У расіяніна, які на Toyota заязджаў у Беларусь, памежнікі канфіскавалі травяную гарбату з каноплямі. Выпадак адбыўся 5 снежня ў пункце пропуску «Прывалка», паведамляе rgazeta.by.
Падчас агляду аўтамабіля 38-гадовага мужчыны службовы сабака зрэагаваў на скрынку, што ляжала ў салоне на заднім сядзенні. У ёй апынулася травяная гарбата «Rеlax» з лісцем канопляў. Яна, па словах начальніка службы інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Гродзенскай памежнай групы Надзеі Масевіч, канфіскавана для правядзення экспертызы. Спецыяліст адзначыла, што за перамяшчэнне наркатычных сродкаў праз дзяржмяжу прадугледжана адказнасць па артыкуле 328−1 КК РБ.
Дарэчы, гэта ўжо не першы аналагічны выпадак за апошні час. 15 лістапада грамадзянін Літвы спрабаваў правезці дзве ўпакоўкі травяной гарбаты «Rеlax» з наркотыкам праз пункт пропуску «Прывалка». Пры гэтым мужчына сцвярджаў, што набыў яе ў звычайнай краме. Такую ж гарбату службовы сабака знайшоў і ў багажніку Audi, на якой 23-гадовы жыхар Гродзенскай вобласці 16 лістапада спрабаваў перасячы беларуска-польскую мяжу ў пункце пропуску «Беняконі».