Вікторыя ўбачыла ў краме прыгожыя лёгкія топы. Але дзяўчына ведала: яе грудзі занадта вялікія для іх. Пазней, калі дата аперацыі ўжо была прызначаная, яна прыйшла і купіла іх. Яна даўно нічому так не радавалася: «Я ведала, што ў іх улезу!».

Амаль 15 гадоў вялікія грудзі ўплывалі на яе паўсядзённае жыццё. Таму яна вырашыла іх зменшыць.

Вікторыі (імя зменена) крыху больш за трыццаць. Яна беларуска і некалькі гадоў жыве ў Польшчы. На працы яна шмат часу праводзіць на нагах. Крыху больш за тры месяцы таму яна зрабіла аперацыю па змяншэнні грудзей у адной з прыватных клінік у Беларусі.

Што такое рэдукцыйная мамапластыка

Вялікія грудзі — не заўсёды прадмет гонару і кампліментаў. Яны могуць быць прычынай штодзённага фізічнага і бытавога дыскамфорту. Таму аперацыя па змяншэнні грудзей даўно перастала быць толькі пытаннем знешнасці. Паводле даных Міжнароднага таварыства эстэтычнай пластычнай хірургіі (ISAPS), у 2024 годзе 652 676 жанчын у свеце зрабілі рэдукцыйную мамапластыку — яна займае 11-е месца па папулярнасці сярод працэдур.

Рэдукцыйная мамапластыка — гэта хірургічная аперацыя, накіраваная на змяншэнне памеру, аб’ёму і вагі малочных залоз, а таксама на карэкцыю іх формы і ліквідацыю апушчэння (птозу).

Пяты памер у 14 гадоў

«Я памятаю, што мне было гадоў 12, і ва ўсіх аднагодак раслі грудзі, а ў мяне іх увогуле не было», — расказвае Вікторыя. Але ўсё змянілася вельмі хутка. За год грудзі вырасталі на два-тры памеры, і да 14 гадоў у яе ўжо быў пяты памер.

Тады Вікторыя была вельмі худой. Яна ўспамінае, што вялікія грудзі пры такой камплекцыі выглядалі недарэчна. Каб нарасціць мышачную масу і ўмацаваць спіну, дзяўчына пайшла ў трэнажорную залу, занялася плаваннем і бегам. Але вельмі хутка вялікія грудзі і там сталі выпрабаваннем.

«Ты скачаш у ваду, і ў цябе грудзі вылазяць. Проста таму, што яны не трымаюцца», — кажа Вікторыя. Яна расказвае, што грудзі былі не проста вялікімі, але і цяжкімі. Выбар купальніка быў праблемай. Падчас бегу таксама быў моцны дыскамфорт.

«Адзін памер малы, другі — вялікі»

Вялікія грудзі ўплывалі не толькі на заняткі спортам. Вікторыі было цяжка падабраць любое адзенне.

«Хачу сукенку: адзін памер малы — усё добра, але грудзі сціскае, а другі вялікі, бо грудзі змясціліся, а ўсё астатняе занадта шырокае. І атрымліваецца, што ты ніколі не можаш выглядаць так, як хочаш. Я пастаянна псіхавала».

Праз усё гэта ёй хацелася схавацца, схаваць свае грудзі. «Ты глядзіш на дзяўчат, у якіх нічога няма, і табе проста зайздросна. Не праз знешнасць як такую, яны проста могуць надзець што заўгодна», — так Вікторыя апісвае свае пачуцці, калі глядзела на дзяўчат з маленькімі грудзямі.

Пры гэтым яна не лічыць вялікія грудзі нечым непрыгожым. Наадварот, Вікторыя часта чула кампліменты. Але гэтыя словы не рабілі яе жыццё лягчэйшым і не пазбаўлялі ад цяжару і болю ў канцы працоўнага дня.

Яшчэ ў Беларусі вага Вікторыі за пяць гадоў змянялася ў дыяпазоне ад 80 да 59 кілаграмаў. Яна спадзявалася, што грудзі стануць меншымі. Яны сапраўды зменшыліся, але максімум на два памеры: «Грудзі вісяць, і калі ты іх падымаеш, яны ўсё роўна здаюцца вялікімі. Плюс цяжар нікуды не знік, а скура не паспявала падцягвацца».

«Глядзелі не на мяне, а на грудзі»

«Спачатку была вельмі моцная ўвага з боку мужчын, — кажа Вікторыя. — Калі я вучылася ў 8–9 класе, старшакласнікі маглі ісці побач і лапаць». Ужо тады яна зразумела, што хоча зменшыць грудзі.

«Мужчыны ўвесь час глядзелі не на мяне, а на грудзі», — успамінае Вікторыя мужчынскую ўвагу, якую адчувала яшчэ з падлеткавага ўзросту. Пазней яна прызвычаілася да поглядаў.

Вікторыя не хавае, што ў асабістым жыцці вялікія грудзі ў пэўнай ступені былі плюсам. «Мужчынам падабаюцца вялікія грудзі, але яны крыху не разумеюць усяго цяжару», — кажа яна.

Яе муж, з якім яны разам ужо пяць гадоў, быў адзіным мужчынам, перад якім яна цалкам адкрылася і перастала саромецца сваёй знешнасці. «Ён неяк падвёў мяне да таго, што я павінна любіць сябе такой, якая я ёсць. Нават з вялікімі грудзямі».

Рашэнне, якое адкладалася амаль 15 гадоў

Вікторыі было 16, калі яна ўпершыню сур’ёзна загаварыла з мамай пра аперацыю. Але тады пытанне завісла. «Жаданне было, сродкаў не было. Ды і медыцына тады была не на такім узроўні, як цяпер».

Пасля пераезду ў Польшчу дзяўчына яшчэ набрала вагу. Ёй не падабалася, як яна выглядала, грудзі сталі большымі і яшчэ цяжэйшымі, пачала балець спіна. «Памер грудзей стаў восьмым. Я зноў загаварыла пра гэта з мамай, і яна сказала: “Рабі!”. І ўсё, гэта дало мне стымул».

Вікторыя — трывожны чалавек, для прыняцця рашэння ёй патрэбная дакладна раскладзеная па палічках інфармацыя. Таму вывучыць цэны ў розных краінах яна вырашыла сама. Спачатку разглядала Польшчу, Беларусь і Турцыю. Выбрала Беларусь.

Цана стала першым і вырашальным фактарам: «У Турцыі — ад 4 да 5 тысяч долараў, у Польшчы — ад 8 да 9, у Беларусі — 3 тысячы долараў. І гэта ў прыватнай клініцы!».

Другой прычынай стаў лекар. Праз знаёмую мамы яна даведалася пра праверанага хірурга, якому магла давяраць. Для яе гэта было прынцыповым пытаннем: «Калі б не было магчымасці пазнаёміцца з лекарам, зразумець, хто ён і як працуе, я б не пагадзілася».

Апошнім фактарам на карысць Беларусі стала магчымасць аднаўляцца дома, побач з мамай. Яна загадзя думала пра тое, дзе будзе знаходзіцца ў першыя дні і хто зможа ёй дапамагчы: «Я разумела, што я не багатая. Мне трэба было разумець, дзе я буду жыць і як буду праводзіць гэты час».

Чытайце таксама: Акушэр-гінеколаг з Ліды адкрыла прыватную клініку ў Варшаве

Муж дапамагаў фатаграфаваць грудзі

Спачатку Вікторыя збіралася прыехаць у Беларусь толькі на кансультацыю, а аперацыю зрабіць у канцы года — холадна, няма спёкі, у гарсэце хадзіць нашмат лягчэй. «Але на зіму ў хірурга графік быў ужо запоўнены, — расказвае яна. — Чэргі цяпер там шалёныя». Але ў хірурга з’явілася вольнае акно ў траўні, то бок праз месяц. І Вікторыя вырашыла не адкладаць.

Частка кансультацыі прайшла анлайн. Каб лекар мог папярэдне ацаніць сітуацыю, Вікторыі трэба было даслаць фатаграфіі. Яна смяецца, успамінаючы, як прасіла мужа дапамагчы: «Трэба зрабіць фатаграфіі маіх грудзей. Лекару, мужчыну».

Вікторыя прыехала ў Беларусь за пяць дзён да аперацыі. За гэты час прайшла неабходныя абследаванні: здала аналізы, зрабіла УГД малочных залоз і флюараграфію, наведала гінеколага і тэрапеўта. Частку даследаванняў яна праходзіла платна, частку — па месцы жыхарства.

Аперацыя, анестэзія і аднадзённае знаходжанне ў палаце з харчаваннем абышліся ёй прыкладна ў 9000 рублёў. Асобна яна купіла кампрэсійныя панчохі і гарсэт. Падбіраць бялізну самастойна яна не хацела: памер дапамагла выбраць спецыялістка, якая супрацоўнічала з клінікай.

Чытайце таксама: «Прасцей з’ездзіць у Турцыю». Гродзенку здзівілі чэргі на пратэзаванне на некалькі гадоў наперад

Тры гадзіны на здзяйсненне мары

У дзень аперацыі ўсё адбылося хутка. Пасля прыезду ў клініку аформілі дакументы, зрабілі разметку, яна паразмаўляла з анестэзіёлагам і неўзабаве ўжо была на аперацыйным стале.

«Ты нават не паспяваеш задумацца: “Можа, не?”. Але гэта класна! Бо калі б была магчымасць ляжаць і думаць, я б звар’яцела!».

Аперацыя доўжылася тры гадзіны. Вікторыя лічыць прыемным плюсам тое, што адразу пасля аперацыі мама магла знаходзіцца з ёй у палаце. Але асаблівай неабходнасці ў гэтым не было, бо яна амаль не заставалася адна — старшая медсястра прыходзіла і цікавілася яе самаадчуваннем кожныя паўгадзіны, нават калі яна спала.

Вікторыя вельмі задаволеная клінікай: «Усё вельмі арганізавана і камфортна, у палаце ёсць усё неабходнае. Вельмі смачная ежа. Былі і аліўе, і кава з аладкамі. А ложак — гэтыя кнопачкі, гэта проста боска!».

Трэці памер замест восьмага

Праз гадзіну пасля наркозу Вікторыя паглядзела на сябе і спачатку разгубілася. На ёй ужо быў надзеты гарсэт, і ў становішчы лежачы грудзі падаліся ёй амаль плоскімі.

Пасля аперацыі яна зрабіла трэці памер грудзей. Лекар папярэдзіў, што рабіць меншыя не варта як з фізіялагічных, так і з псіхалагічных прычын. Падчас аперацыі Вікторыі выдалілі палову грудзей: «Па паўтара кілаграма кожная! Такія яны былі цяжкія».

Першыя тры дні пасля аперацыі былі самымі складанымі: моцны ацёк, тэмпература пад 40, рэакцыя на антыбіётыкі, ныючы боль, пастаянная санлівасць.

«Калі б не мама, я б увогуле не змагла тут сама… Ты ўся такая парэзаная ляжыш і проста баішся паварушыцца, думаеш, што швы могуць разысціся. Але ўсё гэта толькі ў тваёй галаве», — кажа Вікторыя.

Праз некалькі дзён яна пачала ўставаць: «Я ўставала, хадзіла, але хадзіла вось так (смяецца і паказвае складзеныя пад грудзьмі рукі — Hrodna.life). Я іх трымала».

Пра ўсе пасляаперацыйныя наступствы яе папярэдзілі ў клініцы, а лекар быў на сувязі 24/7. Але і самой трэба быць максімальна асцярожнай. «Калі мне знялі швы, лекар нарэшце дазволіў памыцца. Ну я і дарвалася — доўга стаяла пад душам і моцна размачыла шво. Яно пачало сыходзіць крывёй, і цяпер у гэтым месцы яно крыху шырэйшае».

Першыя месяцы ў новым целе

Вікторыя прызнаецца, што самым складаным аказалася не рашэнне пра аперацыю, а першыя пару месяцаў пасля яе: хадзіць у гарсэце, спаць на спіне, ды яшчэ і летам.

Праз 10 дзён пасля аперацыі ёй знялі швы, гаенне ішло добра, і трэба было вяртацца дадому ў Польшчу. Ехаць давялося на аўтобусе.

«Пераезд быў жорсткі. Пасля аперацыі лепш увогуле не ехаць праз мяжу. Не столькі з сумкай было цяжка, колькі проста сядзець. Гарсэт сціскае, у ім ні павярнуцца, ні разгарнуцца».

Вікторыя вярнулася на працу праз два тыдні пасля аперацыі. Кіраўніцтва дало ёй магчымасць самой вызначаць тэмп працы і сыходзіць адпачываць раней, калі станавілася цяжка. «Лепш нейкі час крыху менш працаваць, бо чым больш ты рухаешся, тым больш націрае швы. Праз гэта таксама балела».

Яшчэ адным выпрабаваннем для яе стала паўтара месяца насіць гарсэт летам. У спёку ў ім было вельмі душна. «Я тады зразумела, што трэба было два купляць. Калі горача, пацееш, хацелася б мець другі на змену». Вікторыя прызнаецца, што пасля такой аперацыі ёй было б лягчэй у халодную пару года.

Яна таксама дзеліцца лайфхакам на перыяд аднаўлення — каб спаць на спіне і не пераварочвацца ўначы, ёй дапамагала падушка пад каленямі.

Цяпер пасля аперацыі прайшло крыху больш за тры месяцы. Вікторыя ўжо носіць фіксуючыя топы, але яшчэ не можа без дыскамфорту ляжаць на левым баку — кожная грудзь гоіцца па-рознаму. Ацёкі таксама пакуль не сышлі цалкам, да вечара грудзі могуць балець мацней, а швы пакуль чырвоныя.

Усё гэта ўплывае на настрой, і часам ёй хочацца плакаць. «Гэта як назапашвальны эфект: калі даходзіш да піка болю, пачынае балець яшчэ мацней. Такое адчуванне, быццам проста бяруць гарачую палку і піхаюць табе пад рэбры. Усё гарыць агнём».

Палёгка прыйшла адразу, спакой — не зусім

Псіхалагічна яна таксама не называе гэты перыяд лёгкім. Часам яе ахоплівае трывога — праз ацёкі грудзі часам здаюцца большымі, чым яна чакала: «Калі прымярала топ замест гарсэта, убачыла, што чашачка чацвёртага памеру. Спалохалася: “Як? Мне ж трэці зрабілі!”». Вікторыя разумее, што канчатковы вынік ацэньваць пакуль рана, але чаканне аказалася эмацыйна няпростым.

Яшчэ яна расказвае, як аднойчы ішла па вуліцы і ўбачыла дзяўчыну з вялікімі грудзямі. Ёй стала не па сабе: «Божа, у мяне ж такія самыя былі!». Вікторыя ўспамінае такі эпізод як адзіны, але ён паказаў унутранае псіхалагічнае напружанне: «Калі ад цябе нешта адразаюць, трэба навучыцца адчуваць сябе без цела, да якога ты прывыкла».

Вялікія грудзі доўгі час былі часткай яе знешнасці, якая прыцягвала ўвагу. Цяпер яна вучыцца глядзець на сябе па-новаму. Смеючыся, Вікторыя кажа, што ўпершыню ўбачыла свой жывот і ногі, калі паглядзела ўніз — раней грудзі закрывалі агляд. Разам з гэтым з’явіліся новыя перажыванні: «Цяпер я хачу схуднець. І тады, магчыма, я буду адчуваць сябе нашмат лепш».

Лекар папярэдзіў, што рэабілітацыя можа заняць ад паўгода да года. Вікторыі яшчэ нельга насіць бюстгальтары, паўнавартасна займацца спортам. Але, нягледзячы ні на што, яна лічыць рашэнне зменшыць грудзі найлепшым у сваім жыцці.

«Ты проста надзяваеш майку, і ў цябе грудзі маленькія! Спачатку для мяне гэта быў шок. Я была вельмі шчаслівая! Вядома, яно таго варта. Я б яшчэ меншыя зрабіла».

Пакуль Вікторыя не абнаўляла гардэроб і яшчэ толькі прывыкае да свайго новага адлюстравання. Прызнаецца, што адчувае, наколькі фізічна ёй стала лягчэй. І кажа: «Вось пройдзе гэты перыяд, і, мне здаецца, я стану нашмат больш упэўненай у сабе. Я буду разумець, што людзі цяпер будуць глядзець не на мае грудзі, а мне ў вочы».

А яшчэ — надзене той самы лёгкі топ, які купіла загадзя.

Калі рабіць аперацыю па змяншэнні грудзей у Гродне — на якую цану арыентавацца?

У Гродне рэдакцыя Hrodna.life знайшла тры ўстановы, дзе прапануюць паслугу па змяншэнні грудзей: дзяржаўныя Бальніца хуткай медыцынскай дапамогі (БХМД) і Гродзенская ўніверсітэцкая клініка, а таксама прыватны Медыцынскі цэнтр прыгажосці і здароўя.

Для грамадзян Беларусі цэны толькі на аперацыю пачынаюцца ад 3000 рублёў у БХМД. Пры памеры E і больш тарыф павялічваецца прыкладна на 1000 рублёў. У Цэнтры прыгажосці і здароўя кошт рэдукцыйнай мамапластыкі пазначаны ад 4300 рублёў, ва Універсітэцкай клініцы — ад 5000 рублёў. Для замежных грамадзян аперацыя каштуе прыкладна на траціну даражэй.

Аднак гэтыя лічбы нельга лічыць канчатковымі. Цэны на сайтах арыенціровачныя, а рэальны кошт залежыць ад аб’ёму і складанасці ўмяшання. Таму не варта выбіраць клініку проста паводле самай нізкай лічбы ў прэйскуранце.

Варта ўдакладніць канчатковы кошт з улікам анестэзіі, аналізаў, знаходжання ў стацыянары, расходных матэрыялаў, кампрэсійнай бялізны, пасляаперацыйных аглядаў, а таксама працы канкрэтнага спецыяліста.

Канчатковае рашэнне трэба прымаць пасля вочнай кансультацыі з кваліфікаваным пластычным хірургам. Важна абмеркаваць магчымыя рызыкі, рубцы, тэрміны аднаўлення, планы на цяжарнасць і грудное кармленне — з улікам сваёй сітуацыі, а не паводле парад з чужога досведу.