэйшы час не плануецца,» — напісалі ў лісце.

Праўда, ніжэй паведамілі: «Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт лічыць мэтазгодным правесці стварэнне і ўсталяванне мемарыяльнай шыльды альбо помніка Стэфану Баторыю на тэрыторыі Старога замка пасля заканчэння рамонтна-узнаўленчых работ і прымеркаваць адкрыццё твора манументальнага мастацтва да значнай юбілейнай даты з дня нараджэння караля».

Стэфан Баторый нарадзіўся 27 верасня 1533. Якую менавіта юбілейную дату абяруць для ўшанавання караля, у лісце не ўдакладняецца.

Гарвыканкам: "Шыльда ці помнік Баторыю можа з'явіцца ў Старым замку пасля яго рэканструкцыі"
Фота Мечыслаў Супрон

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]