На сайце Гродзенскага цэнтра нерухомасці ў раздзеле «Праектаванне» з’явіўся ўчастак пад забудову, размешчаны у раёне будынкаў 59/2 і 59/3 па вуліцы 17 верасня ў раёне Новы Свет.

Шматкватэрны жылы дом прапануюць узвесці на праве арэнды ўчастка і з умовай адсялення і зносу цяперашніх пабудоў. Плошча участка — 0,243 га, максімальная мяжа вышыні забудовы акрэслена як не больш за 11 м для падлогі верхняга паверха.

Будынкі, прапанаваныя пад знос, з’явіліся там у пачатку ХХ ст., меркавана, у 1920-я гады. Аднапавярховыя неатынкаваныя дамы ўзведзены з характэрнай жоўтай цэглы, складаюць адзіны ансамбль. Карніз аздоблены «сухарыкамі», лучковыя перамычкі вокнаў з замкамі. Гэта прыклады цаглянай эклектыкі. Будынкі знаходзяцца ў ахоўнай зоне гістарычнага цэнтра Гродна.

Гродзенскі Новы Свет працягнуць зносіць? На аўкцыён выстаўлены будынкі па 17 верасня

Чытайце таксама: Закон пра зону: ці дапаможа новы дакумент уратаваць Гродна ад разбурэння

Будынкі знаходзяцца на былой вуліцы Фабрычнай. Гэта дамы для працоўных казённага віннага склада (фабрыкі гарэлкі) які ў пачатку ХХ ст. размяшчаўся на рагу вуліц 17 верасня і Ціміразева, дзе цяпер стаянка. Праз гэта вуліца паміж «Еўраоптам» і гэтымі дамамі раней называлася Манапалёвая (дзяржава мела манаполію на рэалізацыю алкаголю). Пасля апошняй вайны туды перанеслі цэх па зборцы ровараў.

У 1946 годзе па адрасе 17 верасня, 59 працавала мэблева-механічная фабрыка, якая вырабляла таксама балалайкі і гітары. Будынак самой фабрыкі не захаваўся.

Чытайце таксама: Дзесяць страчаных аб’ектаў, якія маглі б стаць «фішкай» турыстычнага Гродна