Дзяржаўтаінспекцыя прапануе некалькі інжынерных рашэнняў. Першае тычыцца прымусовага зніжэння хуткасці транспарту ў мікрараёне. Ствараюцца праезды-дублёры асноўных магістраляў, па якіх транспарт пойдзе ў двары, піша grodnonews.by.

Як правіла, у старых мікрараёнах праезды-дублёры маюць шырыню 6 метраў і дазваляюць кіроўцам развіваць высокую хуткасць руху. На такіх праездах уладкоўваюцца кішэні для паркоўкі транспарту. Звычайна тут шмат пешаходаў, у тым ліку і дзяцей. Такія праезды яны не ўспрымаюць як дарогу з інтэнсіўным рухам, таму часам і праяўляюць бестурботнасць.

Для павышэння бяспекі ДАІ прапануе ўезды ў такія мікрараёны пазначыць дарожнымі знакамі «Жылая зона», якія забараняюць рух з хуткасцю больш за 20 кіламетраў у гадзіну і даюць перавагу пешаходам перад транспартнымі сродкамі.

Яшчэ адна навіна: у месцах пешаходных сувязяў праз праезды-дублёры ўладкоўваюцца больш высокія рэльефныя пешаходныя пераходы, выкананыя з пліткі яркага колеру. Такая рэльефная яркая плітка ўжо ўкладваецца ў мікрараёне Грандзічы. Прычым яе можна замяніць без перабудовы ўсёй канструкцыі.

Прапановы Дзяржаўтаінспекцыі арганічна ўпісваюцца ў яшчэ адно істотнае адрозненне мікрараёна Грандзічы — паркоўкі аўтамабіляў не ў дварах, а па перыметры кварталаў забудовы. Пад’ехаць да пад’езда можна па спецыяльным тратуары, калі ў кватэру завозяцца буйнагабарытныя рэчы. Выгрузіў - адганяй машыну на паркоўку, якая размешчана ў крокавай даступнасці.