Архітэктар Аляксандр Невар з дапамогай камп’ютарнай графiкi аднавіў чарговы страчаны храм у Гродне — кляштар дамініканцаў. Ён выбраў від будынка на перыяд другой паловы 18 ст. Праектам рэканструкцыі Аляксандр падзяліўся 12 студзеня на старонцы ў фэйсбуку.

Сёння ад былого кляштара захаваліся карпусы на Савецкай, 6, а касцёл быў знесены ў канцы 19 ст. Яго выгляд для гродзенцаў доўгія гады заставаўся загадкай, але з дапамогай графічнай рэканструкцыі, старых праектаў і чарцяжоў Аляксандр паспрабаваў паказаць страчаны храм.

Праект Дамініканскага кляштара паўстаў дзякуючы дапамозе гродзенскага краязнаўцы Яўгена Аснарэўскага. На harodnia.com можна пачытаць больш пра дамініканскі кляштар.

Аляксандр Невар робіць віртуальную рэканструкцыю страчаных будынкаў па ўсёй Беларусi i нават за яе сучаснымi межамi. У Гродна ён так аднаўляў Фару Вітаўта і кляштар бернардынак на месцы драмтэатра. Па Гродзенскай вобласцi з апошнiх — касцёлы ў Котчыне (ля Дзярэчына) i Новадзявяткавiчах.