Пры сілавой падтрымцы АМАПа затрымалі 37-гадовага гродзенца, які знаёміўся ў сацсетках з жанчынамі і прапаноўваў ім працу па аказанні інтым-паслуг.

Зламысніка вылічылі падчас маніторынгу інтэрнэту. Як паведамілі ў МУС, за грошы ён прапаноўваў мужчынам сэксуальныя паслугі 27-гадовай дзяўчыны.

Пазней яе таксама затрымалі. Яна распавяла, што пазнаёмілася з сутэнёрам ў суполцы па пошуку працы, дзе ён прадставіўся дырэктарам фірмы.

Ужо пры сустрэчы суразмоўца прапанаваў ёй аказваць інтым-паслугі кліентам за грошы. Яна пагадзілася праз цяжкое матэрыяльнае становішча. Пошукі кліентаў сутэнёр замкнуў на сабе, а заробак дзялілі пароўну.

У дачыненні да затрыманага ўзбуджаная крымінальная справа па арт.171 КК Беларусі (арганізацыя і (або) выкарыстанне заняцця прастытуцыяй або стварэнне ўмоў для занятку прастытуцыяй). Ён прызнаўся, што гэта не адзіная пацярпелая.

Аператыўнікі выявілі, што падазраваны ўцягнуў у сваю дзейнасць яшчэ мінімум дзвюх дзяўчат, блізкасцю з якімі скарысталіся не менш за дзесяць чалавек.