Старшыня «Белай Русі» Генадзь Давыдзька прыязджаў у Гродна 27 лютага на сустрэчу з калектывам ААТ «Молочный мир». Там ён распавёў, як варта змяніць заканадаўства ў сферы СМІ.

— Неабходна мяняць заканадаўства, каб кожная крыніца інфармацыі называлася адпаведна. Напрыклад: «замежны інфармацыйны агент». Каб людзі разумелі: дадзеныя СМІ спансуюцца замежнымі крыніцамі. Аўтарытэт СМІ заваёўваць не фэйкамі. Фэйкавымі навінамі заваёўваюцца бюджэты, роўна як страхам, сенсацыяй і гэтак далей. У нашай краіне дзяржаўныя СМІ, адказныя і прафесійныя, аўтарытэт зарабляюць на аператыўнасці, сумленнасці і дакладнасці, — прыводзіць словы Генадзя Давыдзькі «Гродзенская праўда».

Варта адзначыць, што ў дзяржаўных беларускіх тэлеканалаў доля расійскага кантэнту, у залежнасці ад канкрэтнага канала і дня тыдня, складае ад 38% да 91%. Але Давыдзька не называе іх замежнымі агентамі.

Давыдзька з "Белай Русі" распавёў у Гродне пра "замежных інфармацыйных агентаў"
Вынікі маніторынгу БАЖ аб прарасійскай прапагандзе на беларускім тэлебачанні. Фота: БАЖ

Давыдзька з "Белай Русі" распавёў у Гродне пра "замежных інфармацыйных агентаў"
Вынікі маніторынгу БАЖ аб прарасійскай прапагандзе на беларускім тэлебачанні. Фота: БАЖ

Супрацьстаяць укідам і фэйкам

Давыдзька, кажучы аб СМІ, выкарыстоўвае словазлучэнні «чыстыя» і «заражаныя» крыніцы інфармацыі. Ён лічыць, што інфармацыйная граматнасць павінна быць развіта нароўні з палітычнай — веданнем Канстытуцыі і разуменнем механізмаў працы ўлады.

— У сучасным свеце інфармацыйная дасведчанасць і ўменне супрацьстаяць фэйкам — важны навык спажыўца інфармацыі, — падкрэсліў Генадзь Давыдзька. — Мы вельмі мала гаворым пра тое, як трэба супрацьстаяць укідам шкоднаснай, фальшывай інфармацыі, мэтай якой з’яўляецца змяненне свядомасці і паводзін чалавека. Часам падобная інфармацыя можа папросту сапсаваць чалавеку жыццё.

Аб друкаваных СМІ, медыцыне і дэмаграфіі

Давыдзька расказаў, што друкаваныя СМІ ніколі не страцяць актуальнасці. «Газета — гэта дакумент, у адрозненні ад скрыншотаў інтэрнэт-старонак. Газета — гэта адказнасць: рэдактара, журналіста і гэтак далей».

Таксама Давыдзька адказаў на пытанне пра тое, якой павінна быць медыцына — платнай ці бясплатнай. Ён заявіў, што для дзяцей да пэўнага ўзросту і пенсіянераў медыцынскае абслугоўванне павінна быць бясплатным. Для сярэдняга пакалення меддапамога павінна быць платнай або страхавой, магчымая змяшаная сістэма. Таксама ў «Молочном мире» пагаварылі аб дэмаграфічных праблемах. Каэфіцыент нараджальнасці ў нашай краіне — 1,8. На думку Давыдзькі, яго трэба тэрмінова павышаць.

Даведка

Генадзь Браніслававіч Давыдзька — старшыня РГА «Белая Русь». Нарадзіўся 29 верасня 1955 у сяле Папоўка Сенненскага раёна. Скончыў Далёкаўсходні педагагічны інстытут мастацтваў (1977), Беларускую акадэмію мастацтваў (1991).

Працаваў у Арэнбургскім абласным драматычным тэатры імя Горкага, Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча, Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. У 1997−2004 — дырэктар Купалаўскага тэатра, у 2004−2012 — дэпутат Палаты прадстаўнікоў. З 2010 па люты 2018 — старшыня Белтэлерадыёкампаніі. 19 студзеня 2018 года абраны старшынёй РГА «Белая Русь».