31 сакавіка 15 жанчын, сваячак асуджаных па 328 антынаркатычным артыкуле, выйшлі да Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС, каб перадаць калектыўны зварот кіраўніцтву міліцэйскай установы. Зварот тычыцца сытуацыі з каранавірусам і сьмерці ў аршанскай калёніі вязьня Дзьмітрыя Сёмчыка, якога 25 сакавіка знайшлі ў пятлі, піша С**бода.

Міліцыянты ў цывільным, якія несьлі дзяжурства вакол установы, не перашкаджалі актывісткам руху «Маці 328» сабрацца, падпісаць зварот і перадаць яго кіраўніцтву дэпартамэнту. Пасьля гэтага актывістак прыняў першы намесьнік начальніка ДВП Іван Мысьліцкі.

«Адпусьціце ўсіх, хто сядзіць не па гвалтоўных артыкулах»

Тацяна Славіна з Воршы назвала тры пункты, якія яна адстойвае ў першую чаргу.

«Каб на час каранавірусу спынілі этапаваньні з адной вязьніцы ў другую, бо нармальныя санітарныя ўмовы пры перавозцы вязьняў забясьпечыць немагчыма.

Таксама мы патрабуем на час эпідэміі спыніць пакараньні карцэрам, бо насамрэч гэта пакараньне холадам, які можа справакаваць прастуду, а далей лёгка падчапіць і каранавірус.

Але галоўнае — каб на час эпідэміі адпусьцілі нашых дзяцей па дамах. На якіх заўгодна ўмовах: пад падпіску, на парукі ці з бранзалетамі. Але каб хоць часова вызвалілі, бо пры цяперашняй скучанасьці ў калёніях пападаньне туды каранавірусу будзе катастрофай для ўсіх, і вязьняў, і ахоўнікаў", — мяркуе жанчына.

Тацяна спаслалася на тое, што ў некаторых краінах сьвету, у прыватнасьці ў Іране, улады ўжо пайшлі на часовае вызваленьне вязьняў, каб тыя не пахварэлі масава на каранавірус.

«На час эпідэміі аддайце нам дзяцей на парукі». «Маці 328» зьвярнуліся ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў

У сваім звароце актывісткі руху «Маці 328» прапануюць адміністрацыям калёній паскорыць працэс умоўна-датэрміновага вызваленьня вязьняў. Часам гэты працэс штучна замаруджваецца, мяркуюць маці. Яны прапануюць перагледзець справы тых вязьняў, каму сёлета было адмоўлена ў вызваленьні датэрмінова. Паводле актывістак, ёсьць шмат прыкладаў, калі адміністрацыі папраўчых устаноў за нязначныя парушэньні адмаўляліся накіроўваць справы такіх вязьняў у суд.

Актывісткі Тацяна Славіна, Юлія Астраўко, Алена Кузьміна, Ала Вярцінская ды іншыя прапануюць пашырыць сьпіс вязьняў, якіх можна на час эпідэміі каранавірусу адправіць адбываць пакараньне дамоў.

«Чаму толькі вязьняў-328 адпускаць дамоў? Мы прапануем адпусьціць пад падпіску ўсіх, хто адбывае пакараньне па артыкулах, не зьвязаных з гвалтам. Гэта дазволіць разгрузіць вязьніцы і стварыць лепшыя ўмовы для тых вязьняў, хто застанецца. Мой брат толькі выйшаў з турмы ў Глыбокім. Там неверагодная скучанасьць, каб перасоўвацца па камэры, трэба хадзіць бокам. Як тут уратуесься ад вірусу?» — кажа Ала Вярцінская.

Адмысловыя памяшканьні-карантыны

Аўтары звароту прапануюць і захады, каб палепшыць мэдычную дапамогу ў вязьніцах. Яны выступаюць за тое, каб у кожным сьледчым ізалятары і калёніі былі арганізаваныя адмысловыя памяшканьні-карантыны для штодзённага агляду вязьняў лекарамі, замеру тэмпэратуры і тэставаньня каранавірусу. Таксама актывісткі «Маці 328» лічаць неабходным распрацаваць і зьдзейсьніць захады, накіраваныя на абарону ад каранавірусу міліцыянтаў і лекараў, якія працуюць у папраўчых установах.

«На час эпідэміі аддайце нам дзяцей на парукі». «Маці 328» зьвярнуліся ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў

Забарона на спатканьні і дадатковая «вітамінная» пасылка

Паводле 1-га намесьніка начальніка ДВП МУС Івана Мысьліцкага, у вязьніцах краіны няма хворых на каранавірус. Сярод захадаў супраць пранікненьня інфэкцыі ў вязьніцы Іван Мысьліцкі назваў тое, што на пачатку сакавіка ў вязьніцах часова забаранілі спатканьні асуджаных са сваякамі.

«Гэта тычыцца як кароткачасовых, гэтак і доўгатэрміновых спатканьняў», — сказаў палкоўнік Іван Мысьліцкі.

Яшчэ адным захадам у сувязі з каранавірусам, паводле міліцыянта, стаў дазвол вязьням на дадатковую 10-кіляграмовую прадуктовую пасылку.

«Дазволілі дадаткова адпраўляць пэўную гародніну, садавіну, вітаміны. Можна прысылаць як па пошце, гэтак і самім прывозіць. Прымаюць», — пацьвердзілі актывісткі.

Паводле актывістак «Маці-328», ім паабяцалі, што ўсе іхнія прапановы па паляпшэньні сытуацыі ў вязьніцах будуць вывучаныя, а іх праінфармуюць аб прынятых рашэньнях.

Асобнае месца ў патрабаваньнях актывістак на адрас ДВП МУС займае гісторыя вязьня Дзьмітрыя Сёмчыка. Паводле адміністрацыі аршанскай калёніі № 8, Сёмчыка 25 сакавіка знайшлі павешаным на тэрыторыі калёніі. Як кажуць сваякі вязьня, на ягоным целе ёсьць гематомы і пашкоджаньні, якія даюць падставу падазраваць гвалтоўную сьмерць. Іншыя жанчыны непакояцца за сваякоў, якія ў вязьніцах могуць стаць ахвярамі гвалту.
Фота нежывога вязьня Дзьмітрыя Сёмчыка, з якім актывісткі хадзілі ў ДВП МУС
Фота нежывога вязьня Дзьмітрыя Сёмчыка, з якім актывісткі хадзілі ў ДВП МУС

«Сьледчы камітэт вядзе праверку гэтага выпадку, па выніках праверкі будзе прынятае рашэньне адносна заведзеньня крымінальнай справы», — паведамілі актывісткам «Маці 328» у Дэпартаменце выкананьня пакараньняў.