Гродзенкі Эмілія Гаўрус і Наста Трафімчык расказалі, як прыйшлі да беларускай мовы, як на гэта рэагуюць сям’я і сябры, і як выхаваць беларускамоўнае дзіця. На дэсерт выступіў лідар гурта «Dzieciuki» Алесь Дзянісаў.

— Мы ўвосень 2018 года прачыталі навіну, што ў 2019 годзе будзе перапіс насельніцтва. І будуць два пытанні, звязаныя з мовай. Адно з іх: «Ваша родная мова?». А ў дужках напісана: «мова, першай засвоеная ў дзяцінстве». Для многіх з нас беларуская мова родная, але яна не першая, засвоеная ў дзяцінстве.

У Гродне прайшла сустрэча “Беларускамоўныя” (+ топ беларускамоўных гуртоў ад удзельнікаў)

— Пытанне заблытанае, таму мы вырашылі паказаць людзям, што ёсць шмат людзей, сотні тысяч, якія размаўляюць па-беларуску. Яны абсалютна розныя па прафесіях, спецыянасці, розных узростаў. І мы запачаткавалі праект, які назвалі «Беларускамоўныя». Сэнс яго ў тым, каб на сцэну падымаліся па два героі і распавядалі пра тое, як яны прыйшлі да беларускай мовы, — расказвае Алесь з «АртСядзібы».

Праект запачаткавалі восенню 2018 года. Вядучая задае пытанні, а героі паралельна расказваюць: як пачыналі размаўляць, пра стэрэатыпы, адносіны, плюсы і мінусы. У мінску адбылося ўжо 30 сустрэчаў. На іх завітвалі і знакамінасці, і людзі, якія нядаўна перайшлі на мову. Некаторыя наведвальнікі натхняліся і таксама пачыналі размаўляць па-беларуску. У гэтым і быў сэнс праекта.

Летам стваральнікі паехалі ў рэгіёны, дзе правялі сустрэчы з мясцовымі героямі. «АртСядзіба» ўжо была ў Віцебску, Бабруйску, Гродне, Брэсце. У планах — Гомель. Падтрымаць праект можна праз краўдфандынг. Паралельна ідзе праект «Мова чэлендж», за якім можна сачыць у інстаграме.

Як Akute дапамагаюць вучыць мову

Гераіні распавялі пра сябе. Наста нарадзілася ў Слоніме, адвучылася ў ГрГУ і адпрацавала настаўніцай пачатковых класаў. Зараз працуе прадавачкай у Мінску. Эмілія родам з Астравеччыны, па адукацыі журналістка, зараз у дэкрэтным адпачынку.

У Гродне прайшла сустрэча “Беларускамоўныя” (+ топ беларускамоўных гуртоў ад удзельнікаў)

Наста пачала размаўляць па-беларуску ў 2014 годзе. У свой час паўплывалі на яе бабуля, якая жыла ў вёсцы, і брат, які прывозіў дыскі Вольскага і раіў паглядзець «Вышэй за неба». Потым былі Akute, Vincent — так усё і пачалося. У Слоніме было менш беларускамоўнага атачэння. А потым Наста паступіла ў Гродна і пайшла на курсы «Мова Нанова». «Я пабачыла канцэнтрат беларускамоўных людзей і такая: сур’ёзна? Дзе вы былі раней? — смяецца Наста. — Тады пачалося асэнсаванае беларускамоўнае жыццё».

Эмілія адказвае, што пачала размаўляць па-беларуску ў 1993 годзе, то бок ад нараджэння. Яна кажа, што ён было прасцей, бо яна жыла ў вёсцы, дзе размаўлялі хоць не на літаратурнай, але беларускай мове, вучылася ў беларускамоўнай школе. То бок база была.

— Калі ў гадоў 16−17 я паступала ў Гародню, было такое усведамленне: або ты пераходзіш на рускую мову, альбо удасканальваеш свою беларускую мову, каб яна была літаратурнай і прыгожай. А то нас з дзяўчатамі засмучала, што мы кажам «інцярэсна», «вабшчэ», і мы над сабой працавалі, каб беларуская мова была літаратурнай і каб гэта гучала прыжога, — расказвае Эмілія. Паступала ва ўнівер Эмілія з сястрой і сяброўкамі. Яны разам жылі ў пакоі і дамовіліся камунікаваць па-беларуску.

Беларускамоўны — значыць вясковец або з БНФ?

— Гэта такая праблема вясковай моладзі, бо мы разумеем, як там размаўляюць — як бацькі, як бабулі. І калі мы прыязджаем у горад, каб не вулучацца, амаль што ўсе мае аднакласнікі перайшлі на рускую мову. Для мяне, калі я паступала, гэта быў такі прынцыповы момант: або ты прагінаешся і пераходзіш на рускую, або застаешся пры сваім. І гэты момант трэба перажыць, — раіць Эмілія.

Яна расказвае, што настаўнікі і студэнты ніколі не ставіліся з негатывам, а з зацікаўленасцю і здзіўленнем. Часам гэта нават дапамагала на экзаменах, бо выкладчыкі цікавіліся мовай. Наогул, лічыць Эмілія, адукаваны чалавек не можа ставіцца негатыўна да беларускай мовы.

У Гродне прайшла сустрэча “Беларускамоўныя” (+ топ беларускамоўных гуртоў ад удзельнікаў)

Наста кажа, што яе аднакурснікі таксама ставіліся добра, тым больш што ў групе было адсоткаў 80 прыезджых з раёнаў, дзе былі цікавыя дыялекты. А аднойчы яе беларускую мову прынялі за… слонімскі акцэнт. З мамай яна размаўляе на трасянцы, хаця апошнім часам у тэлеграме — выключна па беларску. І сябры стараюцца адказваць ёй па беларуску.

Наогул, кажуць дзяўчаты, ранейшыя стэрэатыпы, што калі ты беларускамоўны — значыць, прыехаў з вёскі, працуеш настаўнікам беларускай мовы або апазіцыянер, ужо не працуюць.

«Дзякуй за мову»

У атачэнні Эміліі працэнтаў 70 беларускамоўных, у Насты — 50/50. У Гродне, кажуць дзяўчаты, адна беларускамоўная тусоўка — людзі, якіх бачыш на вуліцы, сустракаеш на імпрэзах. А вось проста так сустрэць беларускамоўнага цяжка. Хіба што людзі чуюць беларускую мову і стараюцца на яе адказваць.

Наста адчувае сябе больш упэўненай, калі размаўляе па-беларуску. Дзякуючы мове ў яе нават з’явілася натхненне — ультрамарафоны. У прыватнасці, дзякуючы Лявону Анацку. Часта дзяўчатам дзякуюць «за мову».

«Дзеці не могуць не ведаць рускую мову — дайце вывучыць беларускую»

— Зараз маёй дачцэ 2 гады і 9 месяцаў. І для мяне гэта такое адкрыццё, як дзеці схопліваюць усё, як яны вучацца хутка і колькі ў дзяцей можна закласці. Я не за тое, каб яна была выключна беларускамоўнай. Выдатна, калі дзіця ведае і англійскую мову, і рускую — супер! Нядаўна мы хадзілі ў школы на сход і прыходзілі бацькі, якія будуць аддаваць дзяцей у беларускамоўныя класы. Мы даводзім аргументы, чаму варта аддаць дзіця ў беларускамоўны клас і кажам, што дзеці рускую мову будуць ведаць у любым выпадку. Ну немагчыма зараз жыць у Беларусі і не ведаць рускую мову. Дайце дзецям магчымасць ведаць і беларускую мову таксама! — расказвае Эмілія.

У Гродне ёсць некалькі беларускамоўных груп у дзіцячых садках. Напрыклад, на Дзевятоўцы — у садзе № 83. Там жа ёсць школа № 32 з беларускай мовай навучання да 5 класа.

У канцы вядоўца папрасіла гераінь агучыць свой топ-3 беларускамоўных музычных гуртоў і выканаўцаў. Дадавайце ў плэйліст.

Топ ад Насты:

  1. Akute
  2. Vincent
  3. «Детидетей»

Топ ад Эміліі:

  1. Алесь Дзянісаў
  2. Сяргей Башлыкевіч
  3. Лявон Вольскі

Топ ад Алеся Дзянісава:

  1. Сяргей Башлыкевіч
  2. Ганна Хітрык з «Детидетей» и «Sounduk»
  3. Віктар Шалкевіч
Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]