16 верасня 2020 года пракурор Смаргонскага раёна Андрэй Клышэвіч абвесціў Іллю Петунову папярэджанне за нібыта неналежнае выхаванне свайго непаўнагадовага сына, які быў з ім на «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».
Пракурор лічыць, што наведванне несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў як быццам бы ставіць пад пагрозу жыццё дзіцяці, піша harodniaspring.org.

Па звестках, якія мае пракурор, на такіх мерапрыемствах «брыдкасловяць і агучваюць лозунгі», што ставіць пад пагрозу бяспеку дзіцяці.

Ілля Петуноў абскардзіў папярэджанне ў абласную пракуратуру. Намеснік пракурора вобласці Андрэй Скурат скаргу не задаволіў. Пры гэтым ў адказе ўвогуле не стаў аспрэчваць ці пацвярджаць брыдкаслоўе на масавых мерапрыемствах, ці прыводзіць прыклады шкодных для здароўя дзіцяці лозунгаў. Ілля Петуноў ў сваёй скарзе спасылаўся на частку 3 артыкулу 67 Кодэкса аб шлюбе і сям'і, у якой прыводзяцца крытэры знаходжання дзіцяці ў сацыяльна небяспечным становішчы (там прыведзеных Клышэвічам крытэраў няма). А намеснік пракурора вобласці ў адказе спаслаўся на ч.1 гэтага ж артыкула, дзе прыводзяцца агульныя патрабаванні да выхавання.

Таму Ілля Петуноў звярнуўся ў суд са скаргай на неправамерныя дзеянні пракурора раёна Андрэя Клышэвіча.