Лідар апазіцыйнай польскай партыі прыйшоў на рынак на Кавалерыйскай у Беластоку. Ён паабяцаў прадаўцам, што калі на бліжэйшых выбарах да ўлады прыйдзе апазіцыя, беларусы зноў змогуць афармляць візы па пакупкі.

«Мы тут, каб паказаць, што неабдуманыя рашэнні, якія наносяць шкоду польскай эканоміцы і прадпрымальніцтву, павінны быць зменены», — заявіў у суботу (6 ліпеня) Гжэгаж Шчаціна, кіраўнік партыі Platforma Obywatelska («Грамадзянская Платформа»), на рынку па вул. Кавалерыйскай, піша poranny.pl.

Разам з калегамі ён прыехаў у Беласток у рамках акцыі «Паразмаўляць». — Учора мы былі ў Мазовіі, цяпер на Падляшшы. Гэта пачатак маршруту. На наступным тыдні Лодзь, Памор’е. Мы будзем з людзьмі - казаць, пытацца, слухаць. Да выбараў засталося чатыры месяцы, але час адпачынкаў прысвяцім гэтаму, — падкрэсліў Шчаціна. — Мы лічым, што менавіта людзі, палякі, павінны напісаць праграму найбуйнейшай апазіцыйнай партыі, — сказаў ён.

Прадстаўнік партыі РО на Падляшшы Роберт Тышкевіч назваў рынак на Кавалерыйскай асаблівым месцам: «Менавіта тут прадаўцы сабралі больш за тысячу подпісаў з пэтыцыяй міністру замежных спраў аб аднаўленні візаў па пакупкі для беларусаў. Без гэтых візаў рынак памірае. Дурное рашэнне дзейнай партыі ўрада PiS («Права і Справядлівасць «) пазбавіла беларусаў магчымасці прыехаць у Польшчу. Петыцыя ў цяперашні час знаходзіцца ў Міністэрстве замежных спраў. Да гэтага часу, вядома, няма адказу».

— Гэтыя правілы бесчалавечныя і бяздумныя. Вось чаму варта мець добрыя адносіны ў Еўрапейскім Саюзе, каб голас тых людзей, якія могуць весці свой бізнэс тут толькі так, быў пачуты. І мы гарантуем гэта, — заявіў Гжэгаж Шчаціна і разам з іншымі актывістамі паглыбіўся ў рынак.

— Хай лепш дастануць свае кашалькі і што-небудзь купяць. Мы не наямося улёткамі, — пракаментавалі двое прысутных. Але многія падтрымалі партыйцаў.