Комплекс мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да магчымай аварыі на БелАЭС можа каштаваць да € 1 млрд. З такой ацэнкай выступіў начальнік упраўлення грамадзянскай бяспекі Супрацьпажарнага-выратавальнага дэпартамента пры МУС Літвы Эдгарас Геда, паведамляе ТАСС.

«Паводле некаторых папярэдніх дадзеных, гэта можа каштаваць каля € 600 млн, аднак з улікам шырокага спектру патрэбаў можна выказаць здагадку, што ўвесь каштарыс мог бы скласці да € 1 млрд», — сказаў ён.

Сума будзе ўдакладнена да канца ліпеня бягучага года. Да гэтага часу плануецца падрыхтаваць спецыяльнае даследаванне па гэтаму пытанню. Як сказаў Геда, дэпартамент абвесціць конкурс для прэтэндэнтаў на правядзенне гэтай працы. На праект прадугледжана выдзеліць € 344,6 тыс., з якіх € 327,4 тыс. складуць сродкі Еўрасаюза.

У кастрычніку 2019 года ў Літве былі праведзены вучэнні нацыянальнага маштабу па адпрацоўцы дзеянняў у выпадку аварыі на БелАЭС з імітацыяй эвакуацыі жыхароў з шэрагу раёнаў краіны.